І на вайне ёсць месца цуду

Гісторыя карэннай магіляўчанкі Любові Ярмолавай прываблівае пярэстай геаграфіяй: Тула, Навасібірск, пасёлак Метрастроевец. Аднак ёсць на карце яе жыцця асаблівы пункт. Горад Нойштадт, у якім жанчына з’явілася на свет, далёкі ад Беларусі, з чужым і нязвыклым найменнем. Ён ніколі не назавецца яе малой радзімай, бо туды беларускую сям’ю прывялі не жаданне паглядзець свет ці пошукі лепшага жыцця, а суворая і жорсткая вайна.

У глыбінях памяці
З Любоўю Сяргееўнай мы сустракаемся ў яе светлай і прасторнай магілёўскай кватэры. Больш за сорак год таму, пахадзіўшы сцежкамі вялікай краіны, нарадзіўшы дзяцей і перажыўшы асабістую трагедыю – гібель мужа, наша гераіня вярнулася ў родны горад. Да бацькоў, да сваёй зямлі, да спакою і трываласці. Цяпер магіляўчанка называе сябе шчаслівай: дзеці блізка, унукі радуюць поспехамі, мір і згода крочаць побач у абліччы любімага чалавека Аляксандра Міхайлавіча. Цяжкія гады ваеннага ліхалецця яе памяць клапатліва прыглушыла, схавала ў самыя далёкія куткі.
Мір і вайна
– Мама мая, Марыя Міхайлаўна, руская, з Тульскай вобласці, з двух гадоў засталася сіратою, бо яе маці памерла пры родах, і яна расла са сваімі дарослымі сёстрамі. Тата, Сяргей Кірылавіч, – беларус, з Магілёва. Да вайны ён, як і шмат хто ў тыя часы, у пошуках заробку апынуўся на шахтах у Тульскай вобласці. Мама там жа працавала ў сталовай. Яны пазнаёміліся, ажаніліся і разам прыехалі ў Магілёў.
Сяргей Кірылавіч Шахноў вырас у Магілёве, у раёне за цяперашнім аўтавакзалам. Нягледзячы на тое, што ў сям’і гадавалася яшчэ шасцёра дзяцей, ён скончыў сем класаў, што па тых часах лічылася дастаткова высокім узроўнем адукацыі. Марыя Міхайлаўна ж была непісьменнай.
– Першай у таты і мамы нарадзілася дзяўчынка, якая неўзабаве памерла ад запалення лёгкіх, затым нарадзіўся хлопчык – мой старэйшы брат Валік. Вайну яны сустрэлі ўтрох. Тата на фронт не трапіў, бо працаваў на чыгунцы, а яе функцыянаванне забяспечвалі да таго моманту, як у горад уварваліся немцы. Часы былі страшныя, небяспечныя. Мама па характары была смелай. Трэба было выжываць.
Праз пэўны час фашысты пачалі вывозіць насельніцтва з акупаванай Беларусі ў Германію. Кадравы дэфіцыт на прадпрыемствах (у тым ліку абароннай прамысловаці) закрывалі нашымі землякамі. Пад адну з такіх кампаній па вывазе насельніцтва трапіла і сям’я Шахновых, а таксама родныя Сяргея Кірылавіча.
– У пэўны момант усю нашу сям’ю і сям’ю бацькі выправілі ў Германію. Канешне, умовы былі нечалавечыя, ставіліся да людзей, як да быдла. У Германіі бацькі апынуліся ў горадзе Нойштадт. Напэўна, гэта быў працоўны лагер, бо тата рабіў на заводзе. А маму прызначылі на кухню.
Цуд сярод цемры
Калі стала зразумела, што Марыя чакае дзіця, простыя нямецкія жанчыны спачувальна паставіліся да яе сітуацыі. Сабралі сёе-тое з дзіцячых рэчаў, пялюшкі, нават каляску.
– Другога чэрвеня 1944 года мама нарадзіла двайнят: мяне і майго брата Жэніка. У такіх умовах! Гэта цуд! Мама ўвесь час працавала на кухні, дзякуючы чаму мы і не памерлі ад голаду. Нягледзячы на наша з’яўленне, ад працы маму ніхто не вызваляў.
