Якім вы ведаеце наш горад?

А вы ведаеце, што ў Магілёве знаходзіцца найстарэйшая медыцынская ўстанова на тэрыторыі Беларусі і адна з самых старых бальніц былой Расійскай імперыі? Яе гісторыя вымяраецца 213 гадамі. У іх — спробы, памылкі і поспехі, барацьба з інфекцыямі і эпідэміямі, фарміраванне адладжанай сістэмы аховы здароўя, унікальныя аперацыі і мільёны выратаваных жыццяў. У новым выпуску праекта «Рэтраспектыва» мы расскажам пра гістарычны шлях Магілёўскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

Імідж, сфарміраваны стагоддзямі
Гэтую медыцынскую ўстанову ў Магілёве ведае кожны, а шмат хто з карэнных магіляўчан тут упершыню ўбачыў свет. Ды і для жыхароў вобласці яна таксама не чужая. За гады існавання бальніца хуткай медыцынскай дапамогі шмат разоў змяняла назву і статус: пачала сваё існаванне Губернскай, далей з гонарам насіла назву 1-й Савецкай, не адно дзесяцігоддзе была Абласной і, у рэшце рэшт, на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя займела амаль сучасную назву. Зусім нядаўна бальніца выйшла на новы ўзровень і атрымала статус клінічнай. А пачалося ўсё так.
Вытокі сістэмы аховы здароўя
У 1802 годзе, калі ў Расійскай імперыі было створана Міністэрства ўнутраных спраў, у яго кампетэнцыі ўвайшла і арганізацыя трывалай сістэмы аховы здароўя.
Міністэрства ўзначаліў Віктар Качубей — чалавек, блізкі да імператара Аляксандра І, а яшчэ адукаваны і прагрэсіўны. Ён жа і вырашыў стварыць шэраг дзяржаўных медыцынскіх устаноў, якія б кантраляваліся міністэрствам. Бо аптэкі, шпіталі і прытулкі для салдат-калек, што існавалі раней, фінансаваліся за кошт мецэнатаў.
У тыя часы імперыю перыядычна ахоплівалі эпідэміі інфекцыйных захворванняў. А для таго каб з імі спраўляцца, трэба было павялічваць колькасць урачоў і ствараць бальніцы. У першую чаргу рабіць гэта вырашылі ў губернскіх гарадах, дзе ўжо існавалі прыказы грамадскага апекавання, якія ажыццяўлялі нагляд за сацыяльнымі ўстановамі.
Адной з першых новым міністэрствам па загадзе імператара была заснавана бальніца на 40 ложкаў у Магілёве.
Каб па-сапраўднаму ацаніць гістарычнае мінулае медыцынскай установы, трэба ведаць адзін факт. Усяго аднойчы больш чым за два стагоддзі існавання бальніца спыняла сваю дзейнасць: у час нашэсця на беларускія землі арміі Напалеона.
Прагрэс ва ўсім
Першыя карпусы бальніцы былі драўлянымі. У 1846 годзе стацыянар мог прымаць да 70 пацыентаў, яшчэ праз 13 год колькасць ложкаў ва ўстанове павялічылася да 159. У той час у штат уваходзіла 4 урачы, такая ж колькасць фельчараў і сясцёр міласэрнасці, а таксама 2 акушэркі і яшчэ 52 чалавекі персаналу. Для таго каб павялічыць магчымасці бальніцы і пашырыць даступнасць медыцынскіх паслуг, неабходна было пашыраць плошчу і узводзіць новыя карпусы.
Па сведках, складаць праекты двух новых каменных будынкаў пачалі яшчэ ў 40-х гадах XIX стагоддзя. Узгадняў праекты тагачасны імператар Мікалай І. Але ж новыя двухпавярховыя цагляныя карпусы пачалі работу толькі ў 1864 годзе. Будынкі размяшчаліся на Паштовай вуліцы (сёння вуліца Боткіна). І ў наш час будынкі, у якіх размяшчаюцца хірургічны і ўралагічны карпусы, з’яўляюцца неад’емнай часткай архітэктурнай непаўторнасці вуліцы.
Аднак выглядаюць пабудовы ўсё ж не зусім так, як у XIX стагоддзі. У 1934 годзе над хірургічным і ў 1958 годзе над у той час акушэрска-гінекалагічным карпусамі з’явіліся трэція паверхі.
Насельніцтва горада і губерні паступова павялічвалася, агульны ўзровень медыцыны ва ўсёй імперыі ўзрастаў. Гэтыя акалічнасці не маглі не адбівацца і на функцыянаванні Губернскай бальніцы ў Магілёве.
