Аб гэтым гавораць: чысты горад створым чыімі рукамі?

Спецыялізаванае аўтапрадпрыемства існуе ў Магілёве амаль сто год. За гэты час яно неаднойчы рэарганізавалася, але яго асноўная функцыя — забяспечваць чысціню і парадак у горадзе — заставалася нязменнай. Апошнім часам прадпрыемства апынулася ў цэнтры інфаполя: сёння яго дзейнасць магіляўчане абмяркоўваюць у тым ліку і ў сацыяльных сетках нашага выдання. «Веснік Магілёва» таксама паглыбіўся ў тэму.

Сфера дзейнасці
Пра МДКУ «САП», верагодна, ведаюць усе жыхары Магілёва. Спецыялісты прадпрыемства пазбаўляюць увесь горад — ад прыватнага сектару да шматпавярховак — ад смецця, якое неадступна суправаджае нашае жыццё. З кожным годам колькасць адходаў чалавечай дзейнасці павялічваецца. І гэта заканамерна. А значыць, узрастае і нагрузка на тых, хто падтрымлівае санітарны стан абласной сталіцы на належным узроўні.
Акрамя збору адходаў у насельніцтва і юрыдычных асоб у кампетэнцыях САПа яшчэ і дадатковыя паслугі: рамонт аўтатранспарту, вываз і захаванне будаўнічага і буйнагабарытнага смецця і многае іншае. Прадпрыемства з года ў год пацвярджае высокі ўзровень работы. Аднак сённяшні наш матэрыял не зусім пра гэта.
І зноў пра… смецце
Прыгожы, дагледжаны і ахайны двор, россып духмяных кветак, мірныя размовы пенсіянераў на лавачках і дзіцячы смех на гульнявых пляцоўках. Пагадзіцеся, ідылічная карціна. І як бяльмо на воку — кантэйнерная пляцоўка, заваленая горамі буйнагабарытнага смецця.
Адкуль яно тут з’явілася? Хто прыклаў да «бруднай справы» руку? Высветліць не цяжка. А яшчэ проста здагадацца, што змагаецца з наступствамі хаатычнага забруджвання дваравых тэрыторый буйнагабарытным смеццем менавіта Спецаўтапрадпрыемства.
Зразумела, што не ўсім такі выгляд двара падабаецца. Звычайна несанкцыянаваная сметніца з будаўнічых адходаў з’яўляецца ў выніку таго, што ў адной з вялікай колькасці кватэр шматпавярховага жылога дома робяць рамонт, мяняюць вокны ці абнаўляюць мэблю. Іншым жа жыхарам двара нічога не застаецца, акрамя як маўкліва чакаць, пакуль прыедзе машына і спецыялісты МДКУ «САП» ачысцяць кантэйнерную пляцоўку для збору бытавога смецця ад таго, што на ёй захоўвацца не павінна.
Да такіх разваг нас падштурхнуў двор дома № 46 па бульвары Непакораных. Сюды мы зазірнулі, каб паглядзець, як работнікі Спецаўтапрадпрыемства наводзяць парадак. І тут жа трапілі ў зону пільнай увагі мясцовых жыхароў.
Жанчыны пацікавіліся, што мы здымаем, і тут жа падзяліліся сваімі хваляваннямі.
На кантэйнерных пляцоўках прапісаны правілы, але ніхто іх не прытрымліваецца. Парушальнікаў трэба штрафаваць. Адзін, другі, трэці раз — і ўсталюецца парадак. Мы, пенсіянеры, сваімі сіламі імкнемся ўпрыгожыць двор, даглядаем клумбы, збіраем смецце, якое заносіць на іх вецер. Трэба, каб была строгасць. А яшчэ, каб за несанкцыянаванае забруджванне двара вінаватых каралі. Мы гэтага не бачым. На кантэйнерных пляцоўках усталяваны камеры. Але парушэнні працягваюцца. І такая сітуацыя не толькі ў нашым двары, — распавялі магіляўчанкі.
Як бачыце, суседзі добра ведаюць, хто, што і калі прынёс на сметніцу. Рамонт — справа маштабная, правесці яго незаўважна амаль немагчыма. Іншае пытанне, што інфармацыя пра большасць парушэнняў так ніколі і не становіцца агульнавядомай: бабулі-пенсіянеркі моўчкі трываюць сапраўдныя здзекі суседзяў, якія, верагодна, у мэтах эканоміі сваіх сродкаў і часу працягваюць засмечваць эстэтычнае асяроддзе вакол сябе.