Выжыць у цяжкіх выпрабаваннях на чужыне сям’і дапамог і лёс. Калі вайна перайшла на землі захопленай фашыстамі Еўропы і да баявых дзеянняў далучыліся саюзнікі, амерыканцы пачалі бамбіць нямецкія гарады. Любоў Сяргееўна ўзгадвае татаў аповед: як толькі ўсіх палонных выганялі на расстрэл, з неба сыпаліся бомбы. Хутчэй за ўсё гэта былі выпадковасці, але для Шахновых яны аказаліся шчаслівымі.
Доўгі шлях дамоў
– Амерыканцы вызвалілі горад Ной-штадт ад фашыстаў і прапанавалі палонным тры варыянты: застацца ў Германіі, паехаць у Амерыку ці вяртацца дамоў. Бацькі не сумняваліся: толькі дамоў, толькі на Радзіму.
Шлях у Беларусь расцягнуўся на два месяцы, ехалі праз Польшчу. Маме даводзілася выкручвацца, карміць сям’ю. Яна і квас гатавала і прадавала, нашы пялюшкі сушыла ў сябе на жываце. Такая ахвярнасць была ад яе, толькі б мы выжылі. І выжылі.
Праз доўгія месяцы сям’я нарэшце вярнулася ў Магілёў. На чужыне ніхто не загінуў, але наступствы напаткалі пазней, сказаліся на здароўі.
Новае жыццё сям’я пачала будаваць не ў Магілёве, а ў прыгарадным районе, так званых «Чарапках», дзе зараз размяшчаецца завод Магілёўтрансмаш, а раней была ганчарная, затым чарапічная і, нарэшце, цагельная вытворчасць. Для аднаўлення горада патрэбны былі матэрыялы, а там здабывалі гліну, якую потым перапрацоўвалі ў неабходныя вырабы.
Сяргей Кірылавіч пайшоў працаваць майстрам на прадпрыемства, а Марыя Міхайлаўна займалася дзецьмі, якіх у першыя пасляваенныя гады ў сям’і стала пяцёра. Калі малыя падраслі, маці ўладкавалася ў Пячэрскае аддзяленне псіхіятрычнай бальніцы санітаркай. У доме Шахновых заўсёды было людна: акрамя членаў сям’і ў сціплую хату часта зазіралі бацькавы знаёмыя і таварышы па працы. Яго, адукаванага чалавека, прасілі скласці заяву, напісаць зварот, штосьці параіць.
Ва ўспамінах нашай гераіні дзяцінства засталося вясёлым часам, дзе ўсім было добра і хораша. І гэтаму ёсць лагічнае і вельмі цікавае тлумачэнне.
– Адразу пасля вайны гарадскія ўлады адкрылі кругласутачны дзіцячы садок. Там сабралі ўсіх мясцовых дзяцей з нашага пасёлка каля заводу і ваколіцы. Там жа мы праводзілі ўвесь свой час пад наглядам сардэчных людзей – выхавацеляў і нянь. Нас цудоўна кармілі: заўсёды былі малако, мяса. А якія ў нас былі святы! Салюты, навагоднія імпрэзы, касцюміраваныя прадстаўленні. Жылі мы там і днём, і ноччу.
Мудрыя дарослыя разумелі, што вайна адбілася на кожным маленькім чалавеку, таму імкнуліся як мага хутчэй прагнаць яе з памяці любоўю, клопатам, пяшчотай.
– Я задаволена сваім дзяцінствам – яно сапраўды было шчаслівым! Галоўнае – мы былі сытыя, – так шчыра і проста тлумачыць наша гераіня.
Па жыцці надзейна і ўпэўнена
Любові Сяргееўне Ярмолавай ёсць што ўзгадаць у сваім жыцці. Насычаная маладосць, дзе кожны верыў у шчаслівую будучыню, імкнуўся быць карысным у прафесіі, смела крочыў наперад, лёгка мяняў прапіску, бо ведаў, што жыве ў адной бальшой краіне, дзе паўсюль сябры і таварышы. Свой жыццёвы шлях яна звязала з педагогікай і сорак год выкладала рускую мову і літаратуру: адразу ў Расіі, а пасля і на малой радзіме ў Магілёве.
Сёння яна адна з галоўных актывістак у Магілёўскай асацыяцыі малалетніх вязняў фашысцкай няволі, валанцёр, які мае падапечных больш сталага ўзросту, і проста чалавек з актыўнай пазіцыяй, вялікай прагай і любоўю да жыцця. Апошнія засталіся з ёю насуперак суворай і цёмнай вайне.
Алёна Кухарава, фота аўтара і з сямейнага архіва гераіні
