Лепшага настаўніка года выбралі ў абласным цэнтры

Школа моцная педагогамі
Вынікі гарадскога этапу творчага і інтэлектуальнага прафесійнага спаборніцтва сярод педагогаў падвялі ў сярэдняй школе № 24 ім. К. Сіманава. За званне «Настаўнік года» змагаліся 35 удзельнікаў з 31 установы адукацыі горада. У вочным этапе самапрэзентацыі на тэму «Школа = жыццё» на суд журы прадставілі 14 фіналістаў. А лепшым педагогам Магілёва стаў настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 34 Ілья Кіртока.

Флагманы адукацыі
Фінал конкурсу, які ў мінулую пятніцу прымала самая маладая ўстанова адукацыі Магілёва — СШ № 24 ім. К. Сіманава, падсумаваў вялікую працу канкурсантаў і кампетэнтнага журы. Для таго каб патрапіць на сцэну і атрымаць магчымасць творча расказаць пра свой педагагічны і жыццёвы досвед, прафесійныя прынцыпы і ўнікальныя выхаваўчыя знаходкі, настаўнікі прайшлі некалькі папярэдніх этапаў.
У завочным фармаце ўдзельнікі прадставілі медыявізіткі і абагульненне педагагічнага досведу. Праявіць прафесійнае майстэрства прапанавалі на адкрытым уроку ў незнаёмым класе, а перадаць вопыт калегам — на майстар-класе для вопытных педагогаў і ў педагагічнай майстэрні для маладых спецыялістаў.
Як адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Асмалоўская, конкурс педагагічнага майстэрства — заўсёды нечаканасць. Праявіць сябе можа кожны, таму журы штогод няпроста рабіць выбар: таленавітых і вартых перамогі педагогаў у Магілёве шмат.


