Темы

Цэгла за цэглай да вялікай мэты

Цэгла за цэглай да вялікай мэты

Магіляўчаніну Уладзіславу Харкову ўсяго дваццаць. Аднак у яго ў руках ужо ёсць надзейная справа, смелая мэта і ўпэўненасць у тым, што жаданая вяршыня абавязкова яму скарыцца. Малады чалавек – муляр трэцяга разрада Магілёўскага домабудаўнічага камбіната.

За год працы па размеркаванні ён прыклаў шмат намаганняў і руплівасці да таго, каб архітэктурны ландшафт абласной сталіцы дапоўнілі камфортныя і ўтульныя жылыя дамы. Пра працоўныя будні, жыццёвую філасофію і планы хлопец распавёў «Весніку Магілёва».

Кім быць?
Такім пытаннем наш герой задаўся рана. І ўжо ў дзявятым класе прыняў няпростае рашэнне, пра якое, як прызнаецца цяпер, ніколькі не шкадаваў. Старажытная прафесія будаўніка праз стагоддзі не губляе актуальнасці, бо ствараць новае – адзін з асноўных прынцыпаў развіцця цывілізацыі. Такая думка і рацыянальны падыход натхнілі нашага героя на выбар справы жыцця.
Уладзіслаў нядрэнна вучыўся ў школе і хацеў стаць ваенным, аднак у дзявятым класе вырашыў усё ж не адкладваць засвойванне прафесіі яшчэ на два гады і паступіў у Магілёўскі архітэктурна-будаўнічы каледж.

– З выбарам вызначыўся спантанна. Думаў паступаць у Ваенную акадэмію, аднак зразумеў, што наўрад ці змагу прайсці конкурс. Разам з роднымі ацанілі ўсе плюсы прафесіі будаўніка: яна добра аплачваецца, да таго ж штучны інтэлект чалавечую працу ў гэтай сферы не заменіць. Паўплывала і тое, што сярод маіх сваякоў ёсць і штукатуры, і цесляры. І ўсе яны добра ўладкаваныя ў жыцці, – распавядае хлопец.

Падчас навучання ў каледжы наш герой разам з аднагрупнікамі вывучаў тэорыю прамысловага грамадзянскага будаўніцтва, рабіў чарцяжы, унікаў у нюансы таго, як з розных матэрыялаў пры ўдзеле чалавека вырастаюць жылыя дамы, школы, паліклінікі. А на практыцы моладзь засвойвала рабочыя спецыяльнасці: па заканчэнні навучання хлопцы атрымалі кваліфікацыю муляроў, цесляроў і плітачнікаў, а дзяўчаты сталі малярамі-штукатурамі.

Першы досвед – удалы
Яшчэ на практыцы Уладзіслаў пазнаёміўся з Магілёўскім домабудаўнічым камбінатам, які ў далейшым стаў для яго і першым працоўным месцам, і месцам, дзе хочацца развівацца і расці.
– Я пачынаў працаваць на будоўлі дамоў мікрараёна Саломінка-2. Тады там было чыстае поле, а зараз і заблукаць можна!

– Першыя крокі ў любой справе рабіць няпроста, але я адразу вырашыў, што ціхенька сядзець у баку не буду. Трэба паказаць сябе і свае здольнасці, атрымаць павагу калег, бо ў калектыве – сапраўдныя прафесіяналы, і лайдаку ў ім прыйшлося б цяжка. Спачатку выконваў падсобную працу, праз пэўны час стаў у пару з вопытным муляром і пачаў назіраць, дапамагаць і удасканальваць свае навыкі.

У брыгадзе, дзе працуе Уладзіслаў, 18 муляроў. І кожны з іх – звышзапатрабаваны спецыяліст. Нават час для інтэрв’ю давялося літаральна выкройваць. Як адзначае хлопец, калектыў дружны. Усе разумеюць, што робяць адну справу, якая ў рэшце рэшт служыць на карысць людзям.
Праца ў будаўнікоў няпростая. Пыл, холад, спёка – але ж працэс не спыняецца. Тым больш што прывабныя істотныя плюсы з году ў год пашыраюць колькасць працаўнікоў Магілёўскага домабудаўнічага камбінату.

