Шанец на шчаслівую будучыню

Камісія па справах непаўналетніх: 108 гадоў абароны інтарэсаў дзяцей
Ужо чатыры гады выконвае абавязкі намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Іна Караткевіч. У яе руках і, што найбольш важна, сэрцы — сотні юных магіляўчан, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Педагог па прафесіі і мама па сацыяльным статусе, яна надзвычай востра адчувае праблему кожнай сям’і. «Весніку Магілёва» Іна Караткевіч расказала, чым сёння жыве камісія па справах непаўналетніх, да якіх мэт імкнецца і якімі вынікамі ганарыцца.
Ахова дзяцінства
Як сціпла заўважае Іна Фёдараўна, у КПН без душэўнага падыходу нельга. Кожны спецыяліст, які ўваходзіць у камісію, чулы і сардэчны чалавек, а таксама кампетэнтны прафесіянал. КПН як орган ужо 108 год служыць справе абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. За гэты час паўнапраўнымі грамадзянамі сталі незлічоныя тысячы дзяцей і падлеткаў, якім своечасовыя прэвентыўныя меры ці строгія, але справядлівыя рашэнні далі шанец на шчаслівае жыццё.

На працягу доўгага часу камісіі ахоўваюць правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, дапамагаюць падлеткам знайсці правільны шлях у жыцці і падтрымліваюць іх сем’і. Асноўная наша задача — правядзенне прафілактычнай работы з рознабаковым падыходам да рашэння праблем супрацьпраўных паводзінаў непаўналетніх. Падкрэслю: усё робіцца ў інтарэсах дзяцей, — удакладняе Іна Караткевіч.
Сёння ў Магілёве функцыянуе тры камісіі (пры Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэце і пры адміністрацыях Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў), у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі, органаў унутраных спраў, прадстаўнікі сістэмы органаў аховы здароўя і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, устаноў адукацыі.
Комплексны падыход дазваляе вырашаць праблемы не толькі дзяцей, але і іх бацькоў і сямей, якія знаходзяцца ў пэўнай складанай сітуацыі. Узначальваюць камісіі намеснікі па сацыяльных пытаннях старшыні гарвыканкама і глаў адміністрацый раёнаў.
Практыка з чалавечым пачаткам
Пасяджэнні камісіі збіраюцца па неабходнасці, але звычайна два разы на месяц. Здараецца, што членам КПН даводзіцца сустракацца экстрана, каб прыняць рашэнне па абароне дзіця, якое апынулася ў неспрыяльнай сітуацыі.
Сярод выпадкаў, якія трапляюць у фокус увагі камісіі, найперш адміністратыўныя правапарушэнні. Нельга сёння прыхоўваць, што нашы дзеці, на жаль, парушаюць закон. Таксама камісія разглядае справы па здзяйсненні непаўналетнімі злачынстваў. І яшчэ з 2025 года камісіям па справах непаўналетніх перададзены цалкам функцыі па каардынацыі дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх з сямей, у якіх склаліся неспрыяльныя для дзяцей абставіны.
Мы сёння разглядаем пытанні прызнання наяўнасці ў сем’ях крытэрыяў сацыяльна небяспечнага становішча і крайняй яго ступені — факту таго, што дзецям неабходная ахова дзяржавы. Да кожнага матэрыялу, кожнай сям’і імкнемся падабраць індывідуальны падыход.
Спецыялісты камісіі прымяняюць увесь свой прафесійны і жыццёвы досвед. Імкнуцца разабрацца ў прычынах, каб аказаць падлетку ці сям’і прававую, псіхалагічную і педагагічную дапамогу. Каб у будучым дзіця не пайшло па сцежцы, якая можа прывесці ў спецыялізаваныя ўстановы.
Разгляд і аналіз кожнай праблемнай сітуацыі, яе прычын і наступстваў — гэта няпроста. Мы не толькі вывучаем матэрыялы і прымаем рашэнні, але і спрабуем глыбока разабрацца ў тым, што паслужыла нагодай таго, што сям’я патрапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, — расказвае Іна Караткевіч. — Апошнім часам крыху змяніліся прычыны, па якіх мы прызнаем, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Калі ў 2024 годзе прычынай 75% выпадкаў надання сям’і статусу СНС паслужыла ўжыванне бацькамі алкаголю, то ў мінулым годзе гэты паказчык знізіўся да 63%. Аднак павялічыўся працэнт сямей, дзе прычынай узнікнення ў іх сацыяльна небяспечнага становішча стала невыкананне бацькамі сваіх прамых абавязкаў па выхаванні і забеспячэнні жыццядзейнасці дзяцей.
Мы бачым сёння выпадкі, калі бацькі наносяць траўмы сваім дзецям, выпадкі, калі катэгарычна не прытрымліваюцца медыцынскіх рэкамендацый у даглядзе за дзіцём. Калі бацькі не ствараюць неабходныя ўмовы для бяспечнага пражывання дзяцей. Калі жылое памяшканне ацяпляецца непрыдатнай для гэтага печчу, і мы разумеем, што нічога для яе рамонту і пазбягання надзвычайных сітуацый бацькі не прадпрымаюць. Такія ўмовы становяцца падставай для адабрання дзяцей з сям’і і размяшчэння іх у спецыяльнай установе. У Магілёве іх дзве: Дом дзіцяці, куды памяшчаюцца дзеці ад 0 да трох год, і Сацыяльна-педагагічны цэнтр Кастрычніцкага раёна.
