Ещё

    Віктар Арцем’еў: публіцыст, краязнаўца, чалавек

    Ужо колькі год крочыць па горадзе гэты незвычайны чалавек. Вока заўжды выдзяляе яго з натоўпу, бо разумовы працэс, які адлюстроўваецца на ягоным твары, не прыпыняецца ніколі. Апошнім часам яго можна пабачыць з кійком: найстарэйшы пісьменнік Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў сакавіку гэтага года адзначыў 95-гадовы (!) юбілей.

    А яшчэ ў яго цудоўная ўсмешка: калі ўсміхаецца, погляд становіца па-хлапечы гарэзным.

    Гэта другое інтэрвью ў ягоным жыцці, прызнаецца мой суразмоўца. І мы паволі размаўляем: аб жыцці, літаратуры, мове, Радзіме…

    — Тое, што з намі адбываецца ў дарослым жыцці, заўсёды мае карані ў дзяцінстве. Якой была бацькоўская сям’я і наколькі вам у ёй было камфортна?

    — Нарадзіўся я на хутары Чарэйцаў Круг вёскі Радзішчына Шклоўскага раёна, быў трэцім сярод дзяцей і першым сынам. Бацька быў старшынёй калгаса, маці хадзіла на палявыя працы. Бабуля Хадора таксама працавала ў калгасе і завіхалася па гаспадарцы. Яна для мяне, па трапным выразе Івана Пехцерава, была як для Пушкіна Арына Радыёнаўна. Расказвала нам, дзецям, казкі, пела песні… Мы жылі побач з лесам і двума невялічкімі балотцамі. Зімой босыя выскоквалі, каб пракаціцца па лёдзе. А потым беглі дамоў, каб адагрэцца на цёплай печы. А ўлетку слухалі жаўрукоў, шпакоў, вельмі любілі прыроду.

    Наш хутар быў з шасці двароў, і зімой у нас часта былі вячоркі. Распавядаліся цікавыя рэчы, а я слухаў і запамінаў. Дарэчы, каб я не напісаў пра Чарэйцаў Круг, напэўна, ніхто б ня ведаў, што быў такі хутар… Бацька браў мяне на калгасныя сходы, і мне таксама было цікава слухаць вострыя спрэчкі. А калі вучыўся ў школе, часта падыходзіў да групы дзядоў, слухаў іх гамонку і шмат чаго запомніў з фальклору. Аб усім гэтым я напісаў у сваёй творчай аўтабіяграфіі «Мае дарогі да прыгожага беларускага пісьменства».

    — То бок, Вашыя ўніверсітэты пачаліся яшчэ ў дзяцінстве?..

    — У 4-5 гадоў мне ўжо даручалі пасвіць кароў. А калі споўнілася 6, бацька запрог двух паслухмяных коней, і я баранаваў лён на калгасных палетках. А ўлетку бегаў глядзець, як ён расце… Нажаль, сённяшнія дзеці, хоць і добрыя, цудоўныя, нават лепшыя, чым мы, але ж кніжак не чытаюць, прыроду не бачаць, не любуюцца ўсходам і захадам сонца, асабліва гараджане. А галоўнае — яны не працуюць, таму губляюць гарманічнае развіццё.

    Мне было каля шасці год, калі сёстры ўжо хадзілі ў школу і зубрылі вершы. Я запамінаў лепш і хутчэй за іх, і мне вельмі хацелася вучыцца. Таму, калі настаўнік, які прыйшоў да сясцёр, адмовіўся запісаць мяне ў школу, я стаў плакаць. І тады ён сказаў бацькам, маўляў, хай крыху паходзіць, стане цяжка і кіне… Але ж я вучыўся прылежна і за ўвесь час прапусціў усяго некалькі дзён, калі хварэў, а таксама з-за завірухі, што не давала дабрацца да школы. Ісці кіламетр па бездарожжы ў лапцях было цяжка. У 41-м годзе я скончыў сямігодку.

    — Вы былі падлеткам, калі пачалася вайна. Ведаю, што яна пакінула значны след у жыцці, бо шмат Вашых кніг — аб ёй.

    — Так, гэта дакументальна-мастацкія творы. Аб тым, што бачыў сам, альбо чуў ад непасрэдных удзельнікаў падзей. Для мяне вайна пачалася не знянацку. У газетах пра гэта пісалі, і людзі казалі аб тым, што будзе вайна. Але ніхто не думаў, што яна прыйдзе да нас. Вайну я ўбачыў у сне недзе за месяц да яе пачатку. Бачыў крыжы на нямецкіх самалётах, якія нідзе не мог падгледзець. І калі прыйшлі немцы і сталі лётаць самалёты, на іх былі тыя ж крыжы, што ў маім сне. І за тыдзень да вызвалення таксама бачыў сон…

    Вайна адразу зрабіла мяне дарослым. Бацька добраахвотнікам пайшоў на фронт, таму ўся мужчынская праца была на мне. Стрыечаны брат пайшоў у партызаны, а мая маці стала яго сувязной. Маці мне давярала: што ведала яна, тое ведаў і я. А што ведаў я пра немцаў і паліцаяў, тое распавядаў ёй…

    У сяле быў пісар, які ўсім радзішчанцам памяняў год нараджэння: маладых зрабіў яшчэ маладзейшымі, каб пазбеглі згону ў Нямеччыну, а сталых — яшчэ сталейшымі, каб ім не трэба было хадзіць на працу.

    Я быў замардаваны працай, не рос, у 18 год, калі скончылася вайна, быў ростам 1,56 і весам 40 кг. Так што ў ваенкамаце мяне забракавалі… Пакуль скончыў культасветвучылішча, падрос на 8 сантыметраў. А вес так і застаўся ранейшым.

    — Вы абралі адну з самых мірных прафесій — бібліятэкара…

    — Я вельмі любіў чытаць. Маімі ўлюбёнымі пісьменнікамі былі Купала і Колас, Некрасаў і Пушкін. У мяне быў атэстат выдатніка, таму прынялі без экзаменаў. У 48-м годзе скончыў бібліятэчнае аддзяленне культасветвучылішча. Працаваў у Парычах загадчыкам раённай бібліятэкі, потым у Магілёўскім упраўленні культуры аблвыканкама — на розных пасадах. Калі працоўны дзень заканчваўся, я яшчэ да 10 гадзін вечара пісаў розныя артыкулы, таму што ў час працы гэтым няма калі было займацца. Потым 19 гадоў працаваў выкладчыкам бібліятэчнага тэхнікума. І ўжо на пенсіі — сторажам-пажарным Палаца піянераў. Там было вельмі цікава — сустрэў шмат каго з вядомых артыстаў, якія прыязджалі ў Магілёў на гастролі.

    — Вам шанцавала на цікавых людзей?

    — Так, бачыў Макаёнка і Уцёсава, сустракаўся з Іванам Шамякіным і Нілам Гілевічам. Але асобыя адносіны звязвалі мяне з Аляксеем Пысіным. Ён прайшоў усю вайну, бачыў шмат крыві, быў вельмі мудрым… Мы сябравалі больш за 25 год і вельмі давяралі адно аднаму. Ён быў мне як духоўны бацька. Калі ён памёр, я 10 гадоў не мог пра яго пісаць. Пачынаю — і слёзы з вачэй. А потым зрабіў аб ім добрую сотню артыкулаў і напісаў шмат кніжак.

    — Што для Вас беларуская мова? Вы на ёй пішаце, размаўляеце. Якое месца займае яна ў жыцці?

    — Заахвоціў мяне да яе таксама Пысін, які казаў, што толькі на той мове, з якой ты нарадзіўся, можна выказацца таленавіта. На іншых мовах таксама можна пісаць, але той якасці ўжо не будзе.

    На працягу дзесяці год я рыхтаваў у Магілёве сустрэчы з пісьменнікамі, размаўляў з імі. Кожнага тыдня хтосьці абавязкова прыязджаў. За гэты час у Магілёве пабывала больш за паўтары сотні пісьменнікаў…

    Родная мова — гэта аснова нацыі. Без мовы нацыі быць не можа. Зараз у Магілёве амаль не засталося тых, хто размаўляе на беларускай мове. А калі на ёй не размаўляць, яна адамрэ. І літаратура будзе бяднейшая. Яна ўжо бяднейшая…

    — У чым сакрэт вашага даўгалецця — і творчага, і фізічнага?

    — У дзяцінстве я быў вельмі хваравіты — што толькі да мяне не чаплялася — і сыпны тыф, і запаленне легкіх, і бясконцыя атыты… Потым і грыжа, і язва, і гланды… Карацей, букет. А ў 10 год захварэў на шкарлятыну. Бацька завёз мяне ў лякарню і думаў, што бачыць мяне апошні раз, таму што ўрачы сказалі, што хутчэй за ўсё я памру. Зараз у бальніцах няма нянек, а да вайны ў кожнай бальніцы былі нянечкі, асабліва там, дзе ляжалі дзеці. І нянечка стала мяне ўгаворваць з’есці хоць лыжачку, каб паздаравець. А жыць мне хацелася. Так і пачаў пакрысе есці. І ўрэшце ачуняў. Але бясследна хвароба не прайшла — дала ўскладненне на вуха. Стаў дрэнна чуць, і амаль увесь час шуміць у галаве. Маёй сястры зараз 101 год, яна старэйшая жыхарка Валожына. Дык скардзіцца мне на тое, што ў яе раз-пораз шум у вушах. А я з гэтым шумам 85 год жыву (пасміхаецца).

