Да 120-годдзя Гаўрылы Гарэцкага

У гэтым годзе адзначаецца 120-годдзе выбітнага дзеяча Беларусі і нашага земляка — акадэміка, эканаміста, дэмографа, геолага, географа, археолага, грамадскага дзеяча, пісьменніка і публіцыста Гаўрылы Гарэцкага, брата вядомага славутага пісьменніка Беларусі Максіма Гарэцкага. Ва ўзросце 28 год Гаўрыла Гарэцкі быў абраны акадэмікам Акадэміі Навук Беларусі і з’яўляецца самым маладым акадэмікам за ўвесь час яе існавання.

Нарадзіўся Гаўрыла Гарэцкі 10 красавіка 1900 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Навучаўся ў Горках у каморніцка-агранамічным  вучылішчы і ў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе захапіўся грамадскім рухам і беларускай нацыянальнай культурай. 

Духоўным настаўнікам для Гаўрылы быў яго родны брат — класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, разам з якім у 1918 годзе ён напісаў руска-беларускі слоўнік. Пад уплывам брата выдае свае першыя літаратурныя творы ў беларускамоўнай газеце «Наша ніва». Працуе спачатку ў Горках і Смаленску. Друкуецца ў мясцовых выданнях пад псеўданімам Габрыэль Мсціславец. Піша на актуальныя тэмы народнай гаспадаркі і беларускай культуры. У гэты час малады Гарэцкі цікавіцца літаратурай і мовай, эканомікай і навукай, краязнаўствам і тэатрам. Яму ўсё цікава ў грамадскім і палітычным жыцці. Пры гэтым праяўляе вялікія арганізатарскія здольнасці і стварае ў навучальных установах беларускія студэнцкія таварыствы, у  якія ўваходзіць па некалькі сот чалавек. Прымае чынны ўдзел у значных палітычных падзеях нашай краіны. 

Вось як праз шмат гадоў у сваіх успамінах узгадвае Гаўрыла Іванавіч абвяшчэнне савецкай Беларусі ў студзені 1919 года: «Абвяшчэнне рэспублікі застала мяне ў Смаленску. Я тады працаваў стэнаграфістам у Абласным камітэце Заходняй вобласці і некаторыя падзеі, а таксама трохі атмасферу ў Смаленску напярэдадні абвяшчэння БССР памятаю. Тады толькі і гаворкі было, што рыхтуецца абвяшчэнне Беларускай рэспублікі. Пра гэта гаварылі ўсе. У Смаленску ў тую пару ўжо былі Чарвякоў, Жылуновіч, Шантыр, Дыла… Памятаю Чарвякова. Хадзіў бедна апрануты, у паношаным салдацкім шыняльку, і зваўся ён беларускім камісарам. Так яго тады ўсе называлі. І гаварыў ужо ён па-беларуску. У тыя дні ён усюды з сабою насіў і вазіў «Этнаграфічную карту Беларусі», складзеную Карскім і тэрмінова выдрукаваную Белнацкамам. Ён раздаваў яе ўсім знаёмым і тым, каго цікавіў лёс Беларусі, яе будучыня. У гэтую карту тады ўсе ўглядаліся па-асабліваму. Вакол яе паўставала шмат гаворак, разваг і спрэчак. На аснове ж яе павінны былі  быць вызначаны межы нашай рэспублікі. Карта тая тады была вельмі патрэбная і ў пару выдрукаваная, добра выдадзеная, з адпаведным тэкстам, каментаром. Чарвякоў і мне падарыў адзін паасобнік гэтай карты. «Ад беларускага камісара» — такі аўтограф паставіў ён на маім паасобніку…» 

У 1920 і 1922 гадах бальшавікі арыштоўваюць Гаўрылу Іванавіча, справа ішла да высылкі з краіны ў Германію. Але настойлівыя просьбы, каб пакінулі на Беларусі, прынеслі свой плён, і Гарэцкі застаецца працаваць у Мінску. У часы НЭПа разам з групай вядомых навукоўцаў распрацоўвае эканамічную канцэпцыю «Беларусь — чырвоная Данія». Наведвае з камандзіроўкамі Германію, Польшчу і Данію. Піша некалькі грунтоўных манаграфій па эканоміцы. Выдае свае вядомыя навуковыя працы: «Народны прыбытак Беларусі», «Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы (нацыянальны склад насельніцтва Заходняй Беларусі)». 

Быў запрошаны чытаць лекцыі ў славуты Кембрыдж. Але па палітычных прычынах паездка не адбылася… Ва ўзросце 28 год Гаўрыла Гарэцкі быў абраны акадэмікам Акадэміі Навук Беларусі і з’яўляецца самым маладым акадэмікам за ўвесь час яе існавання! Прызначаецца дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. 

Пабраўся шлюбам з Ларысай Парфяновіч, з якой у каханні і згодзе пражылі разам 65 год. У іх нарадзіліся два сыны: Усяслаў, якога назвалі ў гонар вядомага полацкага князя, і малодшы сын Радзім. У 1930 годзе Гарэцкага арыштоўваюць і высылаюць на будаўніцтва Беламор-Балтыйскага канала. Гаўрылу Іванавіча пазбаўляюць усіх званняў і пасадаў, і ён працуе звычайным рабочым на цяжкай фізічнай працы з кіркой і рыдлёўкай. Усяго ў жыцці гэтага нязломнага чалавека было 5 арыштаў, яго двойчы прыгаворвалі да расстрэлу. Але нейкім цудам удалося выжыць, набыць самавукам новую спецыяльнасць геолага і ўжо ў часы вайны працаваць на абарончых рубяжах, праводзячы інжынерна-геалагічныя даследаванні. 

У 1940-х гадах ён апантана займаецца навуковай дзейнасцю і абараняе кандыдацкую і доктарскую дысертацыі ў сферы геалогіі. 

Пасля смерці Сталіна быў рэабілітаваны, піша ў Мінск лісты з просьбай дазволіць вярнуцца на Радзіму ў якасці любога шэраговага супрацоўніка… Але атрымлівае адказы. Мара Гарэцкага аб вяртанні на Беларусь здзяйсняецца толькі ў 1968 годзе. Яму вяртаюць званне акадэміка. На Бацькаўшчыне ў Гаўрылы Іванавіча адкрываецца «другое дыханне» і, акрамя працы і навукі, ён прымае чынны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. Прыкладае вялікія намаганні па выданні твораў Максіма Гарэцкага, распрацоўвае новы навуковы напрамак — палеапатамалогію, стварае на Беларусі моцную геалагічную школу… 

Гаўрыла Іванавіч пражыў напружанае, поўнае творчай актыўнасці жыццё і памёр 20 лістапада 1988 года. Здзейснілася і яшчэ адна цікавая задума Гарэцкага — пад Мінскам быў створаны ўнікальны музей валуноў. На плошчы 6 гектараў, стылізаванай мапе Беларусі, размешчана больш за дзве тысячы ледніковых валуноў — своеасаблівы доўгавекавы помнік нашаму славутаму земляку.

 Алег Дзьячкоў

1 КОММЕНТАРИЙ

  1. Багата наша Магілеўшчына на таленавітых людзей! Дзякуй Алег за цікавы артыкул!

ОСТАВЬТЕ КОММЕНТАРИЙ

Please enter your comment!
Please enter your name here

Belarusian BE English EN Russian RU