Темы

Вуліца шчаслівых маіх успамінаў

Вуліца шчаслівых маіх успамінаў

Праект «На карце горада»
Колькі вуліц, бульвараў, праспектаў у сучасным горадзе, насельніцтва якога даўно вымяраецца сотнямі тысяч? Яны тоненькімі нітачкамі разбягаюцца ва ўсе бакі, шырокімі палотнамі імчаць да прадпрыемстваў, устаноў, музеяў і тэатраў, прыводзяць да мэты, злучаюць не толькі аб’екты, але і сэрцы людзей. За чорнымі лініямі на карце горада — непаўторная гісторыя, у іх — чалавечыя лёсы. «Веснік Магілёва» пачынае новы праект, у якім разам з вамі, паважаныя чытачы, мы прагуляемся самымі цікавымі і незвычайнымі вуліцамі абласной сталіцы.


Адны вуліцы знаёмыя нам з дзяцінства, іншыя набываюць значнасць цягам жыцця: тут хадзіў у школу, там сустрэў каханне, гэтым завулкам крочыў на першае працоўнае месца. Думаецца, любы магіляўчанін ведае вуліцы Першамайскую і Ленінскую, праспекты Міра і Шмідта, бульвары Юбілейны і Непакораных.


А вось на пытанне «як знайсці вуліцу Янкі Купалы?» большасць толькі разгублена пацісне плячыма. І тым не менш такі тапонім у Магілёве існуе. У першым выпуску праекта «На карце горада» мы раскажам пра адну з самых маленькіх вуліц абласнога цэнтра працягласцю не больш за 300 метраў.


«Наша гарадская вёска»
Непадалёк ад вуліцы Кірава, сярэдняй школы № 35 і сквера 50-годдзя абароны Магілёва размясціўся зялёны аазіс: хаты з подыхам мінулага ў абліччах, россып пярэстых кветак, салодкі водар груш і сліў… Для абсалютнай ідылічнасці карціны не хапае толькі залівістага «ку-ка-рэ-ку». У цені зялёных воблакаў прытаілася невялічкая, усяго на сем дамоў, вуліца Янкі Купалы. Мясцовыя жыхары, хоць па статусе і з’яўляюцца гараджанамі, прытрымліваюцца тыпова вясковага ладу жыцця: даглядаюць уласныя агародчыкі, за вадою ходзяць да калонкі, у якасьці вартаўнікоў трымаюць пухнатых разумных сабачак, а яшчэ сябруюць з суседзямі, збіраюцца на цёплыя, душэўныя размовы і ўсім сэрцам любяць свой сціплы астравок гісторыі ў вялікім горадзе.
Сям’я Валянціны Аверынай на вуліцы Янкі Купалы ўкаранілася ў 1950 годзе.

Я тут нарадзілася. Памятаю, як яшчэ ўся вуліца была запоўнена дамамі прыватнымі, не шматпавярховымі. Тут прайшлі дзяцінства, маладосць…
Толькі добрыя ўспаміны звязаныя з нашай вуліцай. Колькі тут было дзяцей! Мы існавалі ў сваім маленькім свеце, сябравалі сваёй кампаніяй. Здавался, што ўсе будзем доўга-доўга тут жыць, — з ценем суму ўзгадвае жанчына.


Хаце па вуліцы Янкі Купалы «абавязана прапіскаю» і магіляўчанка Аляксандра Шкутава. Дом № 3 атрымала пасля вяртання з эвакуацыі ў 1940-х яшчэ яе прабабуля. Сама ж Аляксандра лічыць гэты куток Магілёва сваёй малой радзімай: тут з’явілася на свет, сюды ж вярнулася пасля жыцця ў кватэры, каб віць сваё сямейнае гняздзечка.