З моманту, калі спецыялісты прынялі рашэнне скарыстацца крайняй мерай, праца з сям’ёй не толькі не перарываецца, а шматкратна ўзмацняецца па ўсіх напрамках. Усе зацікаўленыя службы не проста бяруць сям’ю на кантроль, але і вядуць, суправаджаюць, дапамагаюць, а часам і прымушаюць задумацца і змяніць свае паводзіны і погляды на жыццё. Часам супрацоўнікі камісіі вымушаны тлумачыць нядбайным мамам і татам элементарныя рэчы: як любіць сваё дзіця, як дапамагаць яму, а не шкодзіць.
Быў у маёй практыцы такі выпадак, калі мы, спецыялісты, вучылі маці навыкам дагляду за дзіцём. Прычынай адабрання дзіця з сям’і паслужылі зафіксаваныя ў медыцынскай установе шматлікія пераломы. На жаль, вымушана канстатаваць, што часта ў нашых рэаліях маладыя мамы за ведамі, якіх не хапае, ідуць у сацсеткі, а рэкамендацыямі прафесіяналаў з медыцынскіх і навучальных устаноў грэбуюць.
Асабісты досвед
У гарадскую камісію па справах непаўналетніх уваходзіць 12 чалавек. У коле прафесійных абавязкаў Іны Караткевіч — акумуляванне інфармацыі, падрыхтоўка да правядзення камісіі, вывучэнне матэрыялаў і абставінаў, каб сфарміраваць для камісіі аб’ектыўную і справядлівую пазіцыю.
Першы выклік на камісію — для сям’і заўсёды шок. Мы разумеем, што пасля гэтага дзіця пачынаюць актыўна выхоўваць ці нават абвінавачваць у тым, што псуе рэпутацыю сям’і. Мы разумеем гэты негатыў. але ёсць і сітуацыі, калі бацькі выказваюць нам словы падзякі, бо не заўсёды сям’я можа справіцца сваімі сіламі.
Быў выпадак, калі дзяўчынка пачала ўжываць спіртныя напоі, знаходзілася ў дрэнных кампаніях. Мы ўсведамлялі, што яшчэ крыху — і шляху назад не будзе. У патрэбны час падключыліся ўсе службы і іх сумесная праца дала вынік. Дзяўчынка выраўнялася, атрымала адукацыю. А потым тата і бабуля шчыра дзякавалі і ўстанове адукацыі, і КПН. Але на жаль, ёсць сітуацыі, калі адзіны выхад — ізаляцыя падлетка, накіраванне ў спецустанову. Як паказвае час, гэта дысцыплінуе, прыводзіць у тонус і дае магчымасць пачаць новае жыццё.
Ну а лепшая ўзнагарода для тых, хто працуе ў камісіі, — шчаслівыя дзеці.
Гады два таму мы разглядалі сітуацыю хлопчыка, маці якога вяла асацыяльны вобраз жыцця, а дзіця пакідала з бабуляй ці прабабуляй. Бацька ўдзел у выхаванні сына не прымаў, хаця працаваў на адным з прадпрыемстваў горада і добра характарызаваўся ў калектыве. Калі прынялі няпростае рашэнне, што дзіця трэба забіраць з сям’і, прапанавалі бацьку ўзяць яго да сябе. А ў адказ атрымалі: «Ён мне не патрэбны». Мне было цяжка зразумець гэтага маладога чалавека, які па ўзросце быў равеснікам майго сына.
Гісторыя атрымала нечаканы працяг. Супрацоўнікі камісіі па справах непаўналетніх яшчэ шэсць месяцаў выконвалі пратакол, прапрацоўвалі ўсе магчымыя варыянты. Малы ж у гэты час знаходзіўся ў Доме дзіцяці. Маці нават не прыходзіла праведаць сына. А вось у бацькі і дзядулі з бабуляй пасля размоў са спецыялістамі прачнуліся пачуцці. Мужчына рэгулярна наведваў пасяджэнні камісіі.
Праз тры месяцы тата ў чарговы раз прыйшоў да нас і сказаў, што настроены забраць сына да сябе. Мы такое рашэнне ўхвалілі і падтрымалі. І як жа я па-добраму была здзіўлена, калі сёлета прыйшла на ранішнік у дзіцячы садок да ўнучкі і ўбачыла, што разам з ёй у групе займаецца і той хлопчык. Бабуля і тата падтрымлівалі яго пад час выступлення, захапляліся кожным сказаным ім словам.
Забраць дзіця з сям’і неверагодна складана, сэрца разрываецца. Але такія моманты даюць упэўненасць: усё што мы робім, мы робім правільна.
Алёна Кухарава
