Жыццёвая сіла Веры Чарнушэвіч

«Веснік Магілёва» працягвае праект «Вайной апаленыя лёсы», у якім мы распавядаем пра тых, хто ў невялікім узросце сутыкнуўся з фашысцкай навалаю, — апошніх захавальнікаў памяці пра падзеі васьмідзесяцігадовай даўніны.

Жыццёвая сіла Веры Чарнушэвіч
Калі жыццё дасылае чалавеку цяжкія выпрабаванні, ён заканамерна шукае кропкі апоры ў дзяцінстве. У цёплых успамінах пра гады, калі быў шчаслівым. А што рабіць тым, чыё юнацтва, часы першага кахання і маладой бесклапотнасці, назаўсёды чорнай фарбаю запляміла вайна? Адкуль, з якіх крыніц ім падпітвацца сіламі? Адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт «Весніка Магілёва» знайшла ў біяграфіі Веры Гаўрылаўны Чарнушэвіч. Жанчыны, якая ўсё жыццё змагаецца: з лёсам, абставінамі і нялёгкім грузам памяці пра Вялікую Айчынную вайну.
«Мая кароткая біяграфія»
Вось ужо два гады як Вера Гаўрылаўна стала магіляўчанкай. У абласным цэнтры жывуць яе дзеці, яны і перавезлі маму з Бялыніцкага раёна бліжэй да сябе. Цяпер жанчына асталявалася ў аднапакаёвай, але вялікай і светлай кватэры, дзе сама вядзе гаспадарку, прысвячае час любімым заняткам, чытае кнігі, прымае гасцей. Мы застаем яе з пруткамі і ніткамі ў руках.
Дзевяностасямігадовы ўзрост — зусім не нагода для таго, каб кінуць хобі, што прыносіць радасць. А яшчэ жыццёвы стаж — не прычына не рабіць зарадку, адмовіцца ад інтэрвальнага галадання, не весці дзённік, не чытаць на памяць кранальныя радкі, паддацца хваробам і паслабіць жорсткую дысцыпліну для цела і душы, якая амаль век дапамагае Веры Гаўрылаўне трымацца, быць актыўнай і знаходзіць кроплю пазітыву і жыццёвай сілы ў кожным пражытым дні.
У першыя хвіліны сустрэчы гаспадыня ўручае нам два спісаныя дробным почаркам аркушы з нататніка, строга, па-настаўніцку, загадвае азнаёміцца з тэкстам, аўтарам названым «Мая кароткая біяграфія». І мы пагружаемся ў вірлівую плынь падзей далёкага мінулага і ўсё яшчэ жывых згадак пра іх.
Была вайна
Летам 1941 года старэйшы ў сям’і Савіцкіх (дзявочае прозвішча гераіні — заўв. рэд.) сын Васіль скончыў дзесяць класаў. 22 чэрвеня выпускнікі рыхтаваліся развітвацца са школаю. Але аб’явілі вайну.
У кругаверці першых яе дзён Гаўрыла Савіцкі з сынам не паспелі пайсці на фронт, сям’я застыла ў трывожным чаканні. А ў 1942 годзе Васіль і васьмёра яго аднакласнікаў далучыліся да партызанаў.
Немцы бывалі наездамі ў Сіваях, — узгадвае Вера Гаўрылаўна. — А напрыканцы 42-га ўпершыню ў вёсцы спыніўся карны атрад. Нас, 36 чалавек, сагналі ў камендатуру. Наша сям’я лічылася партызанскай, але з мясцовых людзей ніхто нікога не выдаў фашыстам. Тады яны прывезлі старасту з недалёкіх Эсьмонаў, той падпаіў жыхара суседняга з вёскай пасёлка. Адзін расказваў, другі запісваў.
Так у распараджэнні карнікаў аказаўся спіс з васьмі чалавек (сярод іх — Гаўрыла з Вераю), якіх тут жа арыштавалі і, нягледзячы на зімовае надвор’е, пешкі выправілі ў Талачынскую турму. Два разы пятнаццацігадовая Вера разам з таварышкамі па камеры скарадзіла бараною міннае поле. Адна з такіх запражных троек не вярнулася.
Дарогамі Германіі
Калі немцы пачалі адступаць, з сабою яны пагналі працоўную сілу. З турмы забіралі маладых. Гаўрыла Ананьевіч вярнуўся да сям’і і пайшоў на фронт. А Веру з іншымі зняволенымі ў вагонах для жывёлы фашысты выправілі ў Германію.
На станцыі немцы нас размяркоўвалі паміж сабой. Маю сяброўку Юлю выбралі першай, а я пачала плакаць. Тады яе гаспадар дамовіўся са сваім суседам, каб той забраў мяне. Так мы апынуліся ў гарадах Рула і Бад-Лібенштайн, за дванаццаць кіламетраў адна ад адной.
Штодзень Вера прачыналася раней за гаспадароў — уласнікаў гасцініцы — і вычышчала да бліску ўсе прыбіральні. Як зараз узгадвае жанчына, немцы да яе ставіліся прымальна, бо яна не давала нагоды для злавання і біцця — як і прывыкла з маленства, якасна і адказна выконвала любую, самую складаную працу.
Па дамоўленасці паміж суседзямі раз на два тыдні ў чатырохгадзінны «выхадны» дзяўчаты маглі сустрэцца. Вера і Юля насустрач адна адной прабягалі па шэсць кіламетраў, каб колькі хвілін паразмаўляць, падзяліцца цяжкасцямі і паспагадаць.
