Добрыя весткі ў кожны дом

Каждый день наш город живет свою жизнь, насыщенную яркими событиями, принимает гостей и с гордостью показывает им все лучшее, что создается в Могилеве. За всем этим стоит труд тысяч людей, влюбленных в свое дело. Но не менее значим вклад и тех, кто оказывает услуги, к примеру как героиня нашей публикации, почтальон Людмила Билиевская, которая вместе с прессой приносит в дома добрые вести. Знакомьтесь с ней в новом проекте «Зачетная работа».
Проект «ВМ»
Больш за 10 год таму педагог Людміла Біліеўская пачала жыццё ў новым статусе — пенсіянеркі. Тады ж у асабістую гісторыю жвавай і няўрымслівай магіляўчанкі прыйшла новая справа, у якой спалучаліся камунікацыя, актыўны вобраз жыцця і шпацыры па родным горадзе. Жанчына вырашыла паспрабаваць сябе ў прафесіі паштальёна. І не памылілася! Сёння яе з радасцю чакаюць у кватэрах і дамах, з пенсіяй, прэсай ці проста добрымі весткамі. А яшчэ яе паважаюць калегі і навічкі-практыканты, якім наша гераіня з радасцю перадае прафесійны і жыццёвы досвед.
Праца да душы
Свой працоўны шлях Людміла Францаўна пачала выкладчыкам фізікі і матэматыкі ў тагачасным Палітэхнічным тэхнікуме. У разнастайнай педагагічнай біяграфіі нашай гераіні ёсць таксама старонкі настаўніцкай дзейнасці ў гімназіях горада. Усё гэта дазволіла магіляўчанцы набыць каштоўны досвед камунікацый з рознымі людзьмі, які спатрэбіўся ёй у новым прафесійным жыцці.
- Заўсёды лічыла, што нельга спыняцца, сядзець на адным месцы. Таму, як выйшла на пенсію, вырашыла стаць паштальёнам. Калі прыняла такое рашэнне, мае дочкі вельмі здзівіліся і нават абурыліся. Думалі, што я жартую. У сур’ёзнасць майго настрою не верылі шмат год і перыядычна запытвалі, колькі гэта будзе працягвацца. Але з часам прызвычаіліся, тым больш што бачаць: я задаволена сваёй працай і на душы ў мяне добра.
Магілёў для Людмілы Біліеўскай — горад жыцця: тут яна нарадзілася і вырасла. Таму новаспечанаму паштальёну не спатрэбілася вывучаць вуліцы абласнога цэнтра — амаль ва ўсіх кутках даводзілася пабываць. Ды і ўвогуле, у прафесію магіляўчанка прыйшла з упэўненасцю, што любую справу, любы занятак чалавек можа засвоіць. Калі сапраўды хочаш — для цябе няма межаў.
Тым, хто лічыць працу паштальёна немудрагелістай, маўляў, што такога ў тым, каб разнесці лісты ці газеты, дадзім такую нагоду для роздумаў. Свой дзень сціплыя працаўнікі праводзяць на нагах, выконваючы працу пры любым надвор’і і ў любым настроі. Бо ўчорашняя газета наўрад ці кагосьці зацікавіць. Ды і адпачываюць паштальёны ўсяго адзін дзень на тыдзень — у нядзелю, калі прэса ў нашай краіне не друкуецца.
Падрабязнасці кожнага дня
Участак, на якім працуе Людміла Біліеўская, пачынаецца ад Дыягнастычнага цэнтра і заканчваецца за аўтавакзалам вуліцамі Кобрынскай, Індустрыяльнай, Ціміразеўскай… Наша гераіня абслугоўвае як прыватны сектар, так і шматкватэрныя дамы, дзіцячыя садкі, арганізацыі. - Афіцыйна мой працоўны дзень пачынаецца ў дзевяць, але я імкнуся прыходзіць раней. Перш наперш трэба падабраць газеты і пошту. Усю карэспандэнцыю і прэсу мы з сабой не носім, а раздзяляем на часткі і робім падборкі, якія машына падвозіць у спецыяльныя скрыні, размешчаныя на нашым маршруце: у кожнага паштальёна на ўчастку па дзве такія скрыні. Такая сістэма вельмі зручная: прыходзіш, ключыкам адмыкаеш скрыню і забіраеш сваю «пасылку», — распавядае пра нюансы працы Людміла Біліеўская.
Адзіны мінус, які з усмешкай адзначае наша гераіня, у тым, што развоз падборак не паспявае за хуткай на працу паштальёнкай, таму ёй даводзіцца крыху збаўляць тэмп і чакаць «дазапраўкі» каля скрыні.
