Темы

Няпросты лёс сясцёр Кандраценка

Няпросты лёс сясцёр Кандраценка

Адна вайна — і такія розныя лёсы. Хтосьці Вялікую Айчынную правёў на фронце, у баях і акопах, хтосьці — у партызанскіх лясах ці за станком. Для адных найвялікшая бяда мінулага стагоддзя — фашысцкая няволя, для іншых — жыццё ў акупацыі. Не для ўсіх тая вайна была гераічнай, але ў напамін аб сабе ў кожнай беларускай сям’і яна пакінула асабістую трагедыю. У летапіс жыцця Валянціны і Ніны Кандраценка гады ваеннага ліхалецця ўпісаны словам «канцлагер».
Калі ўпершыню я сустрэлася з сёстрамі Кандраценка, спрабавала ўлавіць, што іх аб’ядноўвае. Знешне жанчыны не вельмі падобныя, кожная мае сваю выразную індывідуальнасць. Ды і характары ў іх зусім розныя. Ніна Мікітаўна — відавочны лідар, хаця і малодшая. А Валянціна Мікітаўна і не супраць: у пытаннях памяці яна цалкам давярае сястры, раз-пораз удакладняе, пагаджаецца. І толькі пачуўшы іх гісторыю, зразумела, што ў сясцёр агульны жыццёвы вопыт. Яго адбітак чытаецца на іх тварах, у эмоцыях, голасе. Якія б светлыя і прыемныя моманты ні дасылаў жанчынам лёс, як бы ні разводзіў іх рознымі шляхамі, за іх плячыма заўсёды будуць цяжкія і трывожныя гады, якія сям’я перажывала разам.


Трэці Струшненскі роў
Менавіта на гэтай вуліцы Магілёва пачыналася дзяцінства сясцёр Кандраценка. Іх бацька, Мікіта Харламавіч, быў чалавекам працавітым. Хлопец з хутара, як у тыя часы казалі, змог выбіцца ў людзі. Колькі год рабіў на Данбасе, на радзіму вярнуўся з немалымі грашыма. Купіў дом ля Струшні, ажаніўся, абзавёўся гаспадаркаю. Жонка Марыя Сямёнаўна ў 1935-м нарадзіла сына, праз два гады дачку, а за ёй яшчэ адну… Жыццё ладзілася.
Нечакана з хутара да маладой сям’і прыехалі бацькі Мікіты з сынамі. Іх дом згарэў, таму Кандраценкам прыйшлося пацясніцца, каб размясціць радню.
Так «радавой абшчынаю» — бабуля, дзядуля, дзядзькі, цёткі, пляменнікі — і сустрэлі вайну.


Партызанская хата
Ніне і Валянціне ліпень 41-га запомніўся бамбёжкамі. Шасцёра іх стрыечных братоў і сясцёр далучыліся да партызанскага атраду ў Бялыніцкім раёне. Бацька нашых гераінь на вайну пайсці не паспеў. Сям’я засталася жыць на акупаванай тэрыторыі.

У мамы на той час нас было ўжо чацвёра: у 1940-м нарадзілася наша малодшая сястра Тамара. Таму без сваёй каровы і малака было не абыйсціся. Ды і ўвогуле бацькі заўсёды мелі гаспадарку. Прыходзіў за малаком да нас і немец. Аднойчы яму захацелася сліў і ён пачаў іх рваць з дрэва, а наш сабака раззлаваўся і схапіў яго за нагу, падраў форму. Маці думала, што за такое ўсю нашу сям’ю заб’юць. Прапанавала немцу зашыць вопратку, але ён толькі буркнуў штосьці і пайшоў. Дзякуй богу, усё абышлося, — так узгадваюць сёстры жыццё ў акупаваным Магілёве.
Аднак спакой быў хліпкім і ненадзейным. Хтосьці з ахвотнікаў даклаў немцам, што хата Кандраценкаў — партызанская. Наступстваў доўга чакаць не давялося: фашысты арыштавалі ўсю сям’ю — ад старых да малых, забралі карову.


Фашысцкая няволя
Па даносе арыштавалі і сем’і суседзяў. Не чапалі толькі тых, хто працаваў у немцаў на чыгуначнай станцыі. З кастрычніка 1943 і амаль да вызвалення Магілёва людзей трымалі ў няволі.
Мікіту Харламавіча немцы памясцілі ў палітычную турму на вул. Пляханава. А Марыя Сямёнаўна разам з чатырма дзецьмі і свякроваю апынуліся ў канцлагеры на тэрыторыі завода «Строммашына».

Умовы былі, канешне, цяжкімі. У мяне была нямецкая каска, — узгадвае Валянціна Мікітаўна. — І я хадзіла пад стрэхі, каб сабраць вады. Цахі былі абсталяваныя пад нары ў тры ярусы. Кармілі раз на дзень баландою. Нас, дзяцей, прымушалі чысціць снег, прыбіраць смецце, падмятаць тэрыторыю.
У памяці Ніны Мікітаўны і сёння жывы ўспамін пра тое, як на аднаго вязня выдавалі падзеленую напалам скібку хлеба, якой павінна было хапіць на дзень.

Сястры было тры гады. Яна не разумела, што з намі адбываецца. Увесь час плакала і крычала: «Дайце мне малака! Вы што, шкадуеце мне?..» Аднойчы мама не вытрымала і папрасіла немца, каб дазволіў купіць за калючым дротам малака для дзіцёнка. А ў адказ атрымала: «Хай старая ідзе». Мама аддала грошы бабулі і наказала ў лагер не вяртацца.


Раптоўнае выратаванне
Пакручасты лёс Кандраценкаў тым не менш не аднойчы прымушаў іх паверыць у цуд. Інакш іх нечаканае вызваленне і не назавеш.
Вясной сорак чацвёртага, калі вакол яшчэ ляжалі глыбокія снягі, немцы пагрузілі вязняў канцлагера ў машыны і павезлі іх па шашы на Мінск, каб далей выправіць у Германію. Аднак праехаць шмат не паспелі: паступіў загад тэрмінова вяртацца.

Мне запомнілася, што з машын нас выгрузілі ў вёсцы Няропля, — расказвае Валянціна Мікітаўна. — Усім фашысты загадалі разыходзіцца па хатах і строга забаранілі кудысьці самастойна перасоўвацца, бо вакол партызанская зона і там нас заб’юць. Усе пацягнуліся да жытла, а мама пасадзіла Тамару на саначкі, мы прытуліліся вакол і стаім на шляху. Немец запытаў: «Што, матка, захацела назад у Магілёў?» А мама разумела, што яе з чатырма малымі дзецьмі ніхто да сябе ў хату не пусціць, таму ў адчаі папрасіла падвезці нас да бліжэйшай вёскі. Немец запрасіў за гэта 2000 марак.
Такіх грошай у сям’і не было. На дапамогу прыйшла суседка, якая пагадзілася на ўмову і разам з Кандраценкамі дабралася да Бялыніцкага раёна. Немец жа раптам перадумаў, пахлопаў Марыю Сямёнаўну па плячы і сказаў, каб грошы пакінула дзецям, бо ў яго ў Германіі таксама сям’я.
Далей праз лясы і снягі мама з дзецьмі дабралася да сваёй роднай вёскі. Там таксама панавалі фашысты, але ж сям’я размясцілася.
Прыкладна ў той жа час у Германію накіравалі саставы з вязнямі палітычнай турмы, сярод якіх быў і Мікіта Харламавіч. Мужчыны прарэзалі дзірку ў дне вагона і выскоквалі проста падчас руху. У гэтым была вялікая рызыка, але бацьку нашых гераінь гэтая смеласць выратавала жыццё.

Фашысты заўважылі, што вязні ўцякаюць і зладзілі пагоню. Але тата з таварышамі паспелі схавацца ў балоце. Не ведаем, колькі часу яны там правялі, але пакуль цягнік не рушыў далей, ім даводзілася з галавою хавацца ў багне і дыхаць праз саламінкі. Яшчэ доўга тата шукаў нас, абыходзіў вёскі, дзе жылі родныя. Даведаўся, што сястру яго за тое, што выпякала хлеб для партызанаў, немцы абклалі льном і спалілі, а яе дзесяцігадовага сына сагналі ў Германію. Да нас ён дабраўся ўчарнеўшы, мы яго нават не пазналі.


Новае жыццё
Калі Магілёў быў вызвалены, сям’я вярнулася дамоў. Хата цярпліва чакала гаспадароў. А вось у суседзяў вытрымкі не хапіла: сякія-такія рэчы і любімы гармонік перад прыходам немцаў галава сям’і закапаў у двары, але ж па вяртанні ўсяго гэтага Кандраценкі не знайшлі.
Пасля вайны, расказваюць сёстры, яны амаль не ўзгадвалі пра тыя змрочныя гады. Цяжкія ўспаміны схаваліся ў глыбінях памяці. Каб дзяўчаты маглі жыць, насалоджвацца дзяцінствам, вучыцца.

Усё дзяцінства мы працавалі. Летам нарыхтоўвалі траву, дапамагалі бацькам весці гаспадарку. Усе ўтрох, брат і мы, пайшлі ў першы клас. Проста не было магчымасці думаць пра дрэннае, хацелася жыць.
Старэйшая з сясцёр, Валянціна, пасля школы абрала прафесію будаўніка, якой і прысвяціла ўсё сваё жыццё. Выйшла замуж, выгадавала сына і дачку. А Ніна сваю місію знайшла ў тым, каб расказваць людзям пра жахлівыя падзеі Вялікай Айчыннай. Яна стала бібліятэкарам, шмат чытала, вучылася, сустракалася з вядомымі пісьменнікамі. І да апошняга, пакуль дазваляла здароўе, дзялілася са школьнікамі і моладдзю сваімі ўспамінамі.


Адчуваюць сэрцам
Напрацягу ўсёй сустрэчы я здзіўлялася, як глыбока і тонка адчуваюць дзеці. Як застаецца ў іх сэрцах назаўсёды не толькі шчаслівае і бесклапотнае, але і трагічнае. І апошняе не заглушыць нават час.
Развітваемся. У завяршэнне аповеду з вуснаў Ніны Мікітаўны раптам гучаць радкі Юліі Друнінай:
«По тропинке шагая узкой,
Повторяю — который раз! —
«Хорошо, что с душою русской
И на русской земле родилась!»
А з набрынялых вачэй нашай гераіні збягае сляза.

Пра самае важнае
Самы яскравы ваш успамін?
В. М.: У маладосці адразу пасля заканчэння будаўнічага тэхнікума я разам з усёй сваёй групай паехала працаваць у Сярэднюю Азію. Будавалі чайхану ў Таджыкістане, я была майстрам. Там усё іншае: людзі, клімат, прырода.
Н. М.: Мне найбольш запомніліся гады, калі я працавала ў Клічаве. Аднойчы да нас у бібліятэку на канферэнцыю сабраліся партызаны, якія засталіся жывымі пасля вайны. І адна разведчыца распавядала пра свой лёс, мяне яе аповед вельмі ўразіў. А яшчэ не магу забыцца на гады, калі завочна вучылася ва ўніверсітэце ў Ленінградзе. Якія там былі выкладчыкі!
Якое рашэнне ў вашым жыцці было самым важным?
В. М.: Выхаваць дзяцей годнымі людзьмі.
Н. М.: Жыць мне ці не жыць. Я перанесла інсульт і іншыя хваробы наваліліся, літаральна знаходзілася на мяжы. І тады прыняла рашэнне, што буду ў любым выпадку за сваё жыццё змагацца.
Што б вы сказалі сучаснаму пакаленню?
В. М.: Будзьце цярплівымі і ўважлівымі да жыцця! Не спяшайцеся.
Н. М.: Я жадаю моладзі заўсёды крочыць наперад, дасягаць вышынь, каб наша Радзіма квітнела! А яшчэ важна не забываць словы Чэхава: «У чалавеку ўсё павінна быць прыгожым: і душа, і сэрца, і думкі».
Алёна Кухарава
Фота з архіва гераінь

Последние новости

Безопасность

Ваша безопасность зависит от вас!

18 августа 2025
Читать новость
Общество

Консультант «ВМ»: пособие — будет

18 августа 2025
Читать новость
Новости компаний

Вас выслушают — прямые телефонные линии 16 августа

18 августа 2025
Читать новость
Новости компаний

На прямой связи с горожанами

18 августа 2025
Читать новость
Общество

Видеокамеры на контейнерных площадках – фикция?

18 августа 2025
Читать новость
Вайной апаленыя лёсы

Няпросты лёс сясцёр Кандраценка

18 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем