Рабочая прафесія — гарантаваная праца

Магілёўскі дзяржаўны каледж будаўніцтва адзначае 85-гадовы юбілей
Будынак пачынаецца з падмурка. Калі майстар паставіўся да яго абыякава — дому не выстаяць і перад звычайным ветрам. Гэтыя простыя ісціны ведаюць педагогі і студэнты Магілёўскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва ім. А.П. Старавойтава. «Падмурак» установы адукацыі заклалі 85 год таму. З таго часу змянілася многае, аднак усё так жа тут з піетэтам адносяцца да традыцый, якія дапамагаюць даваць пуцёўкі ў прафесійнае жыццё сотням маладых людзей.

Пачатак быў няпростым
Гісторыя каледжа пачалася ў 1940 годзе. Тады на ўскрайку Магілёва ў сасновым бары адчыніліся дзверы Магілёўскай школы фабрычна-завадскога навучання № 6. Вучэбныя класы, майстэрні і сталовая размясціліся ў шасці цагляных аднапавярховых будынках барачнага тыпу. У школе можна было засвоіць цяслярскую і сталярную справы, а таксама прафесію тынкоўшчыка, муляра і электраманцёра.
У маі 1941 года першы выпуск накіравалі на будоўлі горада. Новы ж набор не паспеў прыступіць да заняткаў — пачалася вайна. Супрацоўнікі школы прызыўнога ўзросту пайшлі на фронт, а тыя, хто заставаўся ў Магілёве, разам з навучэнцамі будавалі і ўзмацнялі лініі абароны вакол горада.
Першы дырэктар ФЗН № 6 Барыс Галынскі ў перыяд акупацыі ўдзельнічаў у падпольнай арганізацыі «Камітэт судзейнічання Чырвонай арміі». За антыфашысцкую дзейнасць яго арыштавалі і па-зверску закатавалі.
І толькі напачатку зімы 1944-га з’явілася магчымасць узнавіць заняткі. Цяжка ўявіць, якімі неабходнымі былі муляры, цесляры і столяры ў разбуранай і пакалечанай краіне.
Запатрабаваныя спецыялісты
У пасляваенныя гады школа часта змяняла свой профіль згодна з попытам на маладых спецыялістаў у розных галінах народнай гаспадаркі. Тут рыхтавалі шырокае кола спецыялістаў: ад будаўнікоў і слесараў па рамонце сельгасмашын да кавалёў, трактарыстаў і электразваршчыкаў.
У 70-я-80-я гады вялася і падрыхтоўка спецыялістаў для В’етнама, Лаоса, Афганістана і Емена. У сценах на той час Дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 58 рабочую пуцёўку ў жыццё атрымалі больш за 1000 хлопцаў і дзяўчат з гэтых краін.
У 2017 годзе пачаўся новы перыяд у жыцці навучальнай установы. Тады адзіным цэлым сталі прафесійныя ліцэі № 5 і № 9 імя А.П. Старавойтава. А ў 2023 годзе каледж атрымаў сваю сучасную назву.
Ад традыцый да навацый
Сёння Магілёўскі дзяржаўны каледж будаўніцтва імя А.П. Старавойтава — навучальная ўстанова, дзе рыхтуюць будаўнікоў разнастайнага профілю, а яе выпускнікі запатрабаваныя найбуйнейшымі прадпрыемствамі вобласці і краіны.
Ужо пяты год на чале педагагічнага калектыву стаіць Вольга Правашынская. Пад яе кіраўніцтвам сур’ёзная ўвага надаецца ўкараненню новых педагагічных тэхналогій у адукацыйным працэсе.
З 2023 года пачалі рыхтаваць майстроў вытворчага навучання. Гэта рост для нашай установы, бо мы пачалі рэалізоўваць праграму сярэдняй спецыяльнай адукацыі. І гэта ўдалая спроба вырашэння праблемы кадравага забеспячэння ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі будаўнічага профілю. Бо знайсці майстра, які і сам умее рабіць, і іншага можа навучыць — дастаткова складана, — распавядае Вольга Правашынская.
Нашы дзеці вельмі запатрабаваныя. Калі раней у нас стаялі пытанні, як і з кім узаемадзейнічаць для працаўладкавання выпускнікоў, то сёння на кожнага навучэнца паступае не менш за тры заяўкі ад патэнцыйных працадаўцаў, — дзеліцца поспехамі дырэктар каледжа.
Згодна з умовамі паступлення, кожны абітурыент ужо адпачатку ведае, дзе яму давядзецца працаваць. Гэта не абмяжоўвае, а дае стабільнасць і ўпэўненасць. Калі ж (здараецца і такое) месца будучай працы маладому чалавеку не прыйшлося да душы, прымяняецца індывідуальны падыход. Пачынаючы з другога курса, навучэнцы праходзяць практыку, якая, дарэчы, па ўмове ўстановы адукацыі толькі аплачваемая.
Таксама рэалізуем праграму дадатковай адукацыі дарослых, у межах якой нашы навучэнцы могуць павысіць свой прафесійны ўзровень і атрымаць яшчэ адну спецыяльнасць, якая павялічыць іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Мы вельмі ганарымся кожным дасягненнем навучэнцаў! У іх — вынікі нашай працы і пацверджанне таго, што як педагогі мы дзейнічаем правільна, — падкрэсліла Вольга Правашынская.

