Темы

Маладыя профі

Маладыя профі

Беларускія рэкі і азёры не надакучваюць нашаму герою, бо іх імклівыя плыні праходзяць праз самае яго сэрца…
Будні вадалаза-выратавальніка Рамана Аляксеева
Не заўсёды лёс размаўляе з чалавекам шчыра і адкрыта. Часам, каб знайсці сваю сцежку ў жыцці, трэба крочыць не адзін кіламетр блытанымі пуцявінамі і… у рэшце рэшт знайсці правільны маршрут. Які прывядзе да шчасця, поспеху і душэўнай раўнавагі. Менавіта такім шляхам у прафесію прыйшоў герой чарговага выпуска праекта «Маладыя профі» — вадалаз Пячэрскай выратавальнай станцыі ТВВОД Раман Аляксееў.

Вада — яго стыхія. Каля яе наш герой праводзіць працоўныя будні, яе ж выбірае і для адпачынку. Лепшым спосабам расслабіцца пасля напружанага дня Раман лічыць плаванне.

Прафесійная сцежка
Першапачаткова хлопец для прафесійнай будучыні выбраў творчасць. Аднак прыродная сціпласць (неадступная спадарожніца стрыманай абаяльнасці), рашучасць і імкненне быць бліжэй да прыроды перасілілі і направілі жыццё маладога чалавека ў іншым кірунку.

Спачатку я вучыўся ў каледжы мастацтваў на рэжысёра. Але з гэтай прафесіяй не склалася. Усё дзяцінства я правёў на лецішчы, каля вады: плаваў, займаўся грэбляй. Хацелася паспрабаваць знайсці прафесію па душы, дзе была б магчымасць насалоджвацца прыродаю, ракою. І так атрымалася, што ўсе мае жаданні сышліся ў вадалазнай справе.

Знаёмства з ТВВОД у Рамана Аляксеева адбылося пяць год таму. Тады працу выратавальніка ў якасці занятку на перспектыву ён не разглядаў і хацеў проста адпачыць летам на моры і падзарабіць грошай.

Мне прапанавалі падпрацаваць летам выратавальнікам ў Анапе. Але для гэтага патрэбныя былі дакументы, якія б пацвярджалі маю кваліфікацыю. А дзе іх узяць? Параілі звярнуцца ў Таварыства выратавання на водах. Для праходжання стажыроўкі мяне накіравалі на Дняпроўскую выратавальную станцыю. Мне спадабалася, і ў Анапу я так і не даехаў. Зараз я працую вадалазам, а пачынаў, як і ўсе, з матроса-выратавальніка. Сядзеў на вахце, назіраў за пляжам. Пасля мне прапанавалі не сезонную, а сталую працу: вывучыцца вадалазнай справе і працаваць у ТВВОД. Так я і прыйшоў у прафесію.

Занятак не для кожнага
Раман Аляксееў ідэальным лічыць дзень, калі няма надзвычайных здарэнняў і добрае надвор’е. Але будні часам рыхтуюць для спецыяліста разнастайныя сюрпрызы. Спраўляцца з імі заўсёды гатовыя дапамагчы сталыя і мудрыя калегі. Маладым жа людзям наш герой раіць не кідацца з галавою ў новую цікавую справу, а найперш разважліва ацаніць свае сілы.

Я працую ў камандзе прафесіяналаў, якія мяне навучылі, ад якіх і сёння маладое пакаленне пераймае досвед. Аднак і я, і мае калегі ў адзін голас можам сказаць: для таго каб стаць выратавальнікам, трэба адчуць гэтую прафесію, прыйсці хаця б на сезон і тады ўжо вырашаць, бачыш ты сябе далей у гэтай справе ці не. У нашым занятку трэба быць смелым. Гэта толькі так здаецца, што калі хтосьці тоне, з’яўляецца герой і ўсіх ратуе. Кожнае здарэнне — стрэс. Трэба дакладна асэнсоўваць свае дзеянні, ўсведамляць адказнасць.

