Рэтраспектыва: гісторыя магілёўскай авіяцыі

Крыху больш за стагоддзе таму лятальныя апараты ў небе над горадам здзіўлялі і нават пужалі магіляўчан. Сёння ж цяжка знайсці ў свеце чалавека, які б не ведаў пра існаванне авіяцыі. І не захапляўся тым, як спрашчае жыццё чалавецтва магчымасць узнімацца над зямлёй і хутка перамяшчацца паміж рознымі кропкамі планеты. Чарговы выпуск рубрыкі «Рэтраспектыва» прысвечаны гісторыі Магілёўскай авіяцыі. Пра тое, як у нашым горадзе з’явіліся самалёты і лётчыкі, распавядае юны эксперт — вучаніца 5 класа гімназіі № 4 Віялета Талкачова.
Абдымаючы неба Аэрадром на Лупалава
Гісторыя Магілёўскага аэрадрома пачынаецца яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны. Аэрапланы ў небе над горадам жыхары маглі назіраць у 1915 годзе, калі ў Магілёў прыбыў асобы авіяцыйны атрад для абароны з паветра Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
У другой палове 1930-х у Магілёве быў абсталяваны ўжо паўнавартасны ваенны аэрадром, які функцыянаваў да 1972 года. Размешчаны ён быў прыкладна паміж сучасным бульварам Непакораных і праспектам Шміта, на месцы сучаснай гімназіі № 4.
Прайшло шмат часу, але захаваўся адзін будынак — тэрмінал, дзе знаходзіліся дыспетчарскі і перагаворны пункты. Калі праводзілі рамонтныя работы, былі выяўлены жалезабетонныя пліты, на якія садзіліся самалёты. Узлётна-пасадачная паласа была з боку вуліцы Габраўскай і парка 60-годдзя Кастрычніка. Некалькі гадоў таму, калі пракладвалі цеплатрасу па бульвары Непакораных, выкапалі авіяцыйную бомбу часоў Вялікай Айчыннай вайны. Нашы самалёты ў 1941 годзе ўзляталі адсюль бамбіць варожыя войскі.

Перад вайной ваенны аэрадром Лупалава абслугоўвала 172 авіяцыйная база. Яе гісторыя пачынаецца з верасня 1940 года. На аэрадроме «Магілёў» базіраваліся 162 і 163 знішчальныя авіяцыйныя палкі з самалётамі І-16, якія ўваходзілі ў 43 знішчальную авіядывізію генерала Г.М. Захарава.
Напачатку вайны на аэрадроме базіраваўся 313 асобны разведвальна-бамбавальны авіяполк. Забеспячэннем фарміравання займаўся 268 батальён аэрадромнага абслугоўвання.
Мірнае неба
16 верасня 1946 года на паўднёвай ускраіне Магілёва, паблізу Лупалава, на грунтовым ваенным аэрадроме прызямлілася звяно з трох самалётаў Па-2 105 Гомельскага авіяатрада. Гэта былі першыя грамадзянскія авіятары ў Магілёве — людзі, якія прайшлі вайну.

Памяшканнем для размяшчэння спецыялістаў звяна, так званым «офісам», была звычайная цыстэрна, у якой былі зроблены адтуліна для дзвярэй, насціл у якасці падлогі, а замест стала і табурэтак доўгі час выкарыстоўваліся драўляныя скрыні. Так пачаліся першыя пасляваенныя палёты ў беларускім небе — паштовыя перавозкі і палёты па санітарных заданнях. Ваенная авіяцыя канчаткова пакінула аэрадром у 1954 годзе.
Грамадзянская ж авіяцыя паступова развівалася. І ў 1957 годзе старэнькія самалёты Па-2 саступілі дарогу ў неба па тых часах новай тэхніцы — самалётам Як-12. Да раней выконваемых відаў работ дадаліся аказанне дапамогі сельскай гаспадарцы і авіяцыйна-хімічная апрацоўка.
У 1961 годзе паступае ў эксплуатацыю першы самалёт Ан-2. Пачынаюцца пасажырскія перавозкі ўнутры вобласці. З 1965 года авіяэскадрылля атрымлівае статус самастойнага авіяпрадпрыемства і падпарадкоўваецца Беларускаму ўпраўленню грамадзянскай авіяцыі. Пачынаецца выкананне рэгулярных пасажырскіх і грузавых палётаў на самалёце Іл-14 па маршруце Мінск — Магілёў — Масква. З 1969 года пачынаюцца перавозкі на больш сучасным самалёце Ан-24.
Міжнародны аэрапорт
Сёння ў нашым горадзе функцыянуе міжнародны аэрапорт. Начальнік Магілёўскага філіяла Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па аэранавігацыйным абслугоўванні паветранага руху «Белаэранавігацыя» Аляксей Мазурэнка распавядае, што напачатку 70-х (у сувязі з разрастаннем горада і будаўніцтвам завода саюзнага значэння «Хімвалакно») наспела неабходнасць вынасу аэрапорта за горад. Было знойдзена прыдатнае для аэрадрома поле ў 17 км ад Магілёва каля вёскі Лубнішча.

У 1972 годзе 63 авіяэскадрылля перамяшчаецца на новае месца — цяперашні аэрадром. Палёты не спыняюцца. Кіраўніцтва Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі прымае рашэнне аб базіраванні ў аэрапорце «Магілёў» новай рэактыўнай тэхнікі — самалётаў Як-40.
У 1977 годзе ўзведзены новы будынак аэрапорта (аэравакзал), які адказвае ўсім сучасным патрабаванням. Створаная да гэтага часу авіяцыйна-тэхнічная база для абслугоўвання самалётаў Як-40 і Ан-2 па аснашчанасці і вытворчых магчымасцях уваходзіла ў дзясятку лепшых у грамадзянскай авіяцыі СССР.
З Магілёва выконваліся ўнутрысаюзныя рэйсы, якія злучалі наш горад з Масквой, Ленінградам, Мінскам, Кіевам, Вільнюсам, Рыгай, Варонежам і іншымі гарадамі СССР. У сувязі з нарастаючымі аб’ёмамі работ, павялічыўся самалётна-маторны парк. Былі створаны 2 эскадрыллі самалётаў Як-40 (20 паветраных судоў) і 2 эскадрыллі самалётаў Ан-2 (больш за 40 судоў). На той час у Магілёўскім аэрапорце працавала каля 1300 чалавек. Быў зроблены капітальны рамонт узлётнай паласы, з павелічэннем яе даўжыні да 2566 м. Аэрадром прыняў першы самалёт Іл-76. На самалётах Ту-154 і Ту-134 выконваюцца чартарныя рэйсы.
У 1998 годзе аэрапорт «Магілёў» атрымаў статус міжнароднага аэрапорта, а ўжо ў ліпені 2000 года ён быў рэарганізаваны ў Магілёўскі філіял РУП «Белаэранавігацыя». У 2013 годзе праведзена рэканструкцыя ўзлётна-пасадачнай паласы і перона, павялічана колькасць стаянак для самалётаў тыпу Іл-76.
Зараз з нашага аэрапорта лётаюць Боінгі 737-800, самалёты грузавой і электраматорнай авіяцыі. Аэрапорт займае плошчу каля 200 гектараў. На гэтай тэрыторыі размяшчаюцца ўзлётна-пасадачная паласа, перон, адміністрацыйны будынак і іншыя дапаможныя службовыя збудаванні.
Самалёты сённяшняга дня істотна адрозніваюцца ад самалётаў мінулага стагоддзя. Яны змяшчаюць вялікую колькасць спецыялізаванага абсталявання: радыёнавігацыйнае, сувязь, радыёлакацыйнае, якое дазваляе самалётам лётаць без здарэнняў. Сённяшнія самалёты — самы бяспечны з усіх відаў транспарту. І дапамагаюць гэтаму людзі: лётчыкі і спецыялісты, якія знаходзяцца на зямлі і забяспечваюць палёты.
Магілёўскі аэраклуб
Аэраклуб у Магілёве быў створаны 11 красавіка 1935 года. У гэтыя гады жадаючых паступіць у аэраклуб было дастаткова. Але не ўсе праходзілі строгі адбор. Ад будучых курсантаў патрабаваліся адукацыя не ніжэй 7 класаў, добрае здароўе, пралетарскае паходжанне і характарыстыка ад камсамольскай арганізацыі. Заняткі праводзіліся па вечарах без адрыву ад вучобы альбо вытворчасці. Навучанне доўжылася каляндарны год. Пасля зімы пераходзілі да практычных палётаў на навучальных самалётах У-2. Да вайны было падрыхтавана 350 пілотаў.
Гісторыя аэраклуба непарыўна звязаная з аэрапортам. З пачатку функцыянавання аэраклуба курсанты разам з інструктарамі здзяйснялі палёты з адной узлётна-пасадачнай паласы.
Сёння у аэраклубе выкарас- тоўваюцца самалёты розных тыпаў. напрыклад, самалёт Ан-2 — для падрыхтоўкі парашутыстаў; самалёт Як-52 — для падрыхтоўкі лётчыкаў-спартсменаў, курсантаў Ваеннай акадэміі; самалёты Як-55 — аднамесныя самалёты — «акрабаты», на якіх нашы лётчыкі выступаюць на чэмпіянатах Еўропы і свету.
Магілёўскі аэраклуб на працягу трох дзясяткаў год рыхтуе зборную каманду Беларусі па самалётным спорце і лічыцца лідарам самалётнага пілатажу. Да васьмідзесяцігоддзя на базе Магілёўскага аэраклуба быў створаны музей пад адкрытым небам, у якім экспануюцца розныя тыпы самалётаў, а таксама адкрыта секцыя авіямадэльнага спорту.
Запісала Алёна Кухарава