Камеры — фікцыя?
Размова з жыхаркамі дамоў па бульвары Непакораных прымусіла нас звярнуцца яшчэ да адной балючай для магіляўчан і САПа тэмы. У інтэрнэце распаўсюдзілася меркаванне, якое можна сфармуляваць прыкладна так:Папярэджанні пра відэаздымку размешчаны амаль на ўсіх пляцоўках для збора смецця, але насамрэч ніякіх камер там няма. А калі і ёсць, іх ніхто не праглядае, а значыць, парушэнні не адсочваюцца і ніхто ніколі не будзе пакараны за парушэнне правілаў абыходжання з адходамі, — так крытычна заўважаюць пад пастамі ў нашых сацыяльных сетках асобныя магіляўчане.
Мы выправіліся на базу Спецаўтапрадпрыемства, каб разабрацца, ці адпавядаюць рэальнасці такія каментарыі.
Як распавёў вядучы юрысконсульт МДКУ «САП» Кірыл Абрамаў, для кантролю за станам кантэйнерных пляцовак у Магілёве ўсталявана каля 160 камер відэаназірання.Запісы адсочваюцца ў рэжыме рэальнага часу, каб не дапусціць размяшчэння буйнагабарытных і будаўнічых адходаў. Заканадаўства забараняе размяшчэнне такіх адходаў у межах кантэйнерных пляцовак, але несвядомыя грамадзяне ў начны час на ўласных аўтамабілях вывозяць смецце ў месцы, якія гэта не прадугледжваюць. Што і прыводзіць да антысанітарнага стану і захламлення амаль усіх пляцовак у Магілёве.
На прадпрыемстве выпрацавалі простую, але эфектыўную схему барацьбы з парушэннямі правілаў абыходжання з адходамі. Механізм такі:
майстры і праграмісты праглядаюць запісы камер відэаназірання ў рэальным часе;
відэа з зафіксаваным правапарушэннем адпраўляецца ў агульны чат;
юрыст рыхтуе дакументы для перадачы ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
парушальнікаў правілаў выяўляюць і штрафуюць (да 30 базавых велічынь).
Сумнявацца ў дзейснасці такой схемы не даводзіцца. Лічбы красамоўна сведчаць пра тое, што любое правапарушэнне ў рэшце рэшт становіцца агульнавядомым фактам.За 2024 год да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 18 чалавек, за 6 месяцаў 2025-га ўжо 12 чалавек былі пакараныя, — удакладніў Кірыл Абрамаў.

МДКУ «САП» запрашае
Колькі б разоў мы ні пісалі пра ўласную зацікаўленасць людзей у падтрыманні чысціні і парадку ў дварах, пра неабходнасць выканання элементарных правілаў, частцы гараджан (не выключана, што сярод іх тыя самыя парушальнікі) прасцей перакласці асабістую адказнасць на кагосьці іншага і ўвогуле перавесці тэму. Сярод каментарыяў у сацсетках чытаем: «Камеры і штрафы непатрэбныя, САП павінен: своечасова забіраць смецце, будаваць новыя пляцоўкі для буйнагабарытнага смецця ў кожным двары і г.д».
Усе канструктыўныя крытычныя заўвагі будуць адзначаны. САП не прыхоўвае: наспела кадравае пытанне. Сёння прадпрыемства зацікаўлена ў вадзіцелях.Для забеспячэння бесперабойнага графіка вывазу смецця і падтрымання належнага санітарнага стану мы прыцягваем староннія арганізацыі. У тым ліку, па даручэнні кіраўніцтва Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта, шэраг прадпрыемстваў у бліжэйшы час будзе дапамагаць нам людзьмі і тэхнікай. Гарадскія ўлады ад нашых праблем не адасабляюцца, — падкрэсліў першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер МДКУ «САП» Аляксандр Бурачкоў.
Для патэнцыйных працаўнікоў прадпрыемства прапануе добрыя ўмовы. Сваёй гісторыяй працы ў МДКУ «САП» з «Веснікам Магілёва» падзяліўся вадзіцель Ягор Галянтаў. Сярод асноўных якасцяў, патрэбных вадзіцелю смеццявоза, ён вылучае дысцыпліну, адказнасць і досвед: вузкія двары шматпавярховых дамоў з вялікай колькасцю асабістага транспарту гараджан вымушаюць вадзіцеляў прымяняць увесь свой прафесіяналізм. Адзначае і наступнае: той, хто хоча і гатовы працаваць у САПе, будзе і годна зарабляць.На Спецаўтапрадпрыемстве я працую з 2022 года. Прызвычаіўся да габарытаў машыны, таму праблем не ўзнікае. Заработная плата ў мяне здзельна-прэміяльная. У сярэднім атрымліваю 3500 рублёў, — расказаў Ягор Галянтаў.
Кацярына Васількова
Здымкі Ганны СТАШКЕВІЧ