Магілёўскія школьнікі на канікулах і адпачываюць, і працуюць

Летняя занятасць — карысны досвед
У сезон летніх канікул для школьнікаў існуе вялікая колькасць варыянтаў для баўлення вольнага часу. Хтосьці выпраўляецца ў летні лагер, хтосьці праводзіць час з сям’ёй і сябрамі на лецішчы. Ёсць сярод безлічы магчымасцяў і такая: паспытаць свае сілы, атрымаць першы працоўны досвед і ўпершыню самастойна зарабіць грошы. Яе школьнікам прапануюць у тым ліку ў іх родных установах адукацыі.
Дапамагчы школе
Найбольш распаўсюджаны від летняй працоўнай занятасці — у студэнцкіх атрадах, якія курыруе БРСМ. Клапоцяцца пра тое, каб школьнікі праводзілі канікулы прадуктыўна і з карысцю, таксама і ўстановы адукацыі. Тут вучням прапануюць шырокі спектр разнастайных форм занятасці.
Адна з іх, другасная, прадугледжвае рамонт мэблі, кніг, памяшканняў (афарбоўка сцен водаэмульсійнай фарбай), пашыў швейных вырабаў. А вось лагеры працы і адпачынку ўяўляюць сабой сімбіёз цікавых экскурсій, выхаваўчых мерапрыемстваў і пасільнай працы. Занятак знойдзецца для кожнага. Галоўная ўмова — узрост, большы за 14 год, і дазвол бацькоў.
Дзеці ад 14 да 16 год працуюць 4,6 гадзіны, тыя ж, каму споўнілася 16, маюць права на сямігадзінны працоўны дзень з абавязковым перапынкам на абед.
Да таго ж школьнікі атрымліваюць працоўныя кніжкі і па выніках дзесяці-пятнаццаці дзён працы — заробак. Ён, напрыклад, у клейшчыка кніг складае каля 250 рублёў.
У калгасе «Радзіма»
Сярэдняя школа № 24 не так даўно пачала адлічваць сваё новае існаванне. Сёлета ўстанова адукацыі сустрэла першыя летнія канікулы. Аднак план, як правесці іх весела і разнастайна, тут склалі даўно.
Дзецям прапанавалі надзвычай цікавую летнюю прыгоду. Лагер працы і адпачынку, што дзейнічаў пры ўстанове адукацыі ў чэрвені, не толькі падараваў школьнікам новыя ўражанні, але і пазнаёміў 15 юных магіляўчан са спрадвечным заняткам беларусаў — сельскай гаспадаркай.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 24 Аліна Клачкова адзначае, што летняя занятасць дае школьнікам значна больш, чым можа падацца на першы погляд.
Нашы дзеці сёлета дапамагалі СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна праводзіць відавую праполку збожжавых культур. Для іх арганізоўвалі экскурсіі па сельскагаспадарчых аб’ектах, знаёмілі з прынцыпамі функцыянавання гаспадаркі. Школьнікі бавілі час на свежым паветры, рабілі карысную справу і да таго ж атрымлівалі новыя веды. Для гарадскіх дзяцей такі від актыўнага адпачынку быў новым і незвычайным. Аднак яны добра сябе зарэкамендавалі, і па выніках працы кожны атрымае заслужаны заробак. Звычайна дзеці, калі перад імі паўстае неабходнасць выбару прафесіі, губляюцца. А праца ў летнім лагеры ў тым ліку можа дапамагчы ім больш шырока паглядзець на рынак прафесій ў Беларусі.
Унікальнасць лагера працы і адпачынку ў тым, што 15 дзён школьнікі не толькі развіваюць навыкі, якія спатрэбяцца ў далейшым жыцці, але і падарожнічаюць, наведваюць экскурсіі і разнастайныя забаўляльныя і выхаваўчыя мерапрыемствы ва ўстанове адукацыі.
