Беларуская дыктоўка: зрабі да роднай мовы крок

У свеце шмат цудоўных моў. І кожная з іх вабіць нас сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю. Але ў кожнага чалавека ёсць адна родная мова — тая, на якой з ім размаўляла маці…

У гэтым годзе свята роднай мовы ў Магілёве склалася цікавым і шматвектарным. У прыватнасці, да салодкай імпрэзы ў цэнтры горада і традыцыйнай дыктоўкі ў Палацы вобласці дадаліся дыктоўка ў бібліятэцы Карла Маркса і ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова.

Праблема выбару зазвычай вырашаецца цяжка. Няпроста было і мне. Але, крыху павагаўшыся, крочыла ў альма-матэр. Па-першае, як кажуць, дома і сцены дапамагаюць. А, па-другое, дзе яшчэ так добра можна адчуць сабе вучням ці студэнтам, як не ў сур’ёзнай установе вышэйшай адукацыі?

У чытальнай зале ўніверсітэцкай бібліятэкі быў сапраўдны аншлаг. На мерапрыемства, ініцыяванае ўніверсітэтам, Магілёўскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і Магілёўскім аддзяленнем Беларускага Саюзу журналістаў, адгукнуліся студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі ўстановы, прадстаўнікі рэктарата, журналісты… Свабоднае месца трэба было яшчэ пашукаць.

Сказаць, што хвалявалася, — не сказаць нічога. Нягледзячы на тое, што ведала — з бізуном побач ніхто стаяць не будзе і вынік дыктоўкі будзе вядомы толькі самому ўдзельніку, лёгкае трымценне пераадолець было цяжка. Як перад выхадам на сцэну ці ў чаканні спрынтэрскага старту.

Урэшце Беларуская дыктоўка 2020 «Зрабі да роднай мовы крок!» пачалася. Добра пастаўленым голасам вядучая інфармацыйных праграм радыё «Магілёў», дарэчы, былая студэнтка вуза, Марына Касьянава пачала няспешна даносіць да прысутных урывак з аўтабіяграфіі знакаміцейшага класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, з дня нараджэння якога сёлета спаўняецца 90 год. «Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе. Хто забыў сваю мову — усё згубіў», — сказаў некалі майстар слова, і аспрэчваць гэта цяжка.

Слова за словам, коска за коскай, сказ за сказам… І вось ужо не застаецца ніякага хвалявання. А толькі жаданне добра справіцца з заданнем ды асалода ад магчымасці спрычыніцца да сакавітай і яскравай мовы Караткевіча.

Імкліва праляцеў час дыктоўкі, і вось мы ўжо суадносім свае вынікі з арыгіналам. І адчуваем задавальненне ад добра зробленай работы.

І ад чарговай спробы самаідэнтыфікацыі. Як слушна заўважыў мой сусед па «парце», кіраўнік аддзела аператыўнай паліграфіі Аляксандр Роскач: «Каб ведаць, адкуль мы, і хто мы такія. І каб колькасць нас не змяншалася».

Алег Дз’ячэнка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу рэспублікі Беларусь, прарэктар па вучэбнай працы:

— Першы раз прымаю ўдзел у беларускай дыктоўцы. Вельмі спадабалася! У будучым планую ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, што будуць папулярызаваць родную мову сярод насельніцтва і сярод калег.

Святлана Шутава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Ад дыктоўкі атрымала задавальненне! Заўсёды хацела прыняць удзел у такім мерапрыемстве, але не атрымлівалася. У гэтым годзе якраз усё супала: і час працы ў акрузе, і дыктоўка. Таму вырашыла, што гэта — лёс. Больш таго, я прымала ўдзел і ў Літаратурным марафоне. Вельмі рада, што праводзяцца такія мерапрыемствы. Прыемна, што да роднай мовы праяўляюць цікавасць не толькі нашы студэнты, але і замежныя.

Марына Касьянава, вядучая інфармацыйных праграм радыё «Магілёў»:

— Я хвалявалася. Мне пашанцавала прыняць удзел у гэтым значным, адметным мерапрыемстве і прачытаць цудоўны ўрывак з тэксту знакамітага беларускага класіка. Міжнародны дзень роднай мовы — вельмі важны дзень, і зразумела, што трэба вучыцца размаўляць па-беларуску. Можа, камусьці будзе складана, але ж калі кожны дзень хоць крышачку пачытаць нешта, нават таго ж Караткевіча, ужо будзе вынік. А беларуская мова — адна з мілагучнейшых моў у свеце!

Віталь Еўмянькоў, дацэнт, кандыдат філалагічных навук:

— Такая дыктоўка праходзіць у нашым універсітэце ўпершыню. І гэта добра, што зроблены такі значны крок, бо Магілёў — пераважна рускамоўны горад. Беларуская мова — гэта падмурак нашай духоўнай культуры, нашай дзяржаўнасці, Вялікая кітайская сцяна нашай незалежнасці. І чым часцей яна будзе ўжывацца, тым больш трывалымі і моцнымі мы будзем!

Аляксандра ПРОНЬКІНА
Фота Ольга Емельянова 

ОСТАВЬТЕ КОММЕНТАРИЙ

Please enter your comment!
Please enter your name here

Belarusian BE English EN Russian RU