Темы

Якім вы ведаеце наш горад?

Якім вы ведаеце наш горад?

Напрыканцы 1930-х за тры дзясяткі кіламетраў ад Мінска праходзіла мяжа з Польшчай. Такое тэрытарыяльнае размяшчэнне сталіцы БССР было немэтазгодным у ваенна-стратэгічным плане. Тады шанец стаць галоўным горадам Беларусі атрымаў Магілёў. Вірлівая плынь гісторыі хутка зрабіла рэальную перспектыву легендай з бясконцымі «а што, калі б…». Аднак і сёння абласны цэнтр памятае часы, калі да высокага звання заставаўся адзін крок. У новым выпуску праекта «Рэтраспектыва» мы распавядзем, якія архітэктурныя аб’екты нагадваюць магіляўчанам пра падзеі амаль дзевяностагадовай даўніны.

А што, калі б… Як Магілёў ледзь не стаў сталіцаю
Перадгісторыя

Новы 1938 год прынес Магілёву шэраг цікавых і вырашальных для лёса горада падзей. Пятага студзеня ў адпаведнасці з пастанаўленнем I сесіі Вярхоўнага Савета СССР у Беларусі ўводзілася адміністратыўнае дзяленне. Як вынік — шляхам узбуйнення ўтварылася Магілёўская вобласць. Узнікненне новых тэрытарыяльных адзінак павінна было садзейнічаць эканамічнаму будаўніцтву рэгіёна.

Ужо тады ўзнікла пытанне з размяшчэннем абавязковых для абласнога цэнтра ўстаноў. Для гэтага ў горадзе на Дняпры не хапала будынкаў, таму тэрмінова праводзіліся рэарганізацыя і перамяшчэнне.
Маштабныя змены мелі і больш глыбокі сэнс, былі работай на перспектыву. Кіраўніцтва рэспублікі і СССР сур’ёзна клапаціліся пра сталіцу БССР Мінск, які на той момант знаходзіўся зусім недалёка ад мяжы з Польшчай. А яшчэ, па меркаванні прадстаўнікоў улады БССР, Мінск меў слабыя чыгуначныя і шасэйныя сувязі з цэнтрамі СССР і рэгіёнамі рэспублікі. Магілёў жа, наадварот, лічылі горадам з шырокімі перспектывамі для развіцця.

Новы горад
Ужо праз тры тыдні,19 красавіка 1938 года, СНК СССР і ЦК ВКПБ прынялі пастанову № 508 «Аб гарадскім будаўніцтве ў горадзе Магілёве ў сувязі з пераводам сталіцы Беларускай ССР». На той час абласны цэнтр не адпавядаў сталічным стандартам па шматлікіх крытэрыях.

Напрыклад, на пачатку жніўня ў газеце «Праўда» выйшаў крытычны матэрыял з такімі радкамі: «Вечером, когда зажигаются огни магазинов, улицы города Могилева становятся особенно оживленными. Здесь бесцельно взад-вперед двигается огромная толпа. Происходит это потому, что в Могилеве очень мало зрелищных предприятий. Маленький сад при Доме пионеров, кинотеатр и городской зимний театр — вот и все, чем располагает областной центр… В Могилеве нет ни одной эстрадной площадки. На дверях театра висит замок… цирк превращен в какой-то склад».

Распрацаваны пералік неабходнай для функцыянавання новай сталіцы інфраструктуры займаў 12 старонак. У ім у тым ліку былі ўрадавыя пабудовы, жылыя дамы, гаспадарчыя і культурныя ўстановы, вадаправод, каналізацыя, энергетыка, школы і дзіцячыя садкі, бальніцы, мост праз Днепр, паштамт, тэатр і кінатэатр, фабрыка-кухня, лазні, а таксама стадыён і раддом.

Для патрэб адміністрацыйнага і камунальнага будаўніцтва вылучаліся велізарныя па тым часе сродкі. Толькі ў 1938 годзе — амаль 21 млн рублёў. Тэрміны на будаўніцтва адводзіліся самыя кароткія: большасць аб’ектаў планавалася ўвесці ў эксплуатацыю праз два гады.

У першую чаргу кіраўніцтва рэспублікі скіравала ўвагу на фарміраванне комплексу архітэктурных аб’ектаў адміністрацыйнага, культурнага і медыцынскага прызначэння. Неадкладна запусцілася будаўніцтва гасцініцы «Днепр» на 120 нумароў, гаража для ўрадавых устаноў з майстэрнямі для рамонту, гарадской бібліятэкі, кінатэатра «Радзіма» на 700 месцаў, дзвюх школ на 1280 месцаў і дзіцячага садка на 125, лазні на 100 чалавек, паліклінікі і раддома. Таксама да канца 1938-га планавалі ўвесці больш за 15 тыс. кв. м. жылой плошчы.

На Базарнай плошчы (такую назву раней насіла плошча Леніна) ў 1938-1940 гадах ствараецца адзін з першых архітэктурных ансамбляў савецкай архітэктуры даваеннага часу, які ўключае Дом Саветаў, адміністрацыйны будынак і жылы дом.