«Нашы дзеці — лепшыя!»
Гэтая фраза стала неафіцыйным дэвізам установы адукацыі. У ёй — не проста фармальнасць, а высокі прафесіяналізм і шчырая зацікаўленасць педагогаў, высокая матываванасць і пазітыўны настрой вучняў.
Адзін з навучэнцаў, якога ставяць у прыклад, якім ганарацца выкладчыкі і на якога раўняюцца таварышы — Арсеній Ігнатовіч. Хлопец кемлівы, дзелавіты, але просты і сціплы. Сферай будаўніцтва ён зацікавіўся дзякуючы бацьку, якому прафесійны накірунак у жыцці задала гэтая ж установа адукацыі. Сёлета Арсеній упершыню прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства «ProfSkills Belarus» па кампетэнцыі «Цагельная кладка» і заняў трэцяе месца.
Каледж зацікавіў мяне рознабаковасцю. Я не толькі вучуся, але і імкнуся прымяняць свае веды на практыцы — мне ўжо давялося прадстаўляць нашу ўстанову на пяці конкурсах. Мне падабаецца выпрабоўваць свае магчымасці, назіраць за тым, што робяць калегі з іншых каледжаў. У далейшым думаю працягнуць сваю адукацыю, а яшчэ хачу паспрабаваць класці печы — мне гэты накірунак падаецца цікавым.
Наступае на пяты таварышу-аднакурсніку і Уладзіслаў Танянскі. Зусім нядаўна ў абласным конкурсе муляраў хлопец паказаў высокі ўзровень майстэрства і стаў лепшым.
Людзі — асноўны капітал
Пра гэта ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы будаўніцтва імя А.П. Старавойтава заўсёды памятаюць. Прафесіяналы з вялікім досведам — важная частка калектыву: не толькі вучням перададуць веды і мудрасць, але і малодшым калегам дадуць каштоўную параду.
Не сакрэт, што поспехі вучня шмат у чым пачынаюцца з настаўніка. У нашым выпадку — з майстра вытворчага навучання Аляксандра Гоманава, які ведае, як з гліны вылепіць майстра.
Важна заўважыць маладога чалавека, у якога ёсць шчырае жаданне засвойваць пэўны накірунак. Зацікаўленасць — палова справы. Так было з Арсеніем і Уладам. Першапачаткова ў іх не выходзіла ідэальна, але дадатковыя заняткі, заданні павышанай складанасці і матывацыя зрабілі сваю справу, — падзяліўся прафесійным сакрэтам педагог.
Валянціна Глушакова ў каледжы з 1988 года. Тады за яе плячыма ўжо былі сур’ёзны прафесійны шлях і гады працы зваршчыкам на «Магілёўхімвалакно». Аднойчы выпадковая прапанова стала прызваннем.
Люблю дзяцей, таму і працую дагэтуль. Раней хацела пайсці ў дзіцячы садок, а потым жыццё само прывяло ў педагогіку. Мне заўсёды цікава працаваць з першым курсам: шукаць падыходы, вывучаць характары. Ганаруся сваімі вучнямі! Многія з іх дасягнулі сур’ёзных поспехаў у жыцці і сёння тэлефануюць мне, дзеляцца радасцямі.
Алёна Кухарава
Фота аўтара і з архіва каледжа
