Темы

Законы ваеннага дзяцінства

Законы ваеннага дзяцінства

«Веснік Магілёва» працягвае праект «Вайной апаленыя лёсы», у якім мы распавядаем пра тых, хто ў невялікім узросце сутыкнуўся з фашысцкай навалаю, — апошніх захавальнікаў памяці пра падзеі васьмідзесяцігадовай даўніны.

Законы ваеннага дзяцінства
Шэсць год. Так мала, калі жыццё несупынна ляціць, адматваючы дзесяцігоддзі. І так многа, калі гэтыя шэсць — адзіныя ў жыцці, дзе мог бесклапотна гуляць, не ведаючы, што такое вайна. Менавіта столькі было Антону Захаравічу Падабудчыку, калі ён разам з сям’ёй апынуўся ў партызанскім атрадзе. Перажытае ў дзяцінстве назаўсёды пакінула свой адбітак: ён стаў ваенным, каб больш не дапусціць ворага на нашу зямлю.

Учора быў мір
Да вайны сям’я Падабудчыкаў жыла ва Украіне. Тата, Захар Фёдаравіч, служыў у вайсковай частцы ў Корастані. А мама, Вольга Адамаўна, займалася гаспадаркай і трыма дзецьмі. Старэйшы з іх, Антон, яшчэ хадзіў у дзіцячы садок, займаўся сваімі забавамі.

Пачатак вайны памятаю добра: мне ўжо ішоў шосты год. Раніцай тата разбудзіў нас і загадаў хутка апранацца. Я — 1935 года, брат — 1937-га і сястра 1939-га. Нас пасадзілі ў адкрытую легкавую машыну. Маці схапіла платок, штосьці туды кінула, на рукі ўзяла дачку. Я трымаўся за маміну спадніцу, брат за руку. Бацька завёз нас на таварную станцыю. Ехалі і, памятаю, мяне, малога, здзіўляла: калі глядзіш блізка, дарога пад коламі машыны бяжыць хуценька, калі далёка — рухаецца марудна…
Вось такія мірныя думкі займалі тады хлопчыка.
У таварным цягніку Вольга з дзецьмі рушыла ў Гомельскую вобласць, да сваіх бацькоў. А Захар як палітработнік да апошняга заставаўся на месцы службы.

Ва Украіне мы жылі ў невялікім гарадку амаль на мяжы, бамбёжак там не было, толькі з гулам ляцелі вераніцы самалётаў. А калі дабраліся да Гомельскай вобласці, насустрач нашаму цягніку, а ехалі мы на адкрытай платформе таварнага вагона, выляцеў самалёт з крыжамі. Мама спужалася, схапіла нас у ахапку, а самалёт пакруціўся — ляцеў так нізка, што мы бачылі твар лётчыка, — і паляцеў далей.
Памяць і сёння паказвае Антону Захаравічу ваенныя ўспаміны з дзяцінства.

Сцежка да лесу
У Беларусі Падабудчыкі спыніліся ў роднай вёсцы мамы, дзе жылі бабуля і дзядуля. Дзе Захар і што з ім, — сям’я не ведала. А хутка прыйшлі немцы.

Гэта быў нейкі батальён на машынах. Салдаты зайшлі да дзядулі ў сад, нам, дзецям, гэта, канешне, было цікава. Што я тады мог разумець? У вёсцы немцы прабылі два дні, за гэты час пералавілі курэй, з’елі яйкі і сала. Я, як старэйшы з дзяцей, паспрабаваў прабрацца да машын і разгледзець іх, але немцы далі мне пінка і пагразілі пальцам, — з ценем усмешкі на вуснах узгадвае Антон Захаравіч. — Тады яны яшчэ нікога не забівалі і не здзекваліся.
А тыдні праз тры ў Фаставічы завіталі іншыя немцы. І да таго часу, як яны дабраліся да вёскі, людзі ўжо ведалі, што іх чакае новы парадак. Вольга разумела, што ёй, жонцы ваеннаслужачага, з фашыстамі лепш не сустракацца, таму з дзецьмі праз балота рушыла ў лес. Там аднавяскоўцы-мужчыны зладзілі шалашы з яловых лапак, у якіх людзі пражылі яшчэ два-тры дні.

Раптам праз сон я пачуў голас бацькі. Яго частку ва Украіне на той час ужо разбілі, і ён з таварышамі прыйшоў у Беларусь: тут арганізавалі партызанскі атрад. Так уся наша сям’я далучылася да партызанаў, — адзначыў Антон Захаравіч.
Калі фашысты пачалі ўсталёўваць свой лад, і іншыя вяскоўцы масава пайшлі ў партызаны. Пры партызанскім атрадзе знаходзілася і Вольга з дзецьмі. Неаднойчы Захар прапаноўваў ёй выправіць малых у Расію. Але кожны раз атрымліваў адмову.
Вольга хутка ўключылася ў партызанскую працу: гатавала ежу, даглядала раненых, прала адзенне і перавязачныя матэрыялы, начамі выпякала для партызанаў хлеб у вясковых хатах. А Антон сачыў за малодшымі братам і сястрою. І толькі адзін раз бацька даў сыну заданне.

Каля шашы навязалі карову, мне загадалі яе пасвіць, а таксама падлічваць машыны, што праязджалі. Лічыць я не ўмеў. Тады тата прыдумаў, каб я на кожную машыну адкладваў каменьчык, а дарослыя пасля палічаць.

Агульная перамога і сямейны лад
Калі фашыстаў канчаткова прагналі з беларускай зямлі, Падабудчыкі пачалі будаваць сваё жыццё у Любані.

Калі атрадам мы прыехалі ў горад, бацька пачаў запытваць у жыхароў, якія хаты пустуюць. Так мы і размясціліся, пачалі жыць. Тату прызначылі ў так званы «парткабінет», які займаўся работай з насельніцтвам акупаванай зоны. Увогуле за сваё жыццё ён паспеў пабыць рэдактарам газеты, папрацаваць у Райспажыўсаюзе, сакратаром партарганізацыі ў калгасе.

9 мая 1945 года для Антона Захаравіча Падабудчыка стала адным з першых яркіх успамінаў мірнага жыцця. Тады хлопчык ужо адчуваў сябе дарослым: збіраўся ісці ў першы клас, у яго з’явіліся сябры і свае дзіцячыя заняткі. Аднойчы ён з таварышамі дацямна паліў касцёр. А калі вярнуўся дамой, то ўбачыў на двары маленькага хлопчыка.

Я яму кажу: ты хто? А ну-ка ідзі адсюль! А ён у слёзы — і пабег да нас у хату. Аказалася, што з Уфы вярнуліся дамоў гаспадары-яўрэі. Так мы зажылі разам: іх чацвёра і нас пяцёра. А ў 45-м у мяне яшчэ з’явіўся брат (усяго Захар і Вольга Падабудчыкі выгадавалі пяцёра дзяцей).

Пасля вызвалення Беларусь паступова пачынала жыць па мірных законах: жыхары гарадоў і вёсак наладжвалі побыт і працягвалі працаваць на карысць краіны, якая ўсё яшчэ змагалася з фашысцкай навалаю, а дзеці пайшлі ў школу. Першы раз за партай апынуўся і дзевяцігадовы Антон Падабудчык.

Вучыліся як маглі, бо ў школе нічога не было. Пісалі на газетных аркушах, чарніла рабілі самі з сажы, якія-ніякія кніжкі сталі з’яўляцца, бацька часам прыносіў крыху паперы. Ісці да школы было тры кіламетры. Але школьныя гады ёсць школьныя гады, са сваімі радасцямі і нягодамі, — па-філасофску рэзюмуе успаміны дзяцінства Антон Захаравіч.

Вайна яшчэ доўга нагадвала пра сябе: хтосьці шчасліва сустракаў родных і блізкіх, што прыйшлі дамоў жывымі, хтосьці радаваўся вяртанню дамоў з эвакуацыі і вымушанага перасялення. А дзеці, як і ва ўсе часы, забаўляліся зусім не дзіцячымі гульнямі, нагоды для якіх ім шчодра пакінула ў спадчыну вайна.

Мы, дзеці, пасвілі кароў, знайшлі нямецкі склад, а там снарады. Выбівалі з іх кулю, порах высыпалі, падпальвалі… А то і малаточкам б’еш па патроне… Хлопцы кідалі снарады ў касцёр і падрываліся. Я, шчыра прызнаюся, глушыў з дапамогай таго арсеналу, што застаўся пасля вайны, рыбу. Была ў мяне і граната, але я яе своечасова аддаў бацьку. Гуляліся з самаробнымі пісталетамі, да якіх прывязвалі патроны і падпальвалі. Але ніколі ў сваіх гульнях мы не накіроўвалі зброю на чалавека. Маглі пабіцца палкамі, кулакамі, аднак ніколі не выкарыстоўвалі зброю. Гэта быў закон.

