Темы

Малалетнiя вязнi

Малалетнiя вязнi

Тамара Царык: дзяўчынка, якая выжыла
Тамара Яфімаўна Царык па прафесіі эканаміст-бухгалтар. Доўгія гады яна працавала на кіруючых пасадах ў фінансавым блоку вядучых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Магілёўшчыны, а ў абласной сталіцы яе прафесійны шлях быў звязаны з «Магатэксам». Жанчына прывыкла мець справу з лічбамі, таму і падыход да памяці ў яе строгі, прынцыповы і педантычны. А ўспамінаў у нашай гераіні шмат. Найбольш – у чорна-шэрай колеравай гаме падзей Вялікай Айчыннай вайны, якая суворым поступам прайшлася па ўсёй сям’і малалетняй вязніцы канцэнтрацыйнага лагеру «Азарычы».

Калі пачалася вайна…
…Тамары Шапялевіч было ўсяго шэсць – час, калі ў памяці ўжо пачынаюць адбівацца падзеі, якія потым пранясеш праз усё жыццё.
Шапялевічы жылі ў Бабруйску. Дачку маці, Надзея Якаўлеўна, гадавала адна: яе муж, што працаваў у стралковай ахове чыгункі, загінуў пры выкананні службовых абавязкаў яшчэ ў 1936-м. Калі немцы набліжаліся да Бабруйску, Тамара з мамаю выбіраліся з гораду ў кірунку малой радзімы – вёскі Пустошка.
– 20 кіламетраў мы крочылі пешкі, – узгадвае Тамара Яфімаўна. Але немцы нас апярэдзілі і занялі вёску раней. Пасяліліся мы ў маміных бацькоў. Аднак фашысты ўсё прыбывалі, і мясцовае насельніцтва пачалі выганяць з хат у пуні.
Свавольнічаць «новыя гаспадары» вёскі пачалі з першых дзён. Забаранілі вяскоўцам карыстацца гаспадаркаю, забіралі прадукты. А ў той час у хлявах малыя дзеці паміралі ад голаду.
Сям’і Тамары Яфімаўны пашчасціла: яны размясціліся ў невялічкай гаспадарчай пабудове, якую калісьці зрабіў дзядуля, каб захоўваць гародніну; там жа на выпадак марозаў мелася буржуйка.
Такі лад жыцця доўжыўся амаль тры гады. Бывала ўсялякае: дзядуля пёк хлеб для партызанаў, а Тамара з мамаю ля вакна сачылі, ці не ідуць немцы. па наводках паліцаяў фашысты чынілі расправы над сем’ямі народных мсціўцаў і ваенных… Аднак бязмерны жах напаткаў Пустошку ў 1944-м.
Азарычы
– Аднойчы ўсіх нас выгналі з двароў. У вёску прыйшлі доўгія закрытыя машыны – фуры – і ў іх пачалі загружаць людзей, у асноўным старых і дзяцей. Маладых пакідалі рыць акопы і выпраўлялі на працу ў Германію. Адзін з немцаў падказаў маме: схавайся на гадзіну і застанешся тут. А як застацца, калі мяне і дзядулю з бабуляй забіраюць, мы ўжо загружаны ў машыну? Тады мама абвязалася хусцінай, нібыта старуха, яе штурхнулі прыкладам, і яна паехала разам з намі.
У таварным вагоне без вокнаў і элементарных умоў пустошанцы стойма ехалі да станцыі Рудобелка. Адтуль строем вязні выправіліся ў смяротны шлях. Тамара Яфімаўна здолела прайсці пекла трох азарычскіх лагераў, што аказалася не па сілах многім дарослым людзям.
Фашысцкай ахове патрэбны быў адпачынак, таму на шляху да канчатковага пункту калона на пэўны час прыпынялася на пляцоўках, абсталяваных для ўтрымання людзей у няволі.
Кожная стаянка — адкрытае неба, безабароннасць перад прыродаю і чалавечай жорсткасцю, могілкі, дзе балота не паспявала хаваць у сваіх нетрах целы загінулых.
Вось як тыя страшныя дні ўзгадвае Тамара Царык:
– Дарога была невыноснаю. Людзі ішлі, падалі, уставалі ці назаўсёды заставаліся ляжаць у хмызняку ля шашы. Адстанеш — заб’юць. У мацярок адбіралі дзяцей, выкідвалі на ўзбочыну ці білі галавой аб дрэва… Памятаю, як ішлі, а пад нагамі ляжалі забітыя.
Першы лагер: гэта быў сакавік, снег, бездараж, гразь і мы ўсе мокрыя. Аднак мясцовасць такая, што можна было прысесці. Якая там зямля ў сакавіку, але ж гэта было не балота і можна было знайсці крыху бруднай вады, каб папіць.
Другі лагер я называю сухім. Папіць там не было нічога. За дротам працякала, як я памятаю, нейкая рачулка. І людзі паўзлі да яе. Але як толькі знясілены чалавек набліжаўся да вады – яго расстрэльвалі.
У трэцім лагеры ўжо было тое, чаго прагнулі немцы, – абсалютная смерць. Балота, ні кавалачку зямлі, ні кроплі вады, каб спаталіць смагу. Па калена ў твані мы прастаялі 10 дзён.
Ужо праз гады з друку Тамара Яфімаўна даведалася, у чым заключаўся жорсткі план фашыстаў. Людзей прыгналі на перадавую ў якасці жывога шчыта.
– Ішлі баі, і нас выставілі ў гэтым балоце, каб Чырвоная армія не магла страляць у немцаў. Савецкія салдаты не цэлілі ў нас, але шалёныя кулі, незразумела з якога боку, траплялі і ў вязняў.
Жорстка
і метадычна
