Адкрыццё выставы «Вуліца жыцця»Аляксандра Ліціна

Фатографы, мастакі, журналісты, неабыякавыя да свайго горада магіляўчане сабраліся ў музеі Бялыніцкага-Бірулі, каб стаць удзельнікамі чарговай мастацкай падзеі — адкрыцця выставы «Вуліца жыцця» вядомага магілёўскага фатографа, гісторыка і архівіста Аляксандра Ліціна.

Гэтым разам у фокусе аб’ектыва фотамастака апынулася вуліца Лазарэнкі – у мінулым вельмі знакавая для горада фундаментальная Віленская, што вяла на захад, да Вільні.

Калі вядомы чалавек стварае незвычайны праект, гэта заўжды падзея. Фотападарожжа па Віленскай, якая надзвычай яскрава адчула на сабе подых часоў, што мяняюць усё, — і людзей, і будынкі, і саму прастору, — настолькі моцна зачапіла эмоцыі прысутных, што стала амаль катарсісным.

Аляксандр Ліцін нарадзіўся літаральна ў пяцістах метрах ад «вуліцы жыцця», хадзіў у 2-ю школу, што і зараз стаіць тут, і памятае, якой яна была ў 60-я і 70-я гады мінулага стагоддзя. Але ж, зразумела, фотаздымкаў таго перыяду амаль што не існуе. Затое ёсць творчы погляд на вуліцу дзяцінства за апошнія 12 год, калі яна пачала мяняцца кардынальна. І ў выніку стала зусім непазнавальнай. Не горшай ці лепшай — проста зусім іншай. Стварылася новая прастора і ўзнікла новае асяроддзе. Дагэтуль у Магілёве нічога падобнага не было, і для аўтара было неабходным паказаць гэты момант. Бо жывапісец — не толькі той, хто можа пісаць яскрава і трапна, а хто здольны нават у зусім невялікім дыяпазоне раскрыць шырокую палітру фарбаў, думак, перажыванняў і… любві, без якой творчасць немагчымая ў прынцыпе.

Незвычайная канцэптуальная выстава ў чарговы раз прадэманстравала, што Ліцін — не проста фатограф, а фатограф, які вельмі схільны да эмпатыі і валодае талентам бачыць прыгожае побач. Нават калі прыгажосць гэта — прыгажосць згасання.

Ужо даўно няма на гэтай вуліцы адметнай крамы «На паўгары» і дах былога выцвярэзніка — яшчэ аднаго выбітнага месца — колькі год схаваны пад спецыяльнай будаўнічай тканінай. Але ж ёсць магіляўчане, якія нарадзіліся тут і любяць свой горад, і занатоўваюць яго ў мастацкіх творах, думках і меркаваннях, і могуць шмат што пра яго распавесці, і, дарэчы, робяцьі гэта — прынамсі на выставе.

І цудоўна, што ёсць абноўлены музей — тэрыторыя творчасці і крэатыву, асяроддзе, што дазваляе мастаку выказацца. Усё гэта вялікімі намаганнямі стварыла мастачка і дырэктар музею Святлана Строгіна.
Гісторыя Магілёва пішацца сучаснікамі. Мы змяняем свой горад, а ён у сваю чаргу змяняе нас. Толькі вось у які бок? І што будзе з гэтай вуліцай потым, праз пяць ці десяць год?.. Пытанні, на якія пакуль няма адказаў.
Стары Магілёў пакрысе зыходзіць у гісторыю. І добра, што ёсць такі фатограф Аляксандр Ліцін, які ўзяў фотаапарат і пайшоў яго здымаць. Каб засталася памяць аб спадчыне.

Выстава будзе працаваць да 30 лістапада. Час дакрануцца да «Вуліцы жыцця» яшчэ ёсць.

Аляксандра Пронькіна, фота Алісы Фарбер

ОСТАВЬТЕ КОММЕНТАРИЙ

Please enter your comment!
Please enter your name here