– Моладзі ў нас шмат, як і людзей, што ўжо шмат год працуюць на адным месцы. Мяркую, таму, што аб’ектаў у ДБК у горадзе многа, работы заўсёды хапае. Адсюль стабільны добры заробак. Канешне, прыцягваюць і дружныя, крэатыўныя калегі, – распавядае Уладзіслаў.

Штогод калектыў ДБК прымае папаўненне: у шэрагі працаўнікоў уліваюцца маладыя спецыялісты, засвойваць азы прафесіі прыходзяць практыканты. Да моладзі тут ставяцца ўважліва.
– За год працы я неаднаразова бываў у адміністрацыйным будынку камбіната на розных мерапрыемствах. Прысутнічаў і на сустрэчы з мэрам горада. Разам з іншымі маладымі спецыялістамі наведалі прадпрыемства «Магілёўліфтмаш», гутарылі, задавалі пытанні, – узгадвае хлопец.

Па прыступках прафесійнай лесвіцы
Пра магчымасць павысіць кваліфікацыю і атрымаць вышэйшую адукацыю малады муляр даведаўся ў каледжы. Аднак тады не надаў гэтай інфармацыі асаблівай увагі. Калі ж з галавой пагрузіўся ў спецыфіку працы, зразумеў, што хацеў бы вучыцца, каб у будучым мець магчымасць кар’ернага росту.
– Яшчэ па заканчэнні каледжа я мог стаць майстрам і працаваць на заводзе, дзе вырабляюць пліты для будоўлі. Але да гэтага не ляжала душа. І вырашыў паспрабаваць сябе ў мулярскай справе. Цяпер разумею, што недарэмна. Дакладна усвядоміў словы брыгадзіра: «Каб быць добрым прарабам, трэба прайсці шлях ад простага рабочага».

– У мяне няма звычкі стаяць на адным месцы, хачу расці, атрымліваць новыя веды. Пакуль, канешне, складана засвойваць вышэйшую матэматыку, профільную англійскую мову. Аднак у наступным годзе давядзецца рабіць курсавы праект, для чаго трэба будзе ўзгадаць тое, чаму навучылі ў каледжы.

Пра будні і крыху філасофіі
Маладосці шмат што па сілах. Вось і наш герой у цяжкай фізічнай працы здольны ўбачыць творчы пачатак.
– Ты ствараеш: хоць і па пэўным плане, але тваімі рукамі робіцца дом. Сапраўдны дом, у якім будуць жыць людзі. Працаваць імкнуся заўсёды якасна і самааддана, каб у далейшым будынак стаяў надзейна і трывала.
Вольны час хлопец прысвячае адпачынку. Любіць прагуляцца па горадзе. А асаблівае задавальненне атрымлівае ад плавання: яно дазваляе разгрузіць галаву і расслабіцца фізічна.

– Душэўны спакой знаходжу дома, у цішыні. А ў горадзе люблю бываць на Святым возеры. Зараз яго зрабілі вельмі прыгожым, чыстым і ўтульным. З задавальненнем можна адпачыць і асвяжыцца пасля спякотнага працоўнага дня.

Напрыканцы сустрэчы мы задалі не па гадах мудраму і мэтанакіраванаму маладому чалавеку пытанне аб тым, што ён можа параіць людзям, якія стаяць на ростанях выбару жыццёвага шляху.
– Калі прагадалі з прафесіяй, не думайце, што гэта ваш крыж на ўсё жыццё, бо заўсёды можна пайсці вучыцца. І нават не абавязкова заканчваць спецыяльную навучальную ўстанову. ДБК, напрыклад, прапануе курсы рабочых прафесій. У кожнага свой шлях, галоўнае – своечасова гэта зразумець і імкнуцца да лепшага, туды, дзе здолееш напоўніцу выкарыстаць свае магчымасці.
Алёна Кухарава
Здымкі Ганны Сташкевіч

Последние новости

Общество

Продаем лесные дары – что с налогами?

7 августа 2026
Читать новость
Лучшее - наше!

Представителей строительной отрасли области чествовали в Могилеве

7 августа 2026
Читать новость
Спорт

Легкоатлеты Могилевщины – обладатели кубковых наград

7 августа 2026
Читать новость
Безопасность

Каждые 20 минут: спасатели на Святом озере на посту

7 августа 2026
Читать новость
Безопасность

С 6 по 16 августа проводится республиканская профилактическая акция «Мотоциклист!»

7 августа 2026
Читать новость
Культура

Могилёв — мой город!

7 августа 2026
Читать новость