Так фашысты знішчалі непатрэбнае насельніцтва акупаваных тэрыторый. Лагер у Азарычах злачынцы выкарыстоўвалі для выпрабавання бактэрыялагічнай зброі. Зняволеных і змучаных людзей заражалі сыпным тыфам.
– Гэтая хвароба распаўсюджваецца вошамі. Вось немцы заражаюць чалавека, кідаюць у людскі гушчар, а раніцай ужо маса хворых на тыф навокал. Я вытрымала, бо мне ўсё ж было 9 год, а малыя дзеці там усе і паляглі. Паміралі ад тыфу і ад голаду. Грызлі веткі, кару. Нас жа зусім не кармілі, не давалі вады. Калі хтосьці сек ветачку, каб пасцяліць і пакласці дзіця, – расстрэльвалі. У жывых ніхто не павінен быў застацца – гэта немцам было не патрэбна.
Дарогаю ў апошні з лагераў дзядуля Тамары Яфімаўны падвярнуў нагу і адстаў. Яго не расстралялі, а забілі прыкладамі. Напярэдадні сваёй апошняй вымушанай вандроўкі дзядуля паспеў нарыхтаваць сухароў, мяшэчак з якімі ўзяла маці Тамары. Гэтым запасам жывіліся сям’я і суседзі па лагеры, з якімі аб’яднала гора.
Асцярожна, людзі, пачакайце!
– У адну з начэй лагер загудзеў: прыйшлі чырвонаармейцы, адбілі нас у немцаў. Людзі крычаць, бягуць да салдат. А яны ў рупары заклікаюць: «Не выходзьце з лагера, усё навокал замініравана, раніцай прыйдуць сапёры і па адным вас выведуць! А як людзям чакаць? Людзі проста не ў стане былі знаходзіцца там, таму ішлі…
Родныя Тамары вырашылі пачакаць. Раніцай, калі выходзілі з лагера, ім давялося прабірацца праз знявечаных людзей, што падарваліся.
– У нас яшчэ былі сілы ісці самастойна, а большасць чырвонаармейцы выносілі на руках. Гераічныя рабяты, рызыкавалі. З балота выцягвалі ўсіх, хто яшчэ падаваў хоць якіясьці прыкметы жыцця.
Перш-наперш вызваленых вязняў накармілі і пасялілі ў школе ў Азарычах. Пасля кароткага адпачынку яны зноў выправіліся да чыгункі, ужо вольнымі людзьмі. Камандзірам і старшыням калгасаў даручылі рассяліць ахвяр фашысцкіх злачынстваў па вёсках, але мясцовыя жыхары ўсталі сцяной: усе ведалі, што разам з людзьмі ў хаты прыйдзе тыф.
Аднак загад ёсць загад. Былыя вязні прайшлі праз санпрапускнік, каб пазбавіцца ад вошай, і медыцынскі агляд.
– У непрытомным стане я патрапіла ў лазарэт. Хвароба ўзяла верх, – гэты кавалак жыцця Тамара Яфімаўна узгадвае па аповедах родных. – Хутка з фармулёўкай «не падлягае лячэнню» мяне выпісалі. Маму з бабуляй пасялілі ў вёску Тупічына Касцюковіцкага раёна. Гаспадар дома, дзе нам прызначылі жыць, у хату не пусціў. Пры хаце была нейкая прыбудоўка, там яны і размясціліся. А калі мяне выпісалі, то не дазволілі жыць нават у бакоўцы. У хляве над авечкамі зрабілі палок з дошак, там мяне і паклалі.
Выжыць маленькай, але моцнай дзяўчынцы дапамагла бабуля. Яна вызвалася даглядаць жывёлу дачкі гаспадара, якая разам з дзецьмі таксама патрапіла ў бальніцу з тыфам.
– Тады ж санэпідстанцыі не было, каб апрацаваць гэтую хату, таму ўсе баяліся туды ісці. Карова раве, свінні вішчаць… Мая бабуля не вытрымала і сказала гаспадару: «Дазвольце пайсці і дагледзець гаспадарку». Я пасля запытвала, як ёй ўдалося выжыць. І бабуля расказала, што ў хату не пайшла, а асталявалася ў калідорчыку, кіпнем абварыла нейкі тапчан, прылады, якімі трэба было карыстацца, памыла карову. Вяртацца да нас ёй забаранілі, але ноччу яна прабіралася ў аўчарню, паіла мяне сырадоем.
Тры сцяны роднага дому
У Пустошку сям’я вярнулася ў маі. Там жанчын сустрэлі толькі тры сцяны роднай хаты. Аднак іншым не засталося і гэтага.
– У мірныя часы ў вёсцы было каля ста двароў. А з вайны вярнуўся ўсяго адзін мужчына, і той без нагі. Сельскую гаспадарку падымалі жанчыны, аралі на сабе. Мы, дзеці, таксама працавалі ў калгасе…

Пасляваеннае жыццё, лічыць Тамара Яфімаўна, гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Тады цяжка прыйшлося ўсім. Але ў людзей было галоўнае – вера ў мірнае заўтра. Яна давала сілы жыць і пераадольваць любыя цяжкасці. Бо найвялікшая з іх – вайна – ужо была пройдзена.

Алёна Кухарава

Последние новости

Новости компаний

Форум «Мельница успеха»

11 мая 2026
Читать новость
Вакансии в Могилеве

Ярмарка вакансий

11 мая 2026
Читать новость
Общество

Двадцать три дня, ставшие вечностью

11 мая 2026
Читать новость
Культура

То, что нас всех объединяет!

11 мая 2026
Читать новость
Вайной апаленыя лёсы

Малалетнiя вязнi

11 мая 2026
Читать новость
Общество

Наши символы!

11 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем