Недзіцячыя пакуты маленькай дзяўчынкі

«Веснік Магілёва» працягвае праект «Вайной апаленыя лёсы», у якім мы распавядаем пра тых, хто ў дзіцячым узросце сутыкнуўся з фашысцкай навалаю, — апошніх захавальнікаў памяці пра падзеі васьмідзесяцігадовай даўнасці.

На двары — восень, пара, калі жыццё сцішвае свой бег і памяць вяртае людзей у павольную плынь успамінаў. Колькі такіх доўгіх асенніх вечароў за вышываннем і згадкамі пра мінулае было ў Таццяны Раманаўны Паддубскай, якой праз некалькі месяцаў споўніцца 93 гады! Колькі прыемных кранальных момантаў дасылаў ёй лёс: закахалася, аднаго за другім нарадзіла траіх дзяцей, ладна і мірна вяла сямейнае жыццё… Дык чаму ж тады ў хвіліны ціхай задуменнасці на вочы сталай жанчыны набягае сляза? Што і праз дзясяткі год трывожыць душу? Вайна.
У жыццё маленькай і кволай Тані Вялікая Айчынная ўвайшла бязладдзем і страхам. Раскідала вялікую сям’ю, зруйнавала звыклы парадак, паказала, што такое голад і холад. А яшчэ назаўсёды адбілася ў памяці словамі, гукамі, адчуваннямі. І праз восемдзесят год жанчына задаецца пытаннем: «Пра штосьці важнае ў побыце забываюся, а ваеннае дзяцінства бачу як сёння. Чаму?!»
Цяжар на жаночыя плечы
Малая радзіма Таццяны Паддубскай — вёска Семукачы Магілёўскага раёна. Населенаму пункту і яго жыхарам быў наканаваны пакутніцкі лёс, які разам з землякамі раздзяліла і сям’я Таццяны Раманаўны.
Да вайны вялікая сям’я жыла небагата: у Рамана Якаўлевіча і Марыі Аляксееўны Пусковых нарадзілася дзесяць дзяцей, з іх да сталага ўзросту дажылі толькі чацвёра. У першыя дні вайны старэйшага сына Івана, які ўжо меў сваю сям’ю — жонку і трох малых дзяцей, — мабілізавалі. Калі ў вёску прыйшлі фашысты, з сям’і забралі і двух непрыдатных для вайсковай службы мужчын. Старога бацьку выправілі ў магілёўскі канцлагер, а сына-падлетка Грышу накіравалі на будоўлю ў Оршу. Складана ўявіць, які цяжар трывог, страху і безвыходнасці лёг на плечы жанчын гэтай сям’і!
Старэйшы брат хутка трапіў у палон, трымалі яго ў Быхаве, — узгадвае Таццяна Раманаўна. — За калючым дротам пад адкрытым небам нашых салдат было як мурашак у мурашніку. Мая мамачка 12 разоў хадзіла з Семукачаў у Быхаў (38 кіламетраў — заўв. аўтара), каб занесці сыну перадачу. А там вакол немцы з аўтаматамі і аўчаркамі, не давалі падыходзіць да агароджы. Мама распавядала, што трэба было доўга стаяць і чакаць, пакуль фашыст адвярнецца, тады ўжо можна было кінуць. А ці схопіць сын, ці патрапіць яму штосьці з той перадачы? Там жа ўсе такія галодныя…
Тыя разы былі апошнімі, калі Марыя Аляксееўна бачыла сына жывым, у хуткім часе палонных сагналі з Быхава. Далейшы лёс Івана доўгія гады гучаў кароткім «прапаў без вестак». І толькі ў наш час родныя даведаліся, што яго жыццёвы шлях абарваўся ў Польшчы.

Партызанская вёска
Такі ярлык ад фашыстаў атрымалі чатыры суседнія вёскі — Адраджэнне, Гарадзішча, Калічонка і Семукачы. Калі казаць па праўдзе, немцы былі правыя. Гэтыя населеныя пункты сапраўды жылі двайным жыццём: днём там панавала фашысцкая ўлада, а ноччу ў кожнай хаце паліліся печы, каб перапрацаваць прывезенае партызанамі мяса.
Тры атрады народных мсціўцаў базіраваліся ў непраходных лясах за ракою. Такое месцазнаходжанне рабіла іх недасягальнымі для немцаў, якія, каб спагнаць злосць, здзекаваліся з мясцовага насельніцтва. А ў адну ноч фашысты вырашылі лёс адразу ўсіх партызанскіх вёсак.
Зіма ў той год была надта снежная, лютая. У хаце мы жылі ўсе разам: мама, сястра, нявестка з малымі і я, тады васьмігадовая шчуплая дзяўчынка. Аднойчы натапілі ў хаце на ноч жарка буржуйку, распрануліся і паляглі спаць. А пад раніцу немцы акружылі нашу вёску (яна расцягнулася больш чым на два кіламетры) і пачалі выганяць людзей з хат. Запомнілася, што яны ніколі не зачынялі за сабой дзверы. Зайшлі і да нас з крыкамі: «Хутка, ком, збірайцеся!». Хто паспеў апрануцца, а хто і не.
Вяскоўцаў разагналі па вялікіх хатах, на якіх вывесілі чырвоныя крыжы. Задума злачынцаў была такой: страляючы, рушыць да леса, і калі хоць адным стрэлам партызаны адзавуцца, вёску напаткае лёс Хатыні. Дапамог людзям толькі цуд. Аднаму з партызанскіх сувязных удалося перадаць інфармацыю. Лес стаяў глухі і маўклівы.
Усіх нас зноў выгналі на мароз і пастроілі ў дзве шарэнгі, а па баках ішлі немцы з аўчаркамі. Такім строем мы рушылі да станцыі, што знаходзілася за паўтары кіламетры ад Семукачаў. Галодныя, раздзетыя прабіраліся па снезе. Нявестка толькі паспела закруціць немаўля ў коўдру, але выпадкова дзяўчо выслізнула з рук у снег. Яна ледзь паспела падняць дачку. Але дзяўчынка прастыла і пасля вайны памерла.
Дарога ў канцлагер
На станцыі семукачаўцы дагналі цягнік з землякамі з іншых вёсак, на кожную з якіх выдзялялі па адным вагоне. Пры ўзгадванні аб тым, як знясіленыя змерзлыя людзі грузіліся ў вагон, на вочы Таццяны Раманаўны наварочваюцца слёзы. Яна называе гэта адным з найцяжэйшых успамінаў, які і праз гады помніцца да дробязяў і вярэдзіць душу.
Якія там былі вагоны?! Для быдла. Там жа нават прыступак не было. Замест іх конусам паставілі тонкую дошку, па якой узабрацца трэба было і малым, і старым. Што там тварылася — ні ў адным кіно такога не паказваюць. Людзі падаюць, зрываюцца, а немцы хлешчуць пугамі, б’юць прыкладамі…
З крыкамі і слязьмі людскі натоўп уціснулі ў вагон, ды так шчыльна, што стаяць можна было толькі на адной назе. Ні ежы, ні пітва ў вязняў не было. Ад знямогі малых дзяцей ратавалі кроплямі кандэнсату, які збіраўся на фарбаванай столі вагона ад дыхання.
Цягнік рушыў, у шчылкі мы назіралі, як гарыць наша вёска. Дзякуй богу, што было ціхае надвор’е і частка хат стаяла на адлегласці, таму агонь не распаўсюдзіўся на ўсю плошчу. Хата нявесткі згарэла, а наша захавалася. Па дарозе на станцыях людзі кідалі нам у вагон сняжкі, іх дзялілі паміж дзецьмі, каб тыя маглі наталіць смагу.
Бязвінныя вязні
Памяць Таццяны Раманаўны так дакладна ўзнаўляе цяжкія выпрабаванні, таму што ў гады вайны яна была дастаткова дарослай. Але ўсё ж заставалася дзіцём з тонкай і крохкай псіхікай. Увесь шлях да канцлагера ў Крычаве яна прайшла разам са сваёю лялькаю-галышком: дзяўчынка моцна сціскала маленькую сяброўку ў руцэ. Але калі на станцыі пачалі разгружаць вагоны з людзьмі, Таню збілі з ног і ляльку яна згубіла.
Нас прывялі да баракаў, цёмных і цесных. У іх былі маленечкія пакоі з двух’яруснымі нарамі і маленькім вакенцам, якое зарасло таўшчэзным слоем снегу і лёду. Дзяцей пасадзілі на бярвенца на другім ярусе, вакол халадзіна, мы голыя, галодныя… Так і прасядзелі ўсю ноч, прыціскаючыся адно да аднаго.
Пра побыт вязняў фашысты паклапаціліся толькі на наступны дзень. У барак прынеслі бачок з вадкай, колеру крыві баландаю. Таццяна Раманаўна ўзгадвае, што нават гэтай цяжкай для ўспрымання ежы, верагодна, прыгатаванай з крыві жывёлаў, на дзень адпускалі ўсяго па адным чарпачку з трох сталовых лыжак на вязня. Такую ж мізэрную порцыю на тры ўкусы выдавалі і хлеба.
Мы, дзеці, сцямілі, што можна пахадзіць па розных пакоях і атрымаць некалькі порцый. Аднак немцы нас хутка прыкмецілі і так адхвасталі па спінах, што і свой кавалак у рот не лез.
Паўтара гады ў затачэнні сям’я пратрымалася толькі дзякуючы сырой мёрзлай бульбе, якую з кухні прыносілі нявестка і старэйшая сястра.
Аднойчы немцы запыталі, у каго ёсць нажы, бо трэба было ісці на кухню лупіць бульбу. А хто іх паспеў з сабою ўзяць? Жанчыны знайшлі бляшанкі з-пад кансерваў і папрасілі мужчын-ваеннапалонных, якіх трымалі за калючым дротам побач, змайстраваць самаробныя нажы. Тады ўжо на нас, дзяцей, нашы старэйшыя прыносілі дзве мерзлыя бульбіны, якія ўдавалася схаваць.
Праз доўгія месяцы немцам спатрэбіліся дадатковыя памяшканні для палонных, таму вяскоўцаў размеркавалі па бліжэйшых вёсках. Мясцовае насельніцтва па-рознаму ставілася да знямоглых землякоў. Хтосьці харчаваўся няхітрай ежаю за сталом з гаспадарамі, а камусьці, як дзецям з сям’і Пусковых, нічога не заставалася, акрамя як хадзіць па вёсках і прасіць міласціну.
Як ні ёсць,а дома
Калі наблізілася вызваленне Крычава ад фашысцкіх злачынцаў, жыхары Семукачаў вырашылі больш не падпарадкоўвацца немцам і калонай, пад выбухі і стрэлы, пешкі рушылі дамой. Так для Пусковых скончыліся цяжкія выпрабаванні фашысцкай няволяй і пачаўся новы этап: уз’яднанне з роднымі і аднаўленне раскіданага сямейнага гнязда, у якім немцы пакінулі толькі голыя сцены.
Яшчэ доўга сям’я знаходзілася ў цяжкіх умовах: хоць бацькі і дзеці зноў апынуліся разам, адзін кармілец, Іван, у сям’ю не вярнуўся. Працяглы час у рацыёне былі ліпавае пілавінне і пустое шчаўе, якое заядалі мукою з шышак асакі. Хадзілі Пусковы ў сплеценых галавой сям’і лапцях і дзіравых фуфайках.
Узгадваць пасляваеннае жыццё Таццяна Раманаўна Паддубская таксама не можа без слёз. Пасля сямігодкі, яшчэ зусім дзяўчо, яна працавала на рамонце чыгункі: даводзілася цягаць на сабе цяжкія шпалы, зямлю і пясок. Каб дапамагчы дачцэ ўладкавацца ў жыцці, бацькі прадалі адзіную карміліцу-казу і выкупілі для Тані пашпарт.
Так вясковая дзяўчына апынулася ў Магілёве. Тут сустрэла сваё каханне, тут працавала, віла сямейнае гняздо. Горад на Дняпры стаў для Таццяны Паддубскай горадам шчаслівых успамінаў. Сёння жанчына часта сустракаецца з унукамі і праўнукамі і распавядае ім гісторыі з жыцця. Пераважна пра трагічнае ваеннае дзяцінства, якое і праз восемдзесят год болем адгукаецца ў сэрцы.
Алёна Кухарава, фота аўтара