За гады працы наш герой займеў дастаткова вялікі досвед выратавання, аднак вадалазам ён працуе не так доўга. І сёння ён усё яшчэ прымерваецца да ўнікальных абставінаў.

Кожнае пагружэнне — як першае. Заўсёды прысутнічае страх перад невядомым. Але ў нас у Беларусі няма асабліва вялікіх глыбінь. Да таго ж на канцы каната для сувязі ў нас заўсёды ёсць вадалаз, які страхуе, з якім пад час пагружэння абменьваешся інфармацыяй пра сітуацыю, пра самаадчуванне.
Яшчэ адзін цікавы абавязак супрацоўнікаў выратавальнай станцыі для Рамана не новы. У такой працы яму дапамагае творчы досвед.

Калі пачынаецца летні сезон, мы праводзім для дзяцей экскурсіі. Распавядаем аб правілах бяспечных паводзінаў на вадзе, вучым аказваць першую дапамогу. Каб дзеці ведалі і разумелі, што вада хавае небяспеку і не даруе несур’ёзнага стаўлення.

Высокая адказнасць
Задача вадалаза, калі з чалавекам здараецца непрадбачаная сітуацыя на вадзе, аказаць яму дапамогу. На Пячэрскай станцыі працуюць тры спецыялісты з такой кваліфікацыяй. Як толькі гучыць трывога, яны сядаюць у кацер і выпраўляюцца туды, дзе чалавек апынуўся ў бядзе.

Мне мая праца вельмі падабаецца, — з усмешкай адзначае Раман. — Лета праводжу на свежым паветры: сонца, вада, прырода — праца добрая. Аднак работа няпростая, кожную змену знаходзімся ў напружанні, трэба ўважліва сачыць за сітуацыяй на вадзе. Зімою, калі вадаёмы замярзаюць, сочым за рыбакамі, часам на лёд могуць выйсці і дзеці, таму і днём, і ноччу мы дзяжурым.
Асабліва адказны перыяд для супрацоўнікаў ТВВОД — лета. У спёку вада прыцягвае ўсіх. Пры цёплым надвор’і на пляжах цяжка знайсці вольнае месца, а выратавальнікі ў гэтым бачаць для сябе асаблівыя складанасці.

Сёлета, і гэта радуе, пакуль здарэнняў ніякіх не адбывалася, і нашая дапамога не была патрэбная. Але сезон толькі пачынаецца, спадзяюся, што ён будзе спакойным. Калі я працаваў на станцыі на Дняпры, бывалі выпадкі, калі адбываліся розныя здарэнні, якія патрабавалі нашага ўмяшальніцтва, бо, на жаль, не ўсе выконваюць правілы паводзінаў на вадзе. Здараліся і няшчасці, калі чалавека даводзілася даставаць з вады нежывым. Пакуль усё ціха і спакойна, аднак мы ўсё роўна застаемся пільнымі, — удакладняе наш герой.

Хлопец доўга не мог знайсці свой шлях у жыцці, часам сумненні ў правільнасці выбару адольваюць яго і сёння. Аднак, па меркаванні маладога спецыяліста, ёсць у прафесіі вадалаза-выратавальніка істотны плюс: дапамагаць людзям заўсёды прыемна. У такія хвіліны наш герой адчувае важнасць сваёй працы.
Кацярына Васількова
Фота Ганны СТАШКЕВІЧ

Последние новости

Культура

Льётся музыка

17 сентября 2025
Читать новость
Общество

Могилев готов к празднованию Дня народного единства!

17 сентября 2025
Читать новость
Градостроители

+100 к выносливости. Многофункциональная силовая площадка появилась на улице Фатина

17 сентября 2025
Читать новость
Общество

Мошенник путем злоупотребления доверием обманул 10 женщин  

17 сентября 2025
Читать новость
Градостроители

На старте новых достижений!

17 сентября 2025
Читать новость
Здоровье

Мэр Могилева Сергей Чертков «прописал» молодым медикам любовь к Могилеву и своей стране!

17 сентября 2025
Читать новость