Темы

Паліклінікі новага пакалення

Паліклінікі новага пакалення

Якаснае медыцынскае абслугоўванне павінна быць даступным для кожнага. Для Магілёва гэтая фраза — не проста словы. За ёй канкрэтныя дзеянні, якія спрыяюць павышэнню ўзроўню функцыянавання медыцынскіх устаноў і аказання кваліфікаванай дапамогі ўсім, каму гэта патрабуецца. Адзін з такіх крокаў — капітальны рамонт і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы паліклінік. У Год добраўпарадкавання ў Магілёве мадэрнізуюцца дзве медыцынскія ўстановы — паліклініка № 8 і паліклініка № 10. «Веснік Магілёва» зазірнуў на аб’екты, каб распавесці, якія новаўвядзенні ў аказанні медыцынскай дапамогі хутка стануць даступныя для пацыентаў.


Комплексны падыход
Ужо сёння паліклініку № 8 не пазнаць: свежы прывабны фасад, новы дызайн калідораў і кабінетаў… Аднак вакол усё яшчэ вядуцца маштабныя рамонтныя работы. Ды і ўнутранае напаўненне будынку пакуль не набыло завершаны выгляд.

Вось прыйдзіце да нас праз некалькі месяцаў і паглядзіце, як тут усё будзе прыгожа, зручна, даступна, — запрашае галоўны ўрач Наталля Кулыба.
Паліклініка № 8 пабудавана на вуліцы Сіманава ў 1980 годзе. Больш за сорак год установа глабальна не мадэрнізавалася. У 2024-м пачалося доўгачаканае абнаўленне.
Рамонтныя работы праводзяцца ў два этапы. Першы ўжо завершаны. У абноўленым вобразе і з новым абсталяваннем перад наведвальнікамі прадстала палова будынка, у якой зараз і атрымліваюць дапамогу пацыенты. У другой частцы праводзіцца дэмантаж і ўзмацненне канструкцый, а потым яе таксама чакае капітальнае абнаўленне.

Мадэрнізацыю мы перажываем сур’ёзную. Да завяршэння набліжаюцца фасадныя работы, афарбоўка. Частка будынка дадаткова ўзмацняецца, вядуцца маштабныя работы на чатырох паверхах і ў падвале. Таксама ў парадак прыводзіцца прылягаючая тэрыторыя: каля паліклінікі будзе новая паркоўка з асфальтавым пакрыццём і сучасная пляцоўка для збору смецця, што таксама важна. Уваходная група будзе адпавядаць усім патрабаванням па безбар’ерным асяродку: з’явіцца пандус, адпаведнымі элементамі папоўніцца і сама паліклініка, — удакладняе Наталля Кулыба.
Новы выгляд набудзе і зялёная зона каля будынку, у эстэтыку якой свае праўкі ўнесла летняя непагадзь. Хаця тэрыторыя напрамую не адносіцца да медыцынскай установы, гарадскія ўлады паклапаціліся і пра яе рэнавацыю.

Словы ўдзячнасці хочацца адрасаваць кіраўніцтву горада: калі пачаўся капітальны рамонт паліклінікі, паралельна пачалі добраўпарадкаваць паркавую зону, якая знаходзіцца непадалёк, каб уся тэрыторыя вакол нашай установы была аформлена ў адзіным стылі.


Часовая мера
Нягледзячы на рамонт, паліклініка працуе, а медыцынская дапамога пацыентам аказваецца ў поўным аб’ёме — для гэтага наладжана трохзменная праца калектыва. Жыхары мікразоны, што абслугоўваюцца ў медустанове (а гэта 33 тысячы чалавек), з разуменнем ставяцца да сітуацыі, тым больш што часовыя нязручнасці — адна з прыступак да сучаснай і камфортнай паліклінікі.
Скардзіцца пацыентам не даводзіцца і таму, што прыём, забор аналізаў, работа працэдурнага кабінета і дзённага аддзялення вядзецца строга па графіку. На час капрамонту паклапаціліся і пра камфорт маламабільных людзей: усю неабходную медыцынскую дапамогу яны могуць атрымаць на першым паверсе.


Ад інтэр’еру да абсталявання
Паліклініка — месца, куды людзі прыходзяць з розным настроем і самаадчуваннем, таму надзвычай важна, каб атмасфера тут была светлай і лёгкай, каб нават чаканне ў чарзе ці наведванне кабінета профільнага спецыяліста было спакойным. А пацыент мог атрымаць медыцынскую дапамогу высокага ўзроўню.


У той частцы, якая ўжо ўведзена ў эксплуатацыю, усё радуе чысцінёй і своеасаблівай эстэтыкай. Для кабінетаў кожнага паверха падабралі сваё колеравае афармленне, адпаведную кафлю і фарбу. Таксама закупілі новую мэблю. Усе гэтыя, здавалася б, нязначныя элементы разам гарманізуюць прастору.


Гемакаагулометар, электрафатометар, біяхімічны аналізатар — урач клінічнай лабараторнай дыягностыкі Жанна Самулева засыпала нас складанымі тэрмінамі. Аднак чалавеку дасведчанаму яны раскажуць многае. Усё гэта — новыя прыборы, што папоўнілі арсенал лабараторыі паліклінікі. Цяпер спецыялісты могуць праводзіць складаныя аналізы і атрымліваць расшыраныя вынікі.

