
Алег Лісоўскі, вядомы краязнаўца і калекцыянер, уладальнік самай вялікай калекцыі гістарычных фотаздымкаў Магілёва, жыве і працуе ў Нямеччыне. Два гады таму ў Магілеве з поспехам прайшла яго фотавыстава «Невядомы Магілёў», дзе экспанаваліся здымкі, зробленыя нямецкімі вайскоўцамі ў гады акупацыі Магілёва (1941- 1944). Аўтар набыў здымкі за свае сродкі на аўкцыёнах у Германіі. І вось кніга. Раней у выглядзе кнігі выдаваліся яго пераклады гістарычных тэкстаў. Кніга – першы мастацкі твор. Гэта падарожжа ў невядомае містычнае мінулае Магілёва.



Выступоўцы, калегі, сябры і дарадчыкі кнігі Аляксей Бацюкоў, Ігар Адамовіч, Генадзь Галоўчык гаварылі пра твор, як ён ствараўся, чым пазнавальны і адметны для чытача, дзяліліся ўражаннямі аб прачытаным. Агульнае ўражанне вельмі добрае, — казалі сябры, кніга цікавая, захапляльная, дынаміка проста ашаламляльная, фантазія ў аўтара багацейшая і веды аб розных баках жыцця грамадства ў старадаўнія часы глыбокія. І напісана прыгожай беларускай мовай. Але кожны з нас па-свойму адкрые кнігу толькі тады, калі яе прачытае.
Кніга пісалася больш за пяць гадоў, пэўны час дапрацоўвалася, шукаліся сродкі і выдаўцы. Ілюстрацыі для выдання зрабіў магілёўскі мастак Ігар Аадамовіч. Па словах мастака, малюнкі ствараліся пад уздзеяннем ад прачытанага.
— Я сам выбіраў сцэны, якія мяне закранулі больш за ўсё!
Графіка Ігара Адамовіча была прадстаўлена на прэзентацыі, а з карцінамі можна будзе пазнаёміцца яшчэ на працягу тыдня.
Падчас прэзентацыі ўсе жадаючыя змаглі набыць новы захапляльны прыгодніцкі раман Алега Лісоўскага. Людзі ахвотна набывалі кнігу, выказваліся пажаданні аб перакладзе выдання на рускую мову.
Частка тыражу будзе адпраўлена ў кнігарні горада.
Уся падзея прайшла ў цёплай і добразычлівай атмасферы. Узрушаны быў такім сардэчным прыёмам і аўтар. Працяглымі апладысментамі прысутныя падзякавалі новага пісьменніка-земляка за новы ўнёсак, які ўслаўляе родны наш Магілёў!
Васіль Навічонак, фота аўтара