Пабачыла свет кніга Алеся Казекі «Песня роднай зямлі»

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла свет кніга Алеся Казекі «Песня роднай зямлі». У кнігу ўвайшла не толькі шматгранная лірыка (ад патрыятычнай да філасофскай), але і паэмы (такія, як «Марыйка», «Медуніца»), і паэтычныя апавяданні.

Творы Алеся Казекі – гэта філасофскія разважанні аб сэнсе жыцця, адносінах паміж людзьмі, аб месцы чалавека ў светабудове. Вялікую ўвагу паэт у сваёй творчасці ўдзяляе родным мясцінам, адлюстраванню жыцця сучаснай вёскі, прыгажосці роднай прыроды.

Іншы раз бывае так, што вершы якогась «засвечанага» паэта годна ўспрымаюцца і ацэньвацца спецыялістамі-філолагамі, але не маюць прызнання ў асяродку шэраговых чытачоў. З творамі Алеся Казекі не так. Яны запатрабаваны якраз людзьмі, далёкімі ад тэарэтычных практыкаванняў. Магчыма, у многім з-за таго, што таленавіты аўтар – не гуманітарый паводле адукацыі, таму не карыстаецца прафесійнымі шаблонамі і штучнымі вобразамі. Затое ён мае арганічную прыродную здольнасць ствараць сапраўдную паэзію. А гэта чытач заўсёды адчувае і цэніць.

Што мяне асабіста прываблівае ў паэзіі Алеся Казекі?

Прызнаюся, зусім не часта даводзіцца слухаць вершы, у якіх гэтак пранізліва-чыста гучыць голас шчырага пачуцця любові да Радзімы. Голас лірыка, філосафа, воіна. Голас Грамадзяніна.

Чытаеш «Радоўку» і «Час сяўбы» і нібыта апынаешся ў блізкіх да болю мясцінах маленства – аж сэрца пачынае заміраць-прыпыняцца, так хочацца вярнуць невяртаемае.

Адкрываеш паэму «Шлях» – агортвае неспазнаная трывога. Відно, што існуючы стан рэчаў моцна хвалюе паэта і яго хваляванне міжволі перадаецца чытачу.

І зусім у іншай іпастасі паўстае аўтар у паэме «Марыйка». Ён тут не апісальнік, не назіральнік, ён – непасрэдны ўдзельнік помнай жахлівай трагедыі. Душэўны боль, недаўменне, надзея – гэта толькі мізэрны пералік эмоцый, якія ахоплівалі мяне падчас прачытання твора.

Шматгранныя ў сваёй тэматыцы вершы, таленавітыя паэмы – патрэбная чытачам кніга.

Хай загучыць Песня.

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар

ОСТАВЬТЕ КОММЕНТАРИЙ

Please enter your comment!
Please enter your name here

Belarusian BE English EN Russian RU