Нас за людзей там не лічылі, абслуга — да. Я зразумела, што калі я не адолею нямецкую мову, мне не выжыць. Канешне, я яе вучыла ў школе і, калі б у мяне з сабою быў слоўнік, усё было б значна прасцей… Запамінала сама, па тым, што чула навокал. Гэта мяне ратавала.
У жніўні 45-га дзяўчына вярнулася дамоў. Нямецкія гаспадары прапаноўвалі застацца, а Веру цягнула да Радзімы, сэрца працінала трывога за лёс родных.
Няпросты лёс
Перад вайной у сям’і Савіцкіх была ўласная хата з вялікім садам. Старэйшы сын Васіль — дарослы амаль самастойны хлопец, сярэдняя Вера — падлетак, скончыла семігодку, малодшай Лю- дзе — 10. Гаўрыла Ананьевіч і Александра Дзмітрыеўна працавалі, гадавалі дзяцей. Жыццё ішло сваім парадкам.
Такім Вера памятала дом. Аднак у Сіваях дзяўчыну чакалі толькі мама з малодшай сястрою і зямлянка. Хата, як і большасць у вёсцы, згарэла, калі немцы адступалі. Тата загінуў у верасні 44-га ў Польшчы. Брат застаўся служыць у Германіі.
Вяскоўцы, як маглі, змагаліся з няпростымі ўмовамі. Першай мірнай вясною на сабе ўзаралі агароды: шасцёра жанчын, сярод іх — Вера, запрагаліся, а стары сусед ішоў за плугам. Садзілі пераважна бульбу, бо насення амаль не было.
У 1947 г. Урад загадаў вывесці ўсіх людзей з зямлянак. Брата з такой нагоды адпусцілі ў адпачынак. І мы з ім удваіх паставілі новую хату, самі рабілі цэглу, нарыхтоўвалі лес. Парады даваў нам муж мамінай сястры — будаўнік, але ён ужо быў нямоглы, таму працаваў нашымі рукамі. Дамок выйшаў невялікі, але свой.
Не ўбачыў толькі сваіх пасталелых, руплівых і самаадданых дзяцей Гаўрыла. Васіль Савіцкі пад час службы ў Германіі адшукаў брацкую магілу, дзе пахаваны бацька, прыехаў дамоў і ў падрабязнасцях расказаў пра гэта родным. Аднак на гэтым у сямейнай гісторыі не паставілі кропку.
Ужо ў наш час мае сын і ўнук, — расказвае Вера Гаўрылаўна, — з’ездзілі ў польскую вёску Хмялеў. Але той брацкай магілы яны так і не знайшлі. І не адзін мясцовы жыхар не даў ім рады.
Асабістая сцежка Веры
Хто б мог падумаць, што цяжкі пачатак жыцця, выпрабаванні, якія выпалі на долю маладой дзяўчыны, не зламаюць яе, не патушаць у сэрцы запал юнацтва, прагу да светлага і неверагоднае жаданне быць шчаслівай, а толькі стануць прыступкай для дасягнення самых смелых мэтаў. Мабыць, у несупынным імкненні наперад і хаваецца сакрэт жыццёвай сілы Веры Гаўрылаўны Чарнушэвіч.
Калі жыццё сям’і паступова наладзілася, Вера паехала ў Магілёў, каб у вячэрняй школе скончыць дзевяць класаў, адначасова з гэтым адвучыцца на бухгалтарскіх курсах і паспець папрацаваць санітаркай у бальніцы. За гэтым быў Гомельскі тэхнікум уліку і планавання, два курсы Горацкай сельгасакадэміі і навучанне ў Магілёўскім педінстытуце.
Яе жыццёвы шлях нельга назваць лёгкім: настаўніца рускай мовы і літаратуры дзевяць год шэсць дзён на тыдзень пераадольвала 14 кіламетраў, а наступныя шэсць, калі змяніла школу, і за адлегласць не лічыла.
Здаецца, не памылімся, калі зробім такую выснову. Вера Гаўрылаўна, перажыўшы рабскую працу ў Германіі, далейшы свой лёс вырашыла сачыніць сама. Так, каб жыць было цікава, каб кожны дзень прыносіў новае. І ёй удалося напісаць доўгую, насычаную і яскравую біяграфію, якую дакладна ацэняць сучаснікі і нашчадкі.
Пра самае важнае
-Самы шчаслівы момант ў вашым жыцці?
-Напэўна, як нараджаліся дзеці. Гэта запомніла найлепш і на ўсё жыццё.
-Самае важнае рашэнне, якое вам давялося прыняць?
-Вучыцца. Я ж столькі вучылася! Пра асабістае жыццё не было калі думаць. Замуж выйшла, калі было за трыццаць, а дачку і сына нарадзіла за сорак…
-Самы яркі ваш успамін, звязаны з вайною?
-Той момант, калі я прыехала з Германіі дамоў. Зямлянка, мама з малодшай сястрою, даведваюся, што таты больш няма. Паехала я з аднаго жыцця, а вярнулася ў іншае. Пра былое нагадваў толькі сад.
-Што вы скажаце сучаснаму пакаленню?
-Трэба пры любых абставінах заставацца чалавекам. Імкнуцца разумець іншых людзей. Дапускаць менш памылак і, калі ўжо так здарылася, абавязкова іх выпраўляць. І яшчэ важна не рабіць іншым людзям тое, што ты не хацеў бы сабе.
Алёна Кухарава