Увогуле для нашай школы такі досвед быў новым. Але ўсім вельмі спадабалася. Таму з новага навучальнага года мы заключаем дамову з СВК «Калгас «Радзіма». Кожную чацвёртую суботу месяца вучні розных класаў будуць выязджаць на базы гэтага прадпрыемства, каб знаёміцца з сельскай гаспадаркай, прафесіямі, спецыфікай.
Запатрабаваная праца
У сярэднюю школу № 32 мы завіталі ў самы разгар працоўнага дня. Нягледзячы на тое, што большасць школьнікаў зараз адпачывае на канікулах, вірлівае жыццё ў гэтай установе адукацыі не спыняецца і летам. Клапоцяцца пра добраўпарадкаванне супрацоўнікі школы, ратуюць кветкі ад спёкі наведвальнікі летняга лагера. А мы накіраваліся ў школьную бібліятэку, дзе дружная каманда з дзевяці старшакласнікаў займаецца рамонтам кніжнага фонду школы.
У пакоі бібліятэкі цішыня. Засяроджана і старанна хлопцы аглядаюць падручнікі, вырашаюць, што і як трэба падправіць, каб кніга зноў ажыла. Праца нескладная, асаблівых навыкаў не патрабуе, аднак 10 дзён такога занятку прынясуць школьнікам карысны працоўны досвед і салідны заробак.
Як адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай працы сярэдняй школы № 32 Аксана Бурачэўская, на лета ствараюцца часовыя вакансіі. З ахвотнікаў нават утвараецца чарга. Але пры працаўладкаванні прыярытэт аддаюць школьнікам, якія ўваходзяць у падкантрольныя катэгорыі, дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сямей, а таксама пераможцам алімпіяд па прадметах «абслугоўваючая праца» і «тэхнічная праца».
З Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога выканаўчага камітэта школа супрацоўнічае даўно. Штогод мы працаўладкоўваем каля 40 вучняў. Спектр работ для іх дастаткова вялікі. Дзяўчаты займаюцца пашывам камплектаў пасцельнай бялізны для групы падоўжанага дня, а таксама дабрачыннасцю. Сёлета па дабрачыннай праграме мы выканалі заказы Рэсцянскага дома-інтэрната і Мсціслаўскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Хлопцы, пры наяўнасці неабходных навыкаў, ажыццяўляюць бягучы рамонт мэблі, а таксама фарбуюць цокаль фасаду. Таксама мы арганізуем працу ў школьнай бібліятэцы, — распавяла Аксана Леанідаўна.
Сёлета ў школе працаўладкавана 32 вучні, на другасную занятасць школьнікаў з бюджэту было вылучана 16,5 тыс. рублёў. На гэтыя грошы былі закуплены ўсе неабходныя для працы матэрыялы; у гэтую суму закладзена і зарплата для юных працаўнікоў.
З 4 ліпеня ва ўстанове адукацыі праца вядзецца па двух кірунках: рамонце кніг у школьнай бібліятэцы і афарбоўцы цокаля. Зусім хутка да іх далучыцца брыгада па пашыве. Дарэчы, частка школьнікаў сваю працоўную дзесяціднеўку прайшла ў чэрвені.
Працоўны дзень у школьнікаў, як і патрабуецца, кароткі. Графік таксама зручны. Да абеда дзеці паспяваюць завершыць усе справы і прысвячаюць другую палову дня сваім ўласным інтарэсам. Школьнікам такая работа ў радасць, адзначае вучань 9 «Б» Раман Кускоў.
Летам я вырашыў правесці час з карысцю і папрацаваць клейшчыкам кніг у школьнай бібліятэцы. Лічу, што гэта добрая магчымасць не толькі зарабіць грошы, але і правесці час з таварышамі.
Рамантуе падручнікі і дзіцячую літаратуру з школьнага фонду і яго аднакласнік і цёзка Раман Гулянкоў. Хлопцы сябруюць, таму сумесная работа праходзіць весела.
Пра магчымасць падзарабіць на канікулах даведаўся ад сваёй класнай кіраўніцы. Я рады, што магу зарабіць свае першыя грошы, а таксама атрымаць неблагі працоўны досвед.
Алёна КУХАРАВА. Фото аўтара