Выбар на ўсё жыццё
Калі хлопец збіраўся ісці ў восьмы клас, захварэла маці. Давялося прапусціць год школы. Усе хатнія клопаты ляглі на юнацкія плечы. Выпусціўся са школы Антон ужо дарослым — яму споўніўся 21 год. Як і бацька, ён вырашыў стаць ваенным. Ажыццявіць мару і прайсці адбор у лётнае вучылішча пад Ленінградам не атрымалася: хлопец прыехаў паступаць і заначаваў у ваенкамаце, ноччу захаладаў, а раніцай не змог прайсці медкамісію. Пакуль разбіраўся з несправядлівым дыягназам, прыём завяршыўся. Па спецнаборы Антон усё ж патрапіў у радыялакацыйныя войскі, адкуль праз год паступіў у вучылішча сувязі ў Арзамасе.

Пакуль вучыўся — памёр бацька. Таму пасля выпуску я выбраў для службы ракетныя войскі ў Полацку, каб быць бліжэй да сям’і. Там пазнаёміўся з жонкай Лідзіяй. Адразу жыццё ў нас пайшло складана: праз два дні я на месяц з’ехаў у камандзіроўку. Ёй такі расклад жыцця не вельмі падабаўся, але з часам прызвычаілася.

Праз пяць год пачалася педагагічная кар’ера Антона Захаравіча Падабудчыка: ён прыняў прапанову паехаць служыць курсавым афіцэрам у ваеннае вучылішча ў Стаўрапалі. Паступова развіваўся прафесійна: вучыўся ў інстытуце, атрымліваў павышэнні па службе і новыя званні. Скончыў службу ў званні палкоўніка. Далёкаму каўказскаму гораду беларус аддаў 25 год жыцця.

Служба задавальняла і мяне, і жонку. Штогод летам, калі курсанты ішлі на канікулы, мы на месяц выпраўляліся ў адпачынак. Пасля смерці бацькі я даў маме зарок, што кожны год буду прыязджаць дамоў.
Жыццяпіс ветэрана Узброеных Сіл СССР Антона Падабудчыка не прыцягвае ўвагу пярэстасцю. У ім — адданая і шчырая праца, узнагароды за добрую службу, шчаслівае сямейнае жыццё. Разам з жонкай ён выхаваў сына, у сталым узросце вярнуўся на Радзіму і яшчэ паспеў праявіць сябе ў грамадскай актыўнасці, папрацаваць на карысць нашага горада. Але ніякая сцірка не зможа выдаліць з кнігі яго жыцця адзін з першых, трывожных і страшных радкоў, у якім гучыць слова «Вайна».

Пра самае важнае

-Ваш самы яркі ўспамін з дзяцінства?

— Калі Беларусь вызвалілі і наш атрад выходзіў з балот, мы ехалі праз высокі сасновы лес. Тата сказаў партызанам, што трэба ліквідаваць супрацьтанкавыя міны: сапёры іх знялі з дарогі і пайшлі далей, а яны так і ляжалі і маглі стаць прычынай трагедыі. Дарослыя сабралі гэтыя міны, вывезлі далей у лес. І падарвалі. Перад вачыма стаіць такая карціна: сонца села, лес, магутныя, тоўстыя дрэвы як хто мячом ссек. А пасля прагучаў выбух.

-Якое рашэнне ў вашым жыцці было самым важным?

-Адмовіцца ад мары стаць лётчыкам. Я разумеў, што дома мне рабіць няма чаго, у лётнае я не прайшоў… Таму паступіў у вучылішча сувязі. Гэта сфарміравала маё жыццё.

-Які наказ вы дасцё моладзі?

-Будзьце адзінымі! Беражыце мір! А ўсяго астатняга можна дабіцца сваёй працай.

Алёна Кухарава
Здымкі аўтара і з архіва героя

Последние новости

Гороскоп

Гороскоп на 20 мая для всех знаков зодиака

19 мая 2025
Читать новость
Безопасность

Мошенническая схема в сфере добровольного страхования раскрыта

19 мая 2025
Читать новость
Общество

Прямая телефонная линия по вопросам предпринимательской деятельности

19 мая 2025
Читать новость
Образование

Учащиеся могилевского класса правовой направленности «Юный прокурор» побывали на экскурсии в прокуратуре

19 мая 2025
Читать новость
Безопасность

Слово специалистам. Отвечает участковый инспектор

19 мая 2025
Читать новость
Культура

Концерт органной музыки пройдет в Могилеве 25 мая

19 мая 2025
Читать новость