Год беларускай жанчыны

Прафесійнае шчасце Таццяны Васільевай
Хто сказаў, што існуе гендэрны падзел у прафесіях? Хто прыдумаў, што сярод металургаў няма месца жанчынам? Калі ўсё ж у нашым грамадстве знойдуцца такія скептыкі, мы падрыхтавалі грунтоўны адказ. Карэспандэнты газеты пабывалі на Магілёўскім металургічным заводе, каб распавесці пра кантралёра кавальска-прэсавых работ 5 разраду службы якасці Таццяну Васільеву.

Адказнасць і досвед – сакрэты поспеху
Дваццаць пяць год працоўнага стажу – менавіта такі працоўны досвед звязвае нашу гераіню з прафесіяй кантралёра якасці. Пасля заканчэння школы Таццяна Васільева абрала для сябе сцежку ў будаўнічую сферу. Скончыла каледж, але душа ўсё ж да такой дзейнасці не ляжала. Таму паспрабаваць свае сілы і зрабіць першыя крокі ў прафесійным жыцці магіляўчанка вырашыла на адным з буйных прадпрыемстваў горада – заводзе «Строммашына».
– Пачынала вучнем кантралёра. На прадпрыемстве атрымала разрад, пасля яго павысіла, затым стала кантрольным майстрам. Вучылася на практыцы. У мяне былі добрыя настаўнікі і добрыя кнігі, я ва ўсё ўнікала, бо мне гэта было цікава і вельмі падабалася. Сёлета мой працоўны стаж дасягнуў дваццаціпяцігадовай мяжы. Своеасаблівы юбілей. Пасля «Строммашыны» прыйшла працаваць на Магілёўскі металургічны завод, – распавядае Таццяна Васільева.
Занятак у нашай гераіні спецыфічны. Механічная праца, што паўтараецца на працягу змены, патрабуе надзвычайнай пільнасці і канцэнтрацыі. Аднак гэта не надакучвае – у тонусе дапамагае трымацца пачуццё адказнасці. Не толькі перад калегамі, але і перад спажыўцамі прадукцыі прадпрыемства.
Цікавае ў складаным
– Наша праца – кантроль за якасцю восей, бо цэх вырабляе толькі гэты від прадукцыі. Да кантролю кожная партыя своеасаблівым чынам рыхтуецца: зачышчаюцца тарцы, правяраецца маркіроўка. Наступным этапам восі прывозяць да нас. І пачынаецца паслядоўная праца. Кожная партыя складаецца з дванаццаці штук, кожную з іх трэба абмерыць, агледзець, упэўніцца ў яе прыдатнасці для выкарыстання, адпаведнасці неабходным параметрам і занесці інфармацыю ў пратакол.
Таццяна Васільева да выканання сваіх абавязкаў падыходзіць з асаблівай мудрасцю, заўсёды трымаючы ў галаве не толькі рэальнасць, але і будучыню, у якой вось адправіцца да месца прызначэння, дзе яе будуць выкарыстоўваць…
– Я як кантралёр нясу асабістую адказнасць за якасць прадукцыі. На кожным вырабе ставіцца кляймо змены, якая складаецца з двух чалавек. Калі раптам здараецца такое, што праз пэўны час выяўляецца схаваны дэфект, ці кантралёр штосьці прапусціў, тады правяраецца кляймо змены. Аднак такое здараецца рэдка – не дапускаем. Нашы штодзённыя спадарожнікі – канцэнтрацыя і павышаная ўвага, каб не здарылася нічога непрадбачанага. Я адказваю за тое, каб ні з кім нічога дрэннага не здарылася, бо восі ідуць на цягнікі, на якіх ездзяць людзі.
Цяжкасці прафесіі – спецыфічны графік і начныя змены. Аднак, на здзіўленне, гэтаму аспекту працы Таццяна Васільева надае пазітыўную афарбоўку.
– У мяне два працоўныя дні, дзве ночы і за імі чатыры выхадных. Мне такі графік вельмі падабаецца! Дні адпачынку – гэта магчымасць наведаць любыя арганізацыі, установы, можна спакойна займацца сваімі справамі.
А яшчэ у нас вельмі добры калектыў, таму на працу хочацца вяртацца зноў і зноў.
На пытанне, што ў прафесіі самае цікавае, магіляўчанка адказвае немудрагеліста, але шчыра:
– Тое, што мая праца карысная. Для людзей, для жыцця, для краіны.
Можна быць рознай
Наша гераіня сваім прыкладам сцвярджае: няма перашкод для чалавека, якому сапраўды хочацца развівацца і расці. З задзелам на будучыню Таццяна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, навучаецца завочна на эканамічным профілі. Прага да новага і жаданне з кожным днём станавіцца лепш – для яе моцны імпульс і таемная сіла.
– Паступаць вучыцца пасля столькіх гадоў працы не баялася. Памяць трэба трэніраваць. Мне паспяхова ўдаецца засвойваць вялікі аб’ём інфармацыі за кароткі тэрмін сэсіі, на курсе я адна з лепшых, – дзеліцца поспехамі Таццяна.
Па-за сценамі прадпрыемства ў магіляўчанкі віруе не менш цікавае жыццё. Жыхарка прыватнага сектару абласнога цэнтру, Таццяна Васільева карыстаецца ўсімі перавагамі такога ладу жыцця. Творчая асоба захапляецца садаводствам, любіць вырошчваць разнастайныя расліны: кветкі, гародніну, экзоты (не заўсёды атрымліваецца, але радасць прыносяць і спробы). Цікавіцца таксама і кулінарыяй, нядаўна адкрыла для сябе паназіяцкую кухню. Любіць ствараць сваімі рукамі ўнутраны дэкор. Хобі нашай гераіні – папяровая лаза, з якой яна пляце кошыкі, – для сябе і на падарункі. Сакрэт рознабаковасці інтарэсаў просты: творчасць дапамагае ёй разгрузіць галаву.
За столькі год працы Металургічны завод стаў для нашай гераіні родным. Усё, што хацела бачыць у прафесіі, яна ўжо знайшла.
– Я на сваім месцы. І гэта вельмі важна. Камусьці на раду напісана быць хатняй гаспадыняй, камусьці настаўнікам… А я проста адчуваю, што гэта мая справа, і я павінна быць менавіта тут.
Алёна Кухарава
Фота аўтара
