Мова жывая, пакуль на ёй гавораць

Дзень роднай мовы — нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай.

Валодаць замежнымі мовамі сёння неабходна і прэстыжна: англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай. А роднай? Калі шчыра, каштоўнасць гэтага скарбу ўсведамляюць нямногія. На жаль. Мову вывучаюць у школе, нядрэнна разумеюць, але мала хто свабодна на ёй гаворыць і ёю карыстаецца. Прычыны гэтага называюць розныя: не хачу, не ўмею, саромеюся, баюся быць незразумелым ці якія іншыя. А можа, варта проста памяняць свае адносіны да мовы, адважыцца і пачаць?


У тэму

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва беларускую назвалі роднай мовай 53,2% жыхароў краіны — 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек. Дома на ёй размаўляе 23% насельніцтва. Асноўнай мовай зносін 70% назвалі рускую. У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. З іх амаль 84% назвалі сябе беларусамі.


Паспрабаваць хаця б на працягу аднаго дня, 21 лютага, гаварыць з калегамі, сябрамі, блізкімі на роднай мове.

Мы пацікавіліся ў тых, хто заўсёды размаўляе і думае па-беларуску, як яны прыйшлі да матчынага слова, i цi ўсё так дрэнна ў Магiлёве з беларускай мовай?

Алесь Казека, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусi:

— Я спачатку прыйшоў да асэнсавання неабходнасці запісваць думкі, якія прыходзяць у выглядзе вершаваных радкоў, на роднай мове. Хоць я і вясковы хлопец з Магiлёўшчыны, але атрымаў вышэйшую адукацыю і шмат гадоў пражыў у Расіі. І, скажу вам, размаўляў там на чыстай рускай мове. Без «гэкання» і «чэкання». Але мне хапіла паўгода пасля прыезду на радзіму, каб ізноў вярнуцца да таго дыялекту, на якім размаўляў да ад’езду. Запісваў вершаваныя думкі спачатку па-руску. Пісаць на роднай мове параілі сябры. Паслухаў. I зараз не шкадую.

Размаўляем мы, магілёўцы, ды і думаем у абсалютнай большасці сваёй на «трасянцы», або, як кажуць навукоўцы, на беларуска-рускай змешанай гаворцы. І гэта, я лічу, не залежыць ад адукаванасці ці інтэлекту суразмоўцаў. Так склалася гістарычна. Сярод маіх знаёмых толькі адзінкі імкнуцца гаварыць на чыстай рускай або беларускай мовах. Ды і тут чысціня мовы ў многім залежыць ад тых сацыяльных умоў, у якіх адбываецца размова.

Гістарычна склалася так, што ў нашым рэгіёне больш распаўсюджана руская мова. У нас дзве дзяржаўныя мовы. Для нас, пісьменнікаў Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, ды і не толькі, папулярызацыя беларускай мовы — гэта на сёння адна з найважных задач. Але і тут трэба заўсёды памятаць народную мудрасць: «Што занадта, тое не дужа».

Алег-Давід Лісоўскі, краязнаўца, спецыяліст IT, працуе i жыве ў Германii (г.Аусбург):

— Да свайго сораму, хачу сказаць, што ў школьныя і інстытуцкія часы беларуская мова мяне амаль не цікавіла. Верагодна, я не сустрэў настаўніка, які быў бы здольны паказаць і давесці ўсю важнасць роднай мовы, яе ролю і лёс. І да сталага выкарыстання беларускай мовы я дайшоў, як не дзіўна, ужо за мяжой. 10 год таму я пераехаў у Баварыю. І толькі пабачыўшы стан беларускай мовы звонку, з іншага боку, я зразумеў, што не важна, дзе я жыву, аднак я проста абавязаны зрабіць свой (няхай і невялікі) унёсак у адраджэнне і развіццё беларускай мовы.

Апошняй кропляй, якая схіліла мяне да гэтага, была размова з адным сябрам з Расіі. Ён сказаў: «Няма ніякай беларускай мовы, гэта ўсё выдумкі, бо ніхто не піша кнігі, не займаецца навукай па- беларуску. А, значыць, уся вашая мова — гэта толькі спектакль, гульня». У той момант я вырашыў, што калі раптам я буду рабіць нешта публічнае, то буду рабіць выключна па-беларуску. Каб ніхто не мог казаць, што па-беларуску нічога не робіцца. Пагэтаму ўсе свае гістарычныя праекты я вяду выключна па-беларуску. Свае пераклады ўнікальных гістарычных тэкстаў раблю толькі на беларускую мову (дзякуючы гэтаму мы маем зараз даволі вялікую колькасць гістарычных дакументаў, якія дагэтуль не перакладзеныя на рускую, але маюцца ў перакладзе беларускім). І нават свой гістарычна-прыгодніцкі раман, цалкам прысвечаны Магілёву, я напісаў па-беларуску.

У жыцці я з большага карыстаюся трымя мовамі, у залежнасці ад таго, хто мой субяседнік. І часам сапраўды не заўважаю, ці я зараз думаю па-беларуску, ці па-нямецку, ці па-руску.

На той момант, калі я з’ехаў з горада, у Магілёве з беларускай мовай усё было сумна. Я амаль не сустракаў людзей, што размаўлялі б па-беларуску ў звычайным жыцці.

Навучанне было настолькі сухім, што не выклікала ніякай цікаўнасці да роднага слова.
Але зараз, на мой погляд, пачаліся пазітыўныя рухі ў гэтай галіне. Бо беларуская мова робіцца ўсё больш моднай i запатрабаванай. Мовай моладзі і прагрэсу, а не людзей сталага ўзросту i жыхароў вёскі. І, я спадзяюся, гэты рух будзе толькі набіраць моц і хуткасць, і беларуская мова нарэшце адрадзіцца і зойме сваё ганаровае месца сярод моваў свету!

Падрыхтаваў Мiкалай IўлеЎ

ОСТАВЬТЕ КОММЕНТАРИЙ

Please enter your comment!
Please enter your name here