Дом Саветаў
Галоўнай новабудовай стаў Дом урада. 14 кастрычніка 1938 года СНК БССР прызначыў аўтара праекта, архітэктара Іосіфа Лангбарда кансультантам па праектаванню і ўзвядзенню гэтага аб’екта, а 22 кастрычніка зацвердзіў праектны кошт памерам амаль у 11 млн рублёў. Варта адзначыць, што тады аўтар праекта ўжо меў усесаюзнаю знакамітасць, якую яму ў тым ліку прынеслі Дом урада, Тэатр оперы і балета і Дом Чырвонай арміі ў Мінску.

З-за сціслых тэрмінаў на праектаванне і будаўніцтва І. Лангбард адаптаваў для Магілёва свой жа праект Дома ўрада ў Мінску, пры гэтым істотна яго зменьшыў. Аднак тут яму не ўдалося дасягнуць гарманічнага адзінства мастацкага вобраза. Аўтар быў прыхільнікам вертыкальных архітэктурных рашэнняў. Ён лічыў, што гарызантальная форма ўяўляецца як палажэнне для сну, што прыгнятае, а вертыкальнае палажэнне, наадварот, дэманструе бадзёрасць і моц. Вертыкальныя пабудовы імкнуцца ўверх, да сонца і неба — сімвалаў жыцця.

Па праекце будынак мае пірамідальны выгляд, складанае планіровачнае і архітэктурнае вырашэнне. Ён створаны ў вобразе разгорнутага сцяга, а яго кампазіцыя разгортваецца па выцягнутым эліпсе. Па першапачатковай задуме дах будынка быў двухсхільны, аднак у пасляваенны час яго замянілі на пляскаты.

Унутраная планіроўка вызначаецца спрошчанасцю. У аснове планіровачнай структуры кожнага корпуса — калідорная сістэма. Галоўны ўваход размешчаны ў цэнтры будынка: тут знаходзіцца цэнтральны вестыбюль, сістэма лесвіц з ліфтамі. У кожным корпусе свой асобны ўваход.
Нягледзячы на жорсткія патрабаванні, тэрміны будаўніцтва не выконваліся. Згодна з Пастановай бюро ЦК КП(б)Б ад 22 красавіка 1939 года «Аб пераводзе сталіцы Беларусі з г. Мінска ў г. Магілёў» увесціся ў эксплуатацыю Дом урада павінен быў да 1 снежня 1939 года.

Аднак ужо восенню Заходняя Беларусь, якая была ў складзе Польшчы, уз’ядналася з БССР, Мінск апынуўся ў цэнтры краіны, а значыць, патрэба ў пераносе сталіцы знікла. Вірлівая дзейнасць па стварэнні новага цэнтра палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця сціхла, а Магілёў у новы гістарычны перыяд пакрочыў у статусе абласнога горада. Улічваючы новыя абставіны, пры будаўніцтве прыйшлося адмовіцца ад узвядзення залы паседжанняў, якая павінна была далучацца да тыльнага фасада.

У ліпені 1941 года, на пачатак намецкай акупацыі, у будынку Дома ўрада ўсё яшчэ не былі завершаны аддзелачныя работы. Падчас нямецкай акупацыі ён выкарыстоўваўся пад розная ўстановы фашысцкай адміністрацыі.

Пасля вызвалення Магілёва ў 1944 годзе на работах па разборы завалаў і адбудове горада жыхары Магілёва павінны былі адпрацаваць не менш за 15 гадзін, выдавалася «Асабістая кніжка удзельніка адбудовы Магілёва».

Канчатковы выгляд архітэктурны аб’ект набыў у канцы 1990-х, калі замест нерэалізаванай часткі праекта І. Лангбарда была зроблена сяміпавярховая прыбудова (аўтары — архітэктары К. Аляксееў, Э. Юшка) з памяшканнямі для розных арганізацый, залай паседжанняў аблвыканкама і пунктам грамадскага харчавання.

Сёння ў будынку размяшчаецца Магілёўскі аблвыканкам. Помнік архітэктуры канструктывізма з‘яўляецца дамінантай архітэктурнага ансамбля плошчы Леніна, а таксама сэнсавым і геаграфічным цэнтрам Магілёва: менавіта тут усталяваны знак «Нулявы кіламетр».

Гораду на Дняпры не было наканавана стаць сталіцай рэспублікі. І, хто ведае, якія б падзеі дадала ў летапіс жыцця горада гісторыя, калі б… Аднак адно мы кажам з абсалютнай упэўненасцю: у сэрцы кожнага магіляўчаніна яго горад дакладна займае цэнтральнае месца.
Падрыхтавала Алёна Кухарава

Последние новости

Общество

Курсанты и спасатели продолжают ликвидировать последствия стихии в Могилеве

23 июля 2025
Читать новость
Общество

Наведение порядка — дело каждого!

23 июля 2025
Читать новость
Градостроители

В январе-июне 2025 г. организациями в Могилевской области построено 2 069 новых квартир

23 июля 2025
Читать новость
Новости компаний

Остановочный пункт троллейбусов «Площадь Орджоникидзе» вернулся на штатное место

23 июля 2025
Читать новость
Общество

Беларусь планирует перейти на полную цифровизацию учета водных объектов

23 июля 2025
Читать новость
Общество

В Могилеве продолжают устранять последствия прохождения грозового фронта

23 июля 2025
Читать новость