    Да 33 гадоў не жаніўся, баяўся, што памру, а дзеці малымі застануцца. Але потым пераасэнсаваў погляды і ўсё ж ажаніўся.

    — Былі шчаслівы ў сямейным жыцці?

    — Спачатку — не, а потым — шчаслівы.

    — Прытрымліваецеся нейкага распарадку дня?

    — Ніколі не прытрымліваўся. Але ж залатую сярэдзіну паважаю. Лічу, лепш не даесці, чым пераесці. Сам сабе гатую: халадзец, кашы, супы, запякаю бульбу. 20 гадоў вучыўся, але ж толькі сёлета пачаў добра пекчы бліны. Таксама вару варэнне і салю гуркі… П’ю жэньшэнь, ем горкі шакалад. І шмат сплю — трэба ж падтрымліваць сілы. Кладуся спаць у 12 гадзін ночы, таму што найбольш добра адчуваю сабе ўвечары, недзе пасля шасці, і тады магу чытаць, пісаць, рэдагаваць, займацца іншымі справамі.

    — Вы ўжо ў зусім сталым узросце асвоілі камп’ютар…

    — Трэба гэта было зрабіць яшчэ раней. Шчыра кажучы, камп’ютар з інтэрнэтам — гэта дзевяціглавы змей. З аднаго боку, вельмі добрая рэч, а з другога — такая пачвара, якой яшчэ на свеце не было (пасміхаецца).

    — Добра разбіраецеся ў людзях?

    — Калі я яшчэ не хадзіў у школу, то сапраўды бачыў людзей. Яшчэ метраў за сто ад чалавека ўжо ведаў, дрэнны ён ці добры. А калі падрос, зразумеў, што не памыляўся.

    — Які ў вашым успрыманні добры чалавек?

    — Той, які кажа праўду. Калі людзі хлусяць, я трымаюся ад іх на адлегласці. Падабаецца, калі чалавек сумленны і справядлівы. І валодае тымі якасцямі, аб якіх казаў Ісус Хрыстос.

    — Верыце ў яго?

    — Хацеў бы верыць… І было б вялікім цудам, калі б людзі змаглі яго пабачыць.

    — Лічыцца, што чалавек шчаслівы, калі яму цікава жыць. Вам цікава жыць?

    — Было цікава. Зараз не заўсёды, асабліва калі пагаршаецца здароўе.

    «Усё жыццё варочаў я каменне, араў глыбокім плугам цаліну. Спяшайцеся, шыбуйце, пакаленні, а я стаміўся, крышку адпачну». Гэтыя, крыху пераробленыя мной пысінскія радкі, зараз адпавядаюць майму стану.

    Аляксандра ПРОНЬКІНА
    Фота Ганны СТАШКЕВІЧ

    Спраўка «ВМ»: Віктар Арцем’еў — аўтар амаль двух дзясяткаў кніг, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаурэат літаратурнай прэміі імя Якуба Усікава Магілёўскага абласнога Саюза пісьменнікаў Беларусі, бібліёграф славутага паэта Аляксея Пысіна, вядомы беларускі краязнаўца, крытык, публіцыст.

    Самые интересные новости Могилева в нашем Telegram! Подписывайтесь!

    Последние новости

    «Школьный кубок» определил сильнейших

    Городская спортландия «Школьный кубок» для членов ОО «БРСМ» среди учащихся учреждений общего среднего образования Могилева прошла 1 февраля на базе спортивного комплекса Белорусского государственного...

    Строительство жилья и благоустройство стали ключевыми темами на приеме граждан у Исаченко в Могилеве

    Вопросы строительства жилья и благоустройства территорий стали ключевыми на личном приеме граждан у председателя Могилевского облисполкома Анатолия Исаченко в Могилеве, передает корреспондент БЕЛТА. На личный...

    В коллективе Дорожно-мостового предприятия обсудили «пьяный» инцидент

    Ранним утром 26 января сотрудники ГАИ в районе дома №3 по проспекту Шмидта в Могилеве остановили два трактора, которыми управляли водители Дорожно-мостового предприятия. Согласно...

    «Прямую телефонную линию» проведет Татьяна Осокина 2 февраля  

    2 февраля с 9.00 до 12.00 по тел. 41-88-06 управлением по труду, занятости и социальной защите Могилевского горисполкома будет организована «прямая линия». На вопросы,...

    Судебные эксперты объясняют, почему не нужно есть мухоморы

    Дело было вечером, делать было нечего… Так начинаются многие истории, которые заканчиваются весьма печально. В декабре парень и три девушки 15-16 лет решили получить...

    Другие материалы рубрики