Да вайны сям’я маёй прабабулі жыла на Першамайскай, пасля была эвакуацыя, а калі вярнуліся, высветлілася, што дом разбураны бомбамі. Тады маіх родных пасялілі сюды. Калі ўжо ў наш час афармлялі дакументы, убачылі архіўнае фота ўчастка. Дом стаяў першым на вуліцы, а вакол — нічога, толькі балота. Жыць у сваёй хаце — неперавершаная каштоўнасць: вуліца зялёная, квітнеючая. Да суседзяў часта прыязджаюць унукі і кажуць, што «гэта наша гарадская вёска».
Да пачатку 1970-х мікразона гучала імёнамі знакамітых літаратараў. Непадалёк знаходзяцца вуліца і завулак Гогаля. А паралельна ішла вуліца, названая імем яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры — Якуба Коласа. У 1973 годзе яе рассялілі. Сёння на гэтым месцы сквер 50-годдзя абароны Магілёва і шматпавярховыя дамы. Магілёўскімі «Белымі росамі», па словах мясцовых жыхароў, хутка стане і вуліца Янкі Купалы.

Мы былі наступнымі ў чарзе, з тых часоў і чакаем, — распавядае Валянціна Аверына. — Але зараз мы ўжо атрымалі лісты — узімку будуць зносіць. У сямідзясятых забаранілі прапісвацца тут, тады зноў дазволілі… і ўсё, людзям надакучыла чакаць, моладзь не пажадала тут заставацца. Суседзяў менш стала, толькі вось мы тут сябруем купкай. З аднаго боку, вельмі сумна, а з іншага — дом ужо стары, ён столькі патрабуе ўкладанняў…


Вельмі хацелася б, каб назва вуліцы засталася, яна ж носіць імя такога паэта!
Падтрымлівае жанчыну і суседка. Вуліца трывала пасялілася ў сэрцах мясцовых жыхароў, яна — захавальніца шчаслівых успамінаў.

Вуліца ў нас добрая, — дадае Алена Клепча. — Лічы, цэнтр горада, усё побач: школы, дзіцячыя садкі, крамы. Дом ёсць дом, вакол прырода, свая зямля, кветкі. Мы пасяліліся на вуліцы Янкі Купалы 40 год таму, набылі дом, вельмі спадабалася гэтае месца: здаецца, горад, але ўсё ж свая зямля.


Жыццёвыя пуцявіны класіка
Янка Купала — народны паэт Беларусі, драматург, публіцыст. Творчыя задумы аўтара ўвасабляліся ў розных жанрах літаратуры. Купала заўсёды пісаў для людзей, у яго творах гучыць голас народа. Для беларусаў паэт стаў не проста класікам, а сапраўдным сімвалам. Яго імя носяць культурныя і навучальныя ўстановы, паркі, плошчы, станцыя метрапалітэна. Памяць пра беларускага песняра захоўваюць вуліцы Беларусі і некалькіх іншых краін свету.
З сярэдзіны 1940-х гадоў такая вуліца з’явілася і ў Магілёве. Крыху раней імя паэта атрымалі сталічны тэатр, адзін з беларускіх калгасаў, бібліятэка і школа.


З нашым горадам класіка беларускай літаратуры звязалі пуцявіны лёсу. Упершыню Купала наведаў Магілёў у 1924 годзе: з творчай камандзіроўкай у складзе групы беларускіх пісьменнікаў. Узімку 1933-га беларускіх літаратараў Цішку Гартнага, Максіма Лужаніна, Андрэя Александровіча, Платона Галавача, Алеся Кучара і Янку Купалу запрасілі ў абласную сталіцу. Два дні пісьменнікі і паэты чыталі магіляўчанам свае творы на літаратурных вечарынах у Магілёўскім доме Чырвонай арміі (цяпер Палац грамадзянскіх абрадаў) і ў Магілёўскім педагагічным інстытуце.