Напрыклад, на пачатку 80-х гадоў XIX стагоддзя доктар медыцыны Л. Маліноўскі пачаў рабіць новыя для медыцынскай практыкі масавыя аперацыі. І дапамагала яму дасягаць поспеху адно цікавае і нестандартнае новаўвядзенне. У хірургічным аддзяленні была створана аперацыйная з асфальтаванай падлогай і вадаправодам. Гэта дапамагло забяспечыць выкананне павышаных патрабаванняў санітарнага рэжыму для таго тыпу медыцынскіх памяшканняў і знізіць колькасць гнойна-запаленчых ускладненняў у пацыентаў. У такой аперацыйнай урачы змаглі рабіць паласныя аперацыі на органах брушной поласці, рэзекцыі, ампутацыі, трэпанацыі, а таксама перасадкі скуры.
Нягледзячы на пашырэнне даступнасці медыцынскай дапамогі, у губерніі працягвалі з’яўляцца ачагі ўспышак інфекцый. У 1872, напрыклад, у Магілёўскай губерніі ўспыхнула халера, і ў ліквідацыі эпідэміі вялікую ролю адыграў персанал бальніцы. І такія выклікі перад медыкамі паўставалі нярэдка.
Таму было вырашана арганізаваць спецыяльныя аддзяленні і павялічыць ложкавы фонд.
Для таго каб ізаляваць хворых на інфекцыі пацыентаў, у 1912 годзе быў узведзены аднапавярховы будынак інфекцыйнага аддзялення. Гэты будынак таксама рэканструяваўся і з розным функцыяналам працягваў сваё існаванне да 2022 года. Цяпер на гэтым месцы ўзведзены новы высокатэхналагічны васьміпавярховы корпус экстранай хірургіі для пацыентаў з кардыяцэрэбраваскулярнай паталогіяй.
Канешне, і сёння ў шматлікіх магіляўчан Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі выклікае светлыя асацыяцыі. Менавіта тут з 1864 года на свет з’явілася не адно пакаленне новых жыхароў горада. У другой палове пазамінулага стагоддзя па распараджэнні магілёўскага губернатара А. Бяклемішава 25 ложкаў у медыцынскай установе было вылучана для арганізацыі радзільнага аддзялення. У ім, як мы пісалі раней, праходзілі практыку навучэнкі школы павівальных бабак. Новае аддзяленне было забяспечана неабходнымі інструментамі і апаратамі. Але будынак, у якім радзільны інстытут размяшчаўся, знаходзіўся побач з домам для псіхічна хворых. Такое суседства было непажаданым для парадзіх. Пра што начальству з просьбай размежаваць аддзяленні дакладваў галоўны ўрач радзільнага інстытуту.
Цікавы і той факт, што ў 1914 годзе бальніца мела намер набыць рэнтгенкабінет фірмы «Сіменс» — перадавы на той час апарат. Аднак з пачаткам Першай сусветнай вайны гандлёвыя адносіны з Германіяй перарваліся і ажыццявіць задуму тады не ўдалося.
Прынцыпы функцыянавання
Сёння ўсе дзяржаўныя медыцынскія ўстановы ў Беларусі працуюць па адных правілах. Аб’ём бясплатнай медыцынскай дапамогі для грамадзян нашай краіны сапраўды варты павагі. А прафесія ўрача ў наш час надзвычай запатрабаваная сярод моладзі і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у грамадстве. І калі апошні пункт сфарміраваўся гістарычна, то вось даступным лячэнне для простага чалавека было не заўсёды.
Да нашых дзён дайшлі сведкі пра тое, колькі сродкаў накіроўвалася з губернскай казны на фінансаванне бальніцы напрыканцы XIX стагоддзя. Так, у 1880 годзе ўтрыманне аднаго койка-месца абыходзілася ў 200 рублёў — па тых часах нямалыя грошы. Але лячэнне аплачвалі пераважна самі хворыя.
У першыя дзесяцігоддзі існавання бальніцы месяц знаходжання ў стацыянары абыходзіўся пацыенту ў 6 рублёў 45 капеек, пазней сумма павялічылася да 9 рублёў. Бясплатна медыцынскую дапамогу атрымлівалі дваране і канцылярскія чыноўнікі, у якіх было не больш за 300 рублёў гадавога заробку.
Лячэнне мяшчан і сялян, якія не малі неабходных сродкаў, маглі аплаціць гарамадскія аб’яднанні, але такія выпадкі былі рэдкімі. Работу медыцынскага персаналу аплачвала гарадская казна.
Гісторыя і сучаснасць
За гады існавання Магілёўская гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі прайшла шлях ад некалькіх аддзяленняў на чатыры дзясяткі ложкаў у драўляных будынках да перадавой, высокатэхналагічнай медыцынскай установы, дзе штогод аказваецца дапамога тысячам пацыентаў па розных накірунках, праводзяцца найскладанейшыя аперацыі.
Сёння пра вялікае гістарычнае мінулае найстарэйшай бальніцы Беларусі нагадваюць будынкі карпусоў, якія маўкліва захоўваюць памяць пра магілёўскіх медыкаў з мінулых стагоддзяў і пра тое, якімі пакручастымі пуцявінамі ішла медыцына да сённяшніх поспехаў.
Алёна Кухарава