- Прэзентацыйнае выступленне — зусім не тое ж самае, што зайсці ў клас і правесці ўрок. Тут праяўляюцца ўжо больш высокі ўзровень прамоўніцкага майстэрства і камунікацыйныя якасці. На апошнім конкурсным этапе мы можам ацаніць, як педагог паводзіць сябе перад аўдыторыяй, ці здолеў ён сабрацца, сканцэнтраваць намаганні і паказаць найлепшыя свае бакі, свой прафесіяналізм.
Сцэнічная самапрэзентацыя на тэму «Школа = жыццё» і педагагічны брыфінг, дзе настаўнікі выступалі ў якасці ўдзельнікаў своеасаблівай творчай метадычнай лабараторыі, пацвердзілі тыя вобразы канкурсантаў, якія сфарміравалі этапы, што засталіся «за кулісамі». Урок — асноўнае, што характарызуе педагога. Сёння ўсё склалася. Спадзяемся, што і сёлета нашы педагогі прадэманструюць свой прафесіяналізм на абласным этапе конкурса.
Душэўнасць — галоўны сакрэт
У настаўніцы біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 8 Веранікі Нячай за плячыма ўжо ёсць досвед удзелу ў конкурсе «Настаўнік года». Сёлета педагог да выступлення падышла арыгінальна: членам журы яна прэзентавала не толькі сваю працу, але і цікавыя захапленні, якія ў тым ліку дапамагаюць зацікавіць дзяцей прадметам. Са сцэны магіляўчанка распавяла, што шмат год вырошчвае архідэі розных гатункаў (сёння ў калекцыі ўжо больш за 100 штук), а ў дамашнім «жывым кутку» трымае пяць яшчарак, адна з якіх саставіла кампанію канкурсантцы ў самапрэзентацыі. - У выступленні імкнулася паказаць сваю мнагаграннасць, адкрытасць, уменне вучыцца новаму і, канешне, любоў да дзяцей. Дзеці — гэта наша ўсё. Люблю заходзіць у клас і бачыць вочы вучняў, для мяне гэта самае важнае, больш значнае, чым любыя алімпіяды і конкурсы. Калі ты заўважаеш, што вочы ў дзяцей гараць агеньчыкамі цікавасці, калі адчуваеш, што цябе разумеюць, калі табе задаюць пытанні, з табой раяцца і да цябе прыслухоўваюцца, разумееш, што недарэмна прыйшла ў прафесію, — падзялілася эмоцыямі канкурсантка.
Ганна Галаўкова на педагагічнай ніве шчыруе ўжо восьмы год. За гэты час настаўніца хіміі сярэдняй школы № 42 не толькі ўлілася ў калектыў і засвоіла нюансы прафесіі, але і выпрацавала ўласныя падыходы да выкладання і выхавання. Апошнім часам, прызнаецца малады педагог, даводзіцца крыху мяняць тактыку: тэхналогіі бягуць наперад, настаўнікам жа важна не адставаць. Аднак першымі ў шэрагу прафесійных сакрэтаў, як і ва ўсе часы, застаюцца чалавечыя якасці. - Хацелася прадэманстраваць простую ісціну: да дзяцей трэба прыходзіць з расчыненай душою. Толькі так усталюецца добры кантакт і школьнікі будуць вывучаць прадмет са шчырым жаданнем. Для таго каб развівацца ў прафесіі, у сучасным свеце існуе безліч магчымасцяў, галоўнае — умець імі карыстацца. Напрыклад, той жа штучны інтэлект: на жаль, вучні ўсё часцей ужываюць яго, каб лёгка здабыць адказы, і зусім не фільтруюць інфармацыю. Педагогу ж сучасныя тэхналогіі могуць дапамагчы зрабіць выкладанне больш разнастайным і займальным.
Уласны прыклад
Андрэй Бязлепкін працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў гімназіі № 3. Педагог не толькі мае за плячыма моцную метадычную базу, але і заўсёды гатовы натхніць вучняў уласным прыкладам: Андрэй Віктаравіч — заўзяты ўдзельнік разнастайных спартыўных спаборніцтваў. У маладосці ён 10 год працаваў важатым у піянерскім лагеры «Артэк». Багаты жыццёвы досвед і нязгасная энергія з году ў год дапамагаюць настаўніку заваёўваць галоўную ўзнагароду — павагу вучняў. - Для мяне школа сапраўды роўная жыццю. Я вельмі шмат часу праводжу з дзецьмі, на курсах павышэння кваліфікацыі з настаўнікамі. Сёння паказаў гісторыю сваёй педагагічнай дзейнасці. Абавязковай умовай лічу асабісты прыклад. Можна доўга распавядаць дзецям пра сусветныя рэкорды і дасягненне вышынь. Але калі словы не пацвярджаюцца тваімі асабістымі дзеяннямі, то вельмі складана гучаць упэўнена. Лічу, што мая асабістая актыўнасць — частка майго прафесійнага поспеху.
Віват, пераможцы!
Абсалютным пераможцам конкурсу стаў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 34 Ілья Кіртока.
Па выніках творчага і інтэлектуальнага спаборніцтва малады педагог атрымаў не толькі званне «Настаўнік года горада Магілёва», але і права прадставіць сталіцу рэгіёна на абласным этапе. - Настаўнікам я працую дзясяты год. Аднак, нягледзячы на пэўны досвед, у тым ліку і ўдзел у падобным конкурсе для маладых педагогаў, крыху хваляваўся. Хацелася прэзентаваць сваю працу сучасна, каб гэта было пра мяне і маю асабістую сцежку ў прафесію, — адзначыў канкурсант.
Шляхам да перамогі разам з любімым настаўнікам прайшлі яго вучні: актыўная падтрымка ад школьнікаў дадала ў выступленне Ільі Ігаравіча задору і экспрэсіі. Істотна дапамаглі і юнацкія захапленні: у творчай скарбонцы педагога ёсць гады ўдзелу ў Клубе вясёлых і знаходлівых. - Лічу, што хваліць сябе — не вельмі сціпла, таму ў нумары стараўся рэпрэзентаваць свой вопыт праз дзяцей. Важным для мяне было паказаць, як я ўзаемадзейнічаю з вучнямі і якое ў іх стаўленне да мяне. Тое, што мы з рабятамі былі разам на сцэне, вельмі дапамагло — я зарадзіўся ад іх спакоем і ўпэўненасцю.
Досвед публічных выступленняў, лічыць настаўнік, дапамагае хутка арыентавацца, інтэрактыўна камунікаваць, імправізаваць, а пры неабходнасці трапна разбаўляць выкладанне тэмы добрым гумарам.
Наперадзе Ілью Кіртоку і лепшых настаўнікаў па катэгорыях чакае сур’ёзная падрыхтоўка. Вясною яны будуць абараняць гонар Магілёва на абласным этапе, а, мабыць, і на рэспубліканскім. і, хто ведае, магчыма, аднаму з іх удасца дасягнуць найвышэйшай планкі — звання лепшага настаўніка краіны.
Алёна Кухарава, фота аўтара