У 1938 годзе на падмостках Магілёўскага гарадскога тэатра паказвалі спектакль Беларускага другога дзяржаўнага тэатра «У пушчах Палесся» паводле аповесці Якуба Коласа «Дрыгва». На прэм’еру завітаў сам аўтар, а таксама паэты Міхась Клімковіч (аўтар словаў гімну Беларусі) і Янка Купала. У той жа год Купала яшчэ раз пабываў у Магілёве, каб выступіць перад работнікамі Магілёўскай фабрыкі штучнага шоўку.


Горад, што раскінуўся над велічным Дняпром, увайшоў не толькі ў жыццёвую, але і ў творчую біяграфію аўтара. У пэўны перыяд паэт зацікавіўся беларускім фальклорам і задумаўся над тым, каб напісаць літаратурны твор па матывах народных паданняў і легенд. Адным з вынікаў творчых пошукаў майстра стала паэма «Магіла льва». Паэт натхніўся этнаграфічнай працай ўраджэнца Магілёва, даследчыка Паўла Шэйна. Твор стаў хрэстаматыйным: яго вывучаюць у межах школьнай праграмы, яго ведаюць на памяць.


Папулярызатары творчасці класіка
У Магілёве памятаюць і шануюць песняра. Жыхары вуліцы Янкі Купалы любяць малую радзіму, а ў ёй і творчасць паэта, а супрацоўнікі бібліятэкі-філіяла № 9, якая ў 2016 годзе атрымала імя народнага паэта Беларусі, папулярызуюць літаратурную спадчыну аўтара і знаёмяць з жыццёвым і творчым шляхам Янкі Купалы маладое пакаленне магіляўчан.

З 2017 года ў нашай бібліятэцы рэалізуецца доўгатэрміновы праект «Янка Купала — наш гонар і нацыянальная слава». Мы праводзім інтэрактыўныя мерапрыемствы, арганізуем выставы, актыўна супрацоўнічаем з арганізацыямі, якія зацікаўлены ў прасоўванні беларускай культуры і творчасці паэта. А яшчэ ў нас ёсць куток беларускай культуры «Нам засталася спадчына», дзе сабраная літаратура, прысвечаная жыццю і творчасці аўтара, — адзначае загадчык бібліятэкі Дзіна Сцельчанка.
Галіна Жмачынская працуе загадчыкам інфармацыйна-сервіснага сектару бібліятэкі-філіяла № 9 ім. Я. Купалы. З маладых гадоў жанчына натхнялася песнямі ансамбля «Песняры» на словы беларускага паэта. Аднак сапраўдным аматарам творчасці аўтара магіляўчанка стала дзевяць год таму, калі ўстанове культуры прысвоілі імя народнага паэта. Дача паэта ў Ляўках, гара Парнас на тэрыторыі Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, з якой Купала выступаў перад студэнтамі, музей у казанскім сяле Печышчы, дзе паэт знаходзіўся ў эвакуацыі, і, канешне, вуліца Янкі Купалы ў Магілёве — для Галіны, не проста аб’екты ў калекцыі падарожніка, а яшчэ адна нагода і магчымасць бліжэй пазнаёміцца з любімым аўтарам.
P.S. Спадзяемся, цяпер вы, паважаныя чытачы, не разгубіцеся, калі ў вас запытаюць, як знайсці маленькую вуліцу, названую імем вялікага паэта.

Последние новости

Общество

Могилевчане, вы это сделали!

22 сентября 2025
Читать новость
Общество

Вуліца шчаслівых маіх успамінаў

22 сентября 2025
Читать новость
Безопасность

Слово специалистам: отвечает участковый инспектор

22 сентября 2025
Читать новость
Новости компаний

Вас выслушают — прямые телефонные линии 22 сентября

22 сентября 2025
Читать новость
Новости компаний

Могилевские таможенники -на страже национальных интересов

22 сентября 2025
Читать новость
Общество

Ручная работа «чараўнiцы», или искусство рождает чудеса

22 сентября 2025
Читать новость

Рекомендуем