А галоўны плюс сваёй працы магіляўчанка бачыць у несупынных руху і камунікацыі. - Я называю сваю працу фітнэсам, які нельга адмяніць. Мне заўсёды хочацца рухацца: стаяць і чакаць — не для мяне, у стане спакою я пачынаю нервавацца, — жартуе Людміла Францаўна.
Сярод прыемных момантаў, па меркаванні нашай гераіні, і тое, што «паштовыя кур’еры» праводзяць свой працоўны час не ў офісах, а на свежым паветры, без цяжару думак у галаве, а ў кожным доме ці арганізацыі іх ветліва сустракаюць. - Мая прафесія — гэта штодзённае ўзаемадзеянне. і не толькі з пажылымі людзьмі — да нас у аддзяленне на лета прыходзяць школьнікі і студэнты, усіх іх па традыцыі даручаюць мне для навучання. Мне падабаецца — нібыта я і не адыходзіла ад сваёй першай прафесіі. І сама зараджаюся ад іх энергетыкай, даведваюся пра новыя павевы, вучуся сучасным слоўцам. У такія моманты адчуваю, як маладзею душой.
Душэўны падыход
Асаблівы этап у працоўным графіку нашай гераіні — падпісная кампанія. У такія перыяды нагрузка павялічваецца: у горадзе шмат арганізацый і шмат хто традыцыйна выбірае падпіску на выданні, якія лічаць аўтарытэтнымі. Сярод любімых у магіляўчан, удакладняе Людміла Францаўна і гарадская газета «Веснік Магілёва». Ды і сама паштальён любіць пачаць раніцу серады з агляду падзей, якімі жыве абласная сталіца. - Падпісчыкаў шмат, людзі выпісваюць прэсу, давяраючы традыцыйным выданням. Афармляю падпіску для звычайных грамадзян, у дзіцячыя садкі, на прадпрыемствы… Многія мае падпісчыкі карыстаюцца і дадатковымі паслугамі: просяць прынесці з нашай гандлёвай кропкі, напрыклад, цукру ці круп, хлебу, хтосьці замаўляе паштоўку ці святочны канверт. Шмат з кім трымаю асабісты кантакт, каб пажылы чалавек мог звярнуцца ў любы момант, а не толькі тады, калі я прынясу пенсію.
Калі паштальён укладвае ў працу яшчэ і часцінку душы, простая справа пераўтвараецца ў высокую місію. Для шматлікіх людзей, якіх жыццёвыя абставіны вымушаюць увесь час знаходзіцца ў замкнутай прасторы свайго дому ці кватэры, паштальён становіцца адной з нямногіх нітачак сувязі з навакольным светам. - Ад сваёй працы атрымліваю задавальненне. Ёсць адзінокія людзі, якія чакаюць, калі я прыйду, хочуць паразмаўляць. Для іх дзень пенсіі ці заказнога ліста — свята. Найперш ад таго, што іх прыносіць чалавек, а значыць, можна штосьці запытаць, аб чымсці папрасіць, альбо проста пагутарыць. Хтосьці дзеліцца праблемамі, распавядае пра сваё жыццё-быццё. І ў такія моманты прыемна ўсведамляць, што ты важны для кагосьці, і нават невялікі твой унёсак, добрае слова ці нават самая дробная справа могуць істотна дапамагчы чалавеку.
Пра асабістае
Галоўныя матыватары для Людмілы Біліеўскай — яе дзеці і ўнукі. Ад іх яна падпітваецца энергіяй. І, як прызнаецца наша гераіня, якім бы складаным ні быў працоўны дзень, для сям’і яна ніколі не стамляецца. Вольны час актыўная магіляўчанка любіць праводзіць карысна і цікава. Захапляецца тэатрам, для родных і сяброў арганізуе калектыўныя паходы, у тым ліку на паказы праграмы фестываля M.@RT.KАHTAKT, знаходзіць час для спорту: басейн, каток, да нядаўняга часу — горныя лыжы, любіць чытаць і вышываць крыжыкам. А асаблівы азарт у нашай гераіні выклікаюць падарожжы: прафесія дапамагла бліжэй пазнаёміцца з родным горадам і распаліла прагу да неспазнанага і цікавага.
Кацярына Васількова
Фота аўтара
Працоўныя і жыццёвыя прынцыпы Людмілы Біліеўскай
Ніколі не праходзіць міма тых, каму патрэбна дапамога, нават за межамі прафесійных кампетэнцый.
Працаваць з добрым настроем і знаходзіць пазітыў у кожным дні.
Калі ўзяўся за справу — рабі яе якасна.
Узаемавыручка і падтрымка — фундамент добрых адносін у калектыве.
За любой прафесіяй, справай, праблемай трэба найперш бачыць чалавека.