Сярод іншых навінак абсталявання ў нас з’явіўся апарат, вельмі актуальны для пацыентаў з анеміямі: ён падлічвае наяўнасць рэтыкулацытаў, якія сведчаць аб выпрацоўцы маладых клетак, і тым самым пазбаўляе ад неабходнасці падлічваць лейкацытарную формулу праз мікраскоп. Спектрафатометар раней у нас быў аднаканальны — за адзін раз ён дазваляў праводзіць толькі адзін аналіз. Цяпер жа выкарыстоўваем апарат, які дазваляе адначасова праводзіць аналіз проб адразу ад шасці розных пацыентаў — гэта сур’ёзна паскарае нашу работу.


Абноўленая паліклініка хутка прадстане перад наведвальнікамі ва ўсёй прыгажосці. Як для пацыентаў, так і для медыцынскага персаналу тут будуць створаны максімальна камфортныя ўмовы. Увагу надалі як дробным дэталям, так і сур’ёзным момантам: закупілі шырокі пералік разнастайнага абсталявання — ад простых вагаў, растамераў, танометраў унутрывочнага ціску да найсучаснейшага апарату ультрагукавой дыягностыкі.

Цяпер у нас з’явіцца новае аддзяленне жаночай кансультацыі — да рамонту яго ўвогуле не існавала. Мы ўжо закупілі два відэакальпаскопы — для правядзення працэдур будуць абсталяваныя адпаведныя кабінеты. З’явіцца сучасны кабінет мамаграфіі, які ёсць далёка не ў кожнай паліклініцы, — падкрэсліла Наталля Кулыба.

У кабінеце оталарынголага з’явяцца лор-устаноўка і абсталяванне для аўдыяметрыі. Гэта толькі асобныя пазіцыі. А для павышэння якасці абслугоўвання ў нас з’явіцца электронная рэгістратура.


Самае лепшае — дзецям
Паліклініка № 10 у мікрараёне Саломінка з’явілася ў 2001 годзе. Тады яна прадугледжвала абслугоўванне толькі дарослага насельніцтва. З цягам часу ўзнікла патрэба адкрыць ва ўстанове педыятрычнае аддзяленне, пад якое адвялі другі паверх асноўнага будынку. Аднак гэтага аказалася мала. Яшчэ з нулявых гадоў да асноўнага корпусу прымыкаў каркас незавершанай прыбудовы. Яму вырашылі даць новае жыццё.

Да 2023 года блок не функцыянаваў. Аднак мікрараён пачаў хутка разрастацца. Ужо зараз у дзіцячым аддзяленні нашай паліклінікі абслугоўваецца 10600 дзяцей, і прагнозныя паказчыкі сведчаць, што такая станоўчая тэндэнцыя будзе захоўвацца. Таму неабходна было прадумаць варыянты расшырэння педыятрычнага аддзялення. Пад яго і вырашылі выкарыстаць незавершаную прыбудову, — распавяла галоўны ўрач Магілёўскай паліклінікі № 10 Таццяна Малуціна.

Архітэктары распрацавалі план, згодна з якім прадугледжаны частковы дэмантаж старога каркасу, а сама прыбудова будзе расшыраная. Зараз вядуцца дэмантажныя работы і пракладваюцца камунікацыі. У наступным годзе новае аддзяленне пачне функцыянаваць. У дадатковым блоку размесцяцца кабінеты ўчастковых педыятраў, вузкіх спецыялістаў, зала ЛФК, фізіятэрапеўтычныя кабінеты… Гэта дазволіць разгрузіць асноўны корпус, у якім зараз дзіцячае аддзяленне працуе ў тры змены, і наладзіць двухзменны графік.


Сярод плюсаў таксама асобныя ўваход, рэгістратура, гардэроб, электронная чарга. Прадугледжаны безбар’ерны асяродак для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі: для камфорту маламабільных маленькіх пацыентаў пачне працаваць ліфт. А пазітыўны настрой будзе ствараць арыгінальны дызайн у дзіцячай тэматыцы.

У новым блоку будзе ўсё неабходнае, прынамсі, свой кабінет забору крыві і кабінет функцыянальнай дыягностыкі. У дзіцячым аддзяленні з’явіцца асобны інфекцыйны блок. Новае педыятрычнае аддзяленне будзе адпавядаць усім найноўшым патрабаванням, — падкрэсліла Таццяна Леанідаўна.
Алёна Кухарава, фота аўтара

Последние новости

Здоровье

Паліклінікі новага пакалення

3 ноября 2025
Читать новость
Новости компаний

Направление, которое ждали очень многие

3 ноября 2025
Читать новость
Новости компаний

Белстат: более 19,6 млн рублей заработано на республиканском субботнике

3 ноября 2025
Читать новость
Культура

Дополнительный показ нашумевшего спектакля-китча «Пиковая дама»

3 ноября 2025
Читать новость
Общество

«И снова на пути стена, и я её пройти должна!»

3 ноября 2025
Читать новость
Важные

Лукашенко: кинофестиваль «Лiстапад» является знаковым событием, праздником добра и духовности

3 ноября 2025
Читать новость

Рекомендуем