Темы

Нядбайнасць дорага каштуе: што трэба ведаць пра пажары

Нядбайнасць дорага каштуе: што трэба ведаць пра пажары

Статыстыка вымушае задумацца
У абласным цэнтры прайшла акцыя «За бяспеку разам!», у межах якой супрацоўнікі Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях абследавалі больш за 2 тысячы домаўладанняў і кватэр. Але паслабляць пільнасць у пытаннях пажарнай бяспекі нельга як выратавальнікам, так і гараджанам. Пра аператыўную абстаноўку ў абласным цэнтры, меры перасцярогі і правілы бяспечных паводзінаў «Веснік Магілёва» паразмаўляў з начальнікам Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаславам Башарымавым.

-Вячаслаў Валянцінавіч, пра што кажа статыстыка? Чаму сёння важна акцэнтаваць увагу на тэме пажарнай бяспекі?

-Штогод у Беларусі адбываецца каля 6 тысяч пажараў, у выніку якіх гіне дастаткова вялікая колькасць людзей. Сёлета ў Магілёве ўжо адбыўся 131 пажар, загінула 8 чалавек. І калі ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года колькасць пажараў амаль не змянілася (летась іх было 132), то колькасць трагічных наступстваў істотна павялічылася (за дзесяць з паловай месяцаў 2024 года загінула 5 чалавек). Не магу не адзначыць, што толькі ў гэтым месяцы пашкоджанні атрымалі ўжо тры чалавекі — ад пажараў ці няправільнага выкарыстання сродкаў розжыгу і лёгкіх на загаранне вадкасцяў. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў свядомасці насельніцтва трэба рэгулярна актуалізаваць правілы бяспечных паводзінаў.

-Што часцей за ўсё прыводзіць да пажараў? На папярэджанне якіх сітуацый грамадзянам трэба асабліва звяртаць увагу?

-На першым месцы па распаўсюджанасці — парушэнне правілаў ужывання электраабсталявання. Толькі за гэты год такіх пажараў адбылося 59, амаль палова ад агульнай колькасці. Часцей за ўсё пажары здараюцца праз неасцярожнае абыходжанне з агнём. І з гэтай прычыны гіне найбольшая колькасць людзей. Сёлета нядбайнасць у абыходжанні з агнём прывяла да пажару ў 24 выпадках, а загінула пры гэтых абставінах 8 чалавек. Таксама пажары бываюць выкліканы курэннем у непрызначаным для гэтага месцы. За ўвесь 2024 год з гэтай прычыны адбылося 48 пажараў, на якіх загінула 6 чалавек. Адна з распаўсю-джаных прычын пажараў — парушэнне правіл эксплуатацыі газавых прыбораў і агрэгатаў — гэта прывяло да гібелі 2 чалавек. Як заўсёды, у восеньска-зімовы перыяд павялічваецца колькасць пажараў пры выкарыстанні печаў. Гэта найбольш характэрна для сельскай мясцовасці, але і ў Магілёве фіксуюцца падобныя факты. Сёлета такіх пажараў на тэрыторыі горада адбылося 16, большасць з іх звязаныя з выкарыстаннем лазняў. Не магу не адзначыць і тры выпадкі, калі да пажару прывяло дзіцячае свавольства.

Удакладніце, хто становіцца ахвярамі пажару? Якія абставіны спрыяюць узнікненню надзвычайнай сітуацыі?

Трэба разумець, што за людзі ўвайшлі ў трагічную статыстыку, каб справядліва і правільна прымаць рашэнні па папярэджанні такіх фактаў. З васьмі загінулых трое — людзі сталага ўзросту, пенсіянеры. Хутчэй за ўсё асаблівасці ўзросту пазбавілі гэтых грамадзян здольнасці захоўваць уласную бяспеку. Яшчэ два чалавекі вялі асацыяльны лад жыцця. У іх патрэба ва ўласнай бяспецы адсутнічае, яны памылкова лічаць, што пра іх павінен паклапаціцца хтосьці іншы. Хацелася б адзначыць, што да смяротнага зыходу ў гэтых двух выпадках прывяло адно і тое ж — курэнне ў ложку.
З прыкладаў адзначу наступныя: 3 кастрычніка на вуліцы Сурганава выратавальнікі эвакуявалі грамадзяніна ва ўзросце 67 год, які ў выніку патрапіў у медыцынскую ўстанову з апёкамі. Асноўная версія, чаму магло адбыцца здарэнне, наступная: хутчэй за ўсё грамадзянін курыў у ложку, што і прывяло да трагічных наступстваў. Сам жа мужчына ўскладніў сваё становішча тым, што знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. У такіх выпадках людзі не толькі ставяць пад пагрозу сябе, сваё жыццё і маёмасць, але і ствараюць рызыкі для суседзяў і родных. За гэта прадугледжана адміністратыўная адказнасць са штрафам да пяці базавых велічынь. Лічу, што ўсе гэтыя наступствы — занадта высокі кошт для адной цыгарэты.

Як пазбегнуць пажараў з гэтай прычыны?

-Напэўна, найбольш эфектыўным будзе забараніць самому сабе курыць у ложку. Калі ў хаце кураць, трэба выкарыстоўваць бяспечныя попельніцы з матэрыялаў, якія не гараць, дастатковай глыбіні. Таксама важна правяраць, ці добра затушаны цыгарэта ці запалка.

У надзвычайных здарэннях апошніх тыдняў прасочваецца пэўная тэндэнцыя. Часта ў інфаполі з’яўляюцца паведамленні пра тое, як людзі атрымліваюць пашкоджанні праз небяспечнае выкананне побытавых дзеянняў…

-Хачу адзначыць статыстыку кастрычніка — пачатку лістапада. Адбыўся ўсплеск выпадкаў, у якіх грамадзяне атрымліваюць траўмы, апёкі і пашкоджанні сваёй маёмасці. 5 лістапада ў адну з бальніц горада з апёкамі паступіў шасцідзесяціпяцігадовы грамадзянін. За свой нямалы век ён не зразумеў, што карыстацца бензінам трэба вельмі асцярожна. Пры рамонце даху свайго гаража ў ёмістасць з бітумам ён наліў бензін і падпаліў. Літаральна некалькі дзён таму ў бальніцу трапіла грамадзянка, якая паліла смецце ў бочцы на сваім участку. Для распальвання яна таксама выкарыстоўвала бензін, у выніку чаго атрымала апёк рукі. Не так даўно на Дняпроўскім бульвары малады чалавек гатаваў шашлык і празмерна наліў у мангал вадкасці для распальвання. У выніку атрымаў пашкоджанні скуры твару, галавы, рук. Канешне, усе гэтыя выпадкі — не пажары, гарэння не было. Аднак полымя вялікай сілы прывяло да негатыўных наступстваў.

-Якую параду дасцё жыхарам Магілёва? Як засцерагчы сябе і сваіх родных ад небяспекі?

-Найбольш эфектыўны сродак абароны ад пажару — аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Толькі ў 2025 годзе яны выратавалі 45 чалавек, з якіх 12 — дзеці. Гэта простая прылада, якая ўсталёўваецца на столю ці сцены. Ён каштуе каля 30 рублёў, але сапраўдны яго кошт — выратаваныя чалавечыя жыцці. Часта людзі спрабуюць казаць, што апавяшчальнікі непатрэбныя, жылі і без іх. Але я ў такіх выпадках адказваю: да пары. Хацелася б звярнуцца да грамадзян: бяспека ў вашых руках! Будзьце ўважлівымі і не ігнаруйце правілы бяспечных паводзінаў!
Падрыхтавала
Алёна Кухарава

За бяспеку — разам!
Асноўнай прычынай пажараў застаецца чалавечая бесклапотнасць. Таму супрацоўнікі Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць шырокую прафілактычную работу з насельніцтвам.
Асобую ўвагу выратавальнікі надаюць месцам пражывання адзінокіх грамадзян сталага ўзросту, адзінокіх людзей з інваліднасцю, сталых людзей, якія пражываюць з роднымі, што вядуць асацыяльны лад жыцця, сем’яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, грамадзян з асацыяльным ладам жыцця. Сёлета супрацоўнікі аддзела правялі інструктаж амаль для 6 тысяч чалавек, выступілі ў працоўных калектывах.
Акцыя паказала, што нягледзячы на рэгулярныя нагадванні правілаў бяспечных паводзінаў, у 658 месцах пражывання не былі ўсталяваныя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Пяць такіх выпадкаў датычацца сямей, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Последние новости

Общество

Вас выслушают — прямые телефонные линии 18 апреля

17 апреля 2026
Читать новость
Гороскоп

Гороскоп на 18 апреля для всех знаков зодиака

17 апреля 2026
Читать новость
Новости компаний

А1 отмечает 27 лет: обновленный магазин и суперскидки для клиентов

17 апреля 2026
Читать новость
Безопасность

Сжигание мусора при уборке на кладбищах запрещено!

17 апреля 2026
Читать новость
Общество

В Беларуси вводят запрет на вылов судака

17 апреля 2026
Читать новость
Образование

Живой и содержательный диалог

17 апреля 2026
Читать новость