Темы

Школы пачынаюць падрыхтоўку да новага навучальнага года. Бяспека і камфорт вучняў — у прыярытэце

Школы пачынаюць падрыхтоўку да новага навучальнага года. Бяспека і камфорт вучняў — у прыярытэце

Менш за тыдзень таму для школьнікаў Беларусі прагучалі апошнія званкі, а ўстановы адукацыі ўжо пачынаюць падрыхтоўку да наступнага навучальнага года. Касметычны рамонт памяшканняў і абнаўленне неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы зведаюць усе школы горада. Шэраг навучальных устаноў таксама чакае капітальны рамонт. Бяспека і камфорт вучняў — у прыярытэце.

Школьнікі адпраўляюцца адпачываць, але жыццё ў іх другім доме не заціхае. З першых дзён канікул у школах распачынаецца падрыхтоўка да новага навучальнага года. Тры месяцы — тэрмін нямалы, але, каб дзеці першага верасня прыйшлі ў светлыя, адрамантаваныя і ўтульныя класы, пачынаць трэба загадзя.

Ужо сёння рашэннем Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта створана кампетэнтная камісія з прадстаўнікоў дзяржаўнага санітарнага нагляду, тэрытарыяльных органаў па надзвычайных сітуацыях і органаў унутраных спраў, якая вызначыла ступень падрыхтаванасці школ да навучальнага года і акрэсліла недахопы. Для ліквідацыі апошніх, як, дарэчы, і для правядзення капітальных і бягучых рамонтаў, вызначаны дакладны тэрмін — 1 жніўня. Да гэтага часу кожную школу трэба давесці да ладу.

Маштабна і якасна

Як расказаў начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Корзун, аб’ём работы на лета запланаваны вялікі.

— Рыхтавацца да наступнага навучальнага года ўстановы адукацыі пачынаюць ужо сёння. Да 1 жніўня павінны быць завершаны рамонты і ўсе работы па добраўпарадкаванні. На гэтыя мэты з бюджэта вылучана больш за 22 млн рублёў. Частка гэтых грошай прызначана для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі.

Сёлета капітальны рамонт будзе здзейснены ў васьмі ўстановах адукацыі. Таксама запланаваны бягучы рамонт даху і фасадаў у 44 установах, рамонт элементаў добраўпарадкавання — яшчэ ў 8, такую ж колькасць устаноў чакае бягучы рамонт, плануецца і абнаўленне шэрагу спартыўных аб’ектаў (бегавых дарожак і спартыўных пляцовак).

Прыярытэтныя работы будуць праводзіцца таксама і за пазабюджэтныя сродкі сіламі супрацоўнікаў устаноў адукацыі або з далучэннем падрадных арганізацый, — удакладніў Аляксандр Корзун.

Пры штогадовым абнаўленні ўстаноў адукацыі асаблівая ўвага надаецца разнастайным аспектам іх функцыянавання: развіццю матэрыяльнай базы, паляпшэнню ўмоў працы і ў першую чаргу забеспячэнню бяспечнага і камфортнага навучання для ўсіх дзяцей.

І гэта не проста словы. Чацвёрты год у горадзе рэалізуецца дзяржаўная праграма «Сацыяльная абарона», сёлета ў яе межах дзве ўстановы адукацыі набудуць статус безбар’ернага асяроддзя. А згодна з планам па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі плануецца набыць 181 адзінку тэхналагічнага і 47 адзінак халадзільнага абсталявання.

Доўгачаканая і высокатэхналагічная

Установы адукацыі горада толькі завяршылі навучальны год, а аб’ект надзвычайнай важнасці — школа ў новым мікрараёне Стасава-Грышына — з кожным днём набліжаецца да фінальных этапаў будаўніцтва. Ужо ў новым навучальным годзе яна адчыніць дзверы больш чым для тысячы юных магіляўчан.

Будучы дырэктар школы, а сёння кіраўнік аб’екта, Людміла Здорыкава расказала, што найбольш важна ўлічваць пры будаўніцтве новых устаноў адукацыі.

— Будаўніцтва школы вядзецца згодна з тэрмінамі, да 1 верасня аб’ект будзе гатовы. Школа, разлічаная на 1020 месцаў, адпавядае ўсім патрабаванням сучаснасці: найноўшыя тэхналогіі, арыентаваныя на захаванне здароўя, развіццё лепшых якасцяў у дзяцей.

Сёння мы асаблівы акцэнт робім на стварэнні для нашых дзяцей камфортнага, бяспечнага асяроддзя. У будаўніцтве выкарыстоўваюцца беларускія матэрыялы самых лепшых тэхнічных характарыстык і найлепшай якасці. Унутранае напаўненне навучальнай установы таксама будзе вылучацца навізной і тэхналагічнасцю.

Чатырохпавярховая пабудова па праекце складаецца з трох функцыянальных блокаў. Першы блок уключае агульнашкольныя памяшканні: вестыбюль на першым паверсе, абедзенную і чытальную залы, кнігасховішча, дадатковыя памяшканні. На другім паверсе размесцяцца актавая, спартыўная і трэнажорная залы. На трэцім і чацвёртым — рэсурсны цэнтр і лабараторыі, а ў падземнай частцы — гардэроб і гаспадарчыя памяшканні харчблока. Другі блок адведзены пад кабінеты. Трэці блок будзе змяшчаць вучэбныя класы і тыр у падземнай частцы.

Асобны двухпавярховы корпус прадугледжаны для басейнаў. Іх у школе будзе два. Для заняткаў са старшакласнікамі — басейн памерам 25 на 13,5 м і глыбінёй 1,2-1, 45 м. Дзеці да 10 год будуць навучацца плаванню ў меншым: памерам 10 на 3,6 м і глыбінёй 0,65-0,9 метра. На другім паверсе корпуса будуць таксама функцыянаваць трэнажорная і гімнастычная залы.

Нагадаем, што сёлета ў гэтай жа мікразоне пачаў работу новы дзіцячы садок з басейнам, а значыць, дзеці з трох да васямнаццаці гадоў на працягу ўсяго перыяду навучання будуць мець магчымасць займацца плаваннем.

Умовы для горада ўнікальныя, ды і ў краіне такое спалучэнне пакуль не так часта сустракаецца. Вядома, жадаючых атрымліваць адукацыю ў новай высокатэхналагічнай школе нямала, але ж перавага будзе аддавацца па тэрытарыяльным прынцыпе.

Набор будзе праводзіцца згодна з існуючым парадкам: у першую чаргу будуць запісвацца дзеці, якія жывуць у мікразоне, аднак, калі будуць вольныя месцы і дзеці, якія жадаюць вучыцца ў нашай школе, — адмаўляць не будзем. Школа адчыніць свае дзверы 1 верасня, аднак яшчэ пэўны час яна будзе напаўняцца вучнямі, — удакладніла Людміла Здорыкава.

*Кацярына Васількова

Фота аўтара

Последние новости

Важные

МТС улучшил качество 4G еще в 26 районах Беларуси

20 июня 2025
Читать новость
Безопасность

Опасный ужин: в Могилеве пострадала пенсионерка

20 июня 2025
Читать новость
Общество

22 июня во всех храмах Беларуси прозвучит Всебелорусская молитва за мир

20 июня 2025
Читать новость
Здоровье

Принимаемые меры по обеспечению качества питания обучающихся в учреждениях образования

20 июня 2025
Читать новость
Общество

Последствия непогоды в Могилёве

20 июня 2025
Читать новость
Общество

Юбилейная медаль «80 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945 годов»

20 